Кароль смеху. Канешне ж, у чорным чаравіку
Сталыя чытачы нашай газеты ўжо заўважылі, што часам героямі інтэрв’ю ў рубрыцы “Рэдакцыя плюс…” становяцца не толькі дзеячы беларускай культуры. Згадайма хаця б гутарку з лідарам украінскага гурта “Акіян Эльзы” Святаславам Вакарчуком. Мы маем спадзяванне, што вам цікавыя такія сустрэчы, і будзем старацца практыкаваць іх надалей. А сёння на пытанні журналістаў выдання адказвае адзін з найвялікшых сучасных французскіх акцёраў, чые талент і майстэрства прызнаныя ва ўсім свеце, улюбёнец савецкай і постсавецкай публікі П’ер РЫШАР, які 19 лютага прадставіць у сталіцы свой монаспектакль “П’ер Рычард III”. Так, гэта той самы высокі бландзін, прыняты за мацёрага суперагента; журналіст, які стаў для распешчанага падлетка цацкай; няўдака-рабаўнік, што спрабаваў дзеля дачкі абчысціць банк; настаўнік-“батанік”, якi шукаў сына, і іншыя крыху бязладныя грамадзяне. Карыстаючыся цяперашнім слэнгам, большая частка кінематаграфічных персанажаў, сыграных ім, — тыповыя лохі. І нягледзячы на тое, што былі ў яго біяграфіі кінаролi людзей зусім іншага кшталту, што вядомы ён як сур’ёзны рэжысёр і акцёр тэатра, для пераважнай колькасці гледачоў Рышар застаецца артыстам, амплуа якога і заключаецца ў тым, каб весяліць. Перайначваючы тэкст арыі Містара Ікс, заўсёды быць клоўнам — лёс яго: лёс караля смеху...