Мечыслаў Ялавецкі. "Вільня".
Сёння ў нас рэстаўруюцца або рыхтуюцца да рэстаўрацыі дзясяткі архітэктурных помнікаў. Задача спецыялістаў — максімальна дакладна ўзнавіць аблічча гэтых аб’ектаў, ад якіх часам мала што засталося. Дзейснай дапамогай для даследчыкаў становяцца архіўныя матэрыялы: успаміны сучаснікаў, фатаграфіі, малюнкі… Згадайце, якую карысць для гісторыкаў, архітэктараў і аматараў даўніны прынеслі графічныя і жывапісныя работы Напалеона Орды, які адлюстраваў для нашчадкаў выявы нашых архітэктурных шэдэўраў. Былі і тыя, хто працягнуў ягоную справу.
Па абавязку працы часта вывучаю вопісы архіўных фондаў, музейныя калекцыі. Нядаўна натрапіў на незвычайны фонд. Захоўваецца ён у Стэнфардскім універсітэце. Гэта фонд Мечыслава Ялавецкага. Да Першай сусветнай вайны ён працаваў на ўрад Расійскай імперыі, курыраваў сельскую гаспадарку, шмат вандраваў па Беларусі, Польшчы, Літве. Быў вядомы як пісьменнік, дыпламат, палітык, але архівы раскрылі яшчэ адну ягоную іпастась — мастака. У фондзе Ялавецкага больш за тысячу малюнкаў, на якіх адлюстраваны палацы, замкі, цэрквы, сядзібы, у тым ліку і беларускія. Я не першаадкрывальнік гэтай калекцыі. У 2013 годзе яна была адлічбавана і перададзена польскім і літоўскім даследчыкам, якія займаюцца аховай і адраджэннем гістарычнай спадчыны. Шкада, але да Беларусі копіі так і не дайшлі. А публічнага доступу да фонду няма. Дык мо прыцягненне ўвагі да згаданай калекцыі паспрыяе таму, каб усе ахвотныя ў нас на ўласныя вочы ўбачылі частку таго, чым мы калісьці ганарыліся?
Кожная копія каштуе 15 долараў. Значыць, не абысціся без фундатарства, прыватнага і дзяржаўнага. Выкупіць копіі — справа нашага нацыянальнага гонару.
Уладзіслаў КУЛАКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея