Мяснік у бібліятэцы

№ 5 (1235) 30.01.2016 - 05.02.2016 г

Як выжываюць кніжніцы за мяжой у сітуацыі "нечытання"
Сітуацыя “нечытання”, адтоку чытачоў з кожным годам пагаршае становішча ў бібліятэках па ўсім свеце. Чаго толькі не робяць бібліятэкары ў эпоху Інтэрнэту, каб застацца "на плаву" і прыцягнуць увагу карыстальнікаў да сваіх фондаў і паслуг! Мяркую, шмат і не робіць гонару бібліятэкам, але — с’est la vie! Пакуль жа прапаную ўважліва прыгледзецца да вопыту замежных калег. Мо ў ім знойдзем і каліва карыснага для беларускіх рэалій.

/i/content/pi/cult/571/12515/13-1.jpg“Бібліятэкі распрадаюць патрыманыя кнігі”, “Камісіёнка ў бібліятэцы”, “Мяснік у бібліятэцы”, а яшчэ там жа рэпетыцыя здачы экзаменаў, міні-гольф, прышчэпкі ад грыпу, выдача насення ці электралямп, танцавальныя класы, боўлінг, семінары па азеляненні або нядзельным шопінгу, майстар-класы кавальскай справы і вужэння на муху… Мяркую, усім зразумелыя тэндэнцыі развіцця бібліятэчнай галіны: лішніх фінансаў няма, максімальна задзейнічайце не толькі ўнутраныя, але і знешнія рэзервы, скарачайце выдаткі, памяншайце колькасць супрацоўнікаў…

Звернемся да статыстыкі

У гадавой справаздачы Інстытута дзяржаўных фінансаў і бухгалтарскай справы Вялікабрытаніі паведамляецца, што публічныя бібліятэкі гэтай краіны губляюць чытачоў і зачыняюцца. Больш за палову ўстаноў працуе толькі 10 гадзін цягам тыдня. Акрамя таго, у сярэднім на чалавека прыпадае 4,3 візіта ў бібліятэку на год. Усяго паслугамі “публічак” у гэтай дзяржаве карыстаецца 8 мільёнаў чалавек, у той час як у 1997 годзе такіх асоб было ўдвая больш. Зменшылася і колькасць выдадзеных кніг: з 411 мільёнаў у 1997 годзе да 209 мільёнаў у 2014-м. На жаль, толькі за адзін год колькасць бібліятэкараў у Англіі скарацілася на 1000 чалавек.

Нацыянальная бібліятэка Кітая таксама апублікавала справаздачу аб стане бібліятэк краіны. Паводле яе, многія сельскія бібліятэкі выклікаюць трывогу: яны, па сутнасці, трансфармаваліся ў інтэрнэт-кавярні. Не дзіва, бо многія вясковыя ўстановы — сведчаць у Пекіне — як правіла, слаба фінансуюцца і адчуваюць хранічную нястачу кніжных навінак. Затое бібліятэчныя камп’ютары спрытныя маладыя карыстальнікі выкарыстоўваюць для онлайн-гульняў, а не для чытання. Гэтая практыка характэрная і для студэнтаў ва ўніверсітэцкіх кніжніцах.

Што на продаж?

Тым не менш, у большасці выпадкаў сродкі ў сферу прыцягваюцца за кошт мерапрыемстваў, набліжаных да бібліятэчнай справы. Публічныя бібліятэкі ЗША цягам апошніх 10 гадоў сталі актыўна распрадаваць свае калекцыі друкаваных кніг, часопісаў, кампакт-дыскаў, відэа-, магнітафонных запісаў і кружэлак. Гэта звязана і з аб’ёмам дарэнняў усіх гэтых фарматаў з боку карыстальнікаў. (Чаму здзіўляцца, калі ў ЗША зачыніліся многія кнігарні!) Такія распродажы папаўняюць скарбніцу асобнай рэгіянальнай сеткі ўстаноў у сярэднім на 50 тысяч долараў у год. У дзень распродажу з самай раніцы вакол бібліятэкі — чарга з пакупнікоў, ахвотных набыць выданне па зніжаным кошце. Некаторыя бібліятэкі на пастаяннай аснове ствараюць невялікія стацыянарныя крамкі для продажу такіх тавараў. На што ідуць атрыманыя сродкі? Найперш на рознага кшталту бібліятэчныя праграмы — кінасеансы, шоу марыянетак, кулінарныя класы...

Незвычайны спосаб зарабіць

У адной з амерыканскіх публічных бібліятэк (а гэты раздзел амаль цалкам пра іх досвед) з’явілася бясплатная двухслойная туалетная папера з рэкламай, надрукаванай соевай фарбай. Усё проста: ахвотнікі плацяць за аб’яву, а бібліятэка дзякуючы незвычайнаму носьбіту аб’яў зарабляе ў год каля 70 тысяч долараў. Незалежная публічная бібліятэка Уорхама штогод прыцягвае спонсарскія сродкі пад турнір па міні-гольфе, лункі для якога ўсталёўваюць паміж… кніжных паліц. Мясцовы бізнес з ахвотай пастаўляе для імпрэзы інвентар з уласнай сімволікай. У публічнай бібліятэцы Франкліна валанцёры ладзяць распродаж патрыманага (у добрым стане) дзіцячага і падлеткавага адзення ды аксесуараў (з папярэдняй рэгістрацыяй на сайце ўстановы як прадавец ці пакупнік). Карысць для бібліятэкі — частка выручкі ад продажаў і магчымасць дарыць непрададзеныя рэчы сямейным цэнтрам. У актавай зале публічнай бібліятэкі графства Юніан цягам тыдня прадаюць крыху паношаныя сукенкі для выпускных баляў, а таксама вясельныя строі і аксесуары. Дырэктар кніжніцы Карэн Коул падзялілася з прэсай меркаваннем, што збіраецца і надалей праводзіць такія продажы: бацькі гатовы прыносіць уборы дачок і надалей, а некаторыя сукенкі дорацца або прадаюцца бібліятэцы па вельмі нізкай цане!

Сацыяльны падтэкст

Праўда, многія бібліятэкі нічога не зарабляюць у час уласных жа акцый, з’яўляючыся толькі пляцоўкамі для атрымання-перадачы тавараў. Так, дзевяць амерыканскіх “публічак” акругі Лакавана ўдзельнічаюць у месячніку “Выключна джынсавы студзень” для збору ўжо ўжыванага адзення для пацыентаў мясцовага шпіталя — людзей з рознымі псіхічнымі захворваннямі. Для прыёму рэчаў на абанементах усталяваны маркіраваныя пластыкавыя кантэйнеры. У горадзе Базальт кніжніца ў дадатак да друкаваных выданняў на рукі выдае і... насенне. Удзельнікі эксперымента вырошчваюць з яго гародніну і садавіну, а з ураджаю вяртаюць насенне ў бібліятэку для іншых аматараў садаводства. Дырэктар бібліятэкі Барбара Мільнар кажа, што “ўдзел у працэсе ператварэння насення ў плод вельмі карысны для фарміравання псіхікі дзяцей і падлеткаў, якім неабходна пераключыць увагу з гаджэтаў на жывую прыроду”. Вопыт Базальта пераняў яшчэ тузін устаноў. А больш за сорак амерыканскіх бібліятэк сталі ўдзельнікамі праграм “Зрабі сам” і “Прастора для дэталей”. Кліенты гэтых бібліятэк могуць узяць у часовае карыстанне інструменты з інструкцыямі для хатніх і іншых работ. Некаторыя ўстановы прапануюць арандаваць тэлескопы, музычныя інструменты, маніторы для ўліку спажывання электраэнергіі, пілы і адбойныя малаткі. А жыхары каліфарнійскага Анахайма могуць разлічваць на дзве бясплатныя энергазберагальныя лямпачкі цягам года ў сямі аддзяленнях мясцовай публічнай бібліятэкі. Для гэтага ім неабходна ўсяго толькі прад’явіць пасведчанне асобы з фатаграфіяй і рахункі за камунальныя паслугі.

Жыхары Корнуэла рэгіструюць у “публічцы” нараджэнні, шлюбы і смерці, у некаторых населеных пунктах маюцца пункты паліцэйскай справаздачнасці (там карыстальнікі могуць, скажам, заявіць аб страчаных рэчах або пазнаёміцца з заканадаўствам — лічы, наш Публічны цэнтр прававой інфармацыі).

Алена КАПЫТОК, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева

(Заканчэнне артыкула чытайце ў адным з наступных нумароў.)