Бабруйск быў каралеўскім…

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Напярэдадні новага, 2016 года супрацоўнікі Бабруйскага краязнаўчага музея падрыхтавалі новую музейную анімацыю “Калі Бабруйск быў каралеўскім”. Цяпер у жыхароў горада з’явілася магчымасць перанесціся на чатыры сотні год назад і апынуцца на рынкавай плошчы ў чаканні каралевы, якая пасля гасцявання ў князя Сапегі ў Ружанах павінна завітаць у Бабруйск.

/i/content/pi/cult/570/12508/3-2.jpg

Падчас музейна-інтэрактыўнай праграмы.

Вядома, што на працягу некалькіх стагоддзяў Бабруйск з воласцю быў вялікакняжацкім (каралеўскім) уладаннем. У 1639 годзе Бабруйскае стараства Рэчыцкага павету Менскага ваяводства было запісана Цэцыліі Рэнаце, якая атрымала яго ад мужа Уладзіслава IV у якасці вена для забеспячэння пасагу жонкі.

Большасць вялікіх і сярэдніх гарадоў Вялікага Княства Літоўскага да сярэдзіны XVII стагоддзя атрымала права на самакіраванне, аднак Бабруйск у лік гэтых гарадоў не ўвайшоў. Тут не было створана спрыяльных умоў для развіцця гандлю і рамёстваў, якія мелі гарады з выбарчымі органамі кіравання. Каралева Цэцылія Рэната толькі аднаму гораду ў Бабруйскім старастве дала ў 1643 годзе прывілей на магдэбургскае права і назвала горад у гонар сына — Казімірам (сёння вёска Каралёва Слабада Светлагорскага раёна Гомельшчыны).

Тым не менш, кароль Уладзіслаў IV займаўся ўпарадкаваннем гандлю на бабруйскім рынку — яшчэ ў 1629 годдзе ён выдаў спецыяльную “Уставу”, а таксама даў гораду права праводзіць кірмашы два разы на год: на “зялёныя святкі” і на свята Трох Каралёў — па два тыдні кожны.

Сёння ў Бабруйску мала хто памятае пра свята Трох Каралёў. Жыхары дзевяці еўрапейскіх краін адзначаюць яго 6 студзеня. Пазнаёміцца з традыцыямі гэтага свята магчыма і ў нашым горадзе праз удзел у інтэрактыўнай музейнай анімацыі.

Іна АЎСЕЙЧЫК, старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея