Слова пра вялікую прагу

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог
Мяне як педагога вельмі ўзрушыла, што сёлетні год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры. Гэта не толькі пачэсна, але і вельмі актуальна. Сумна, што нярэдка менавіта культура застаецца на задворках, а стаўленне некаторых суайчыннікаў да гэтай сферы ў ідэале павінна быць значна лепшым і больш свядома асэнсаваным.

/i/content/pi/cult/570/12498/5-4.jpgЗ аднаго боку, у нас безліч устаноў культуры: тэатры, кінатэатры, музеі, бібліятэкі, філармоніі, выставачныя залы, палацы культуры ў гарадах, мястэчках і вёсачках і гэтак далей. Праводзіцца мноства міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў і форумаў. Беларуская культура арыгінальная ды ўнікальная традыцыямі, перададзенымі нам у спадчыну. Мы, канешне, пастаянна ўзбагачаліся і культурнымі здабыткамі нашых суседзяў з Усходу, Захаду, але здолелі захаваць уласны творчы падмурак.

Але, з іншага боку, многія з нас гадамі, а то і дзесяцігоддзямі абыходзяць увагай установы культуры, лічаць гэта дробязна-факультатыўным. Адсюль — запаўненне сваёй душы паскудствам. Скажу больш: многія сталі абыякавымі, вульгарнымі, няветлівымі, пасіўнымі, неміласэрнымі… І як горка і балюча, што некаторыя нашы музыканты, мастакі, пісьменнікі, іншыя дзеячы культуры вымушаны дажываць свой век забытымі, у адзіноце...

Культура з вялікай літары — магутны творчы сінтэз жыццёвага і мастацкага. Яна — амаль заўсёды сінонім інтэлекта, высакароднасці. За апошнія гады інтэлект нацыі нешта пахіснуўся. Для многіх кнігу замяніў Інтэрнэт. Але зірніце толькі, як не стае пісьменнасці онлайну…

Лічу, што культура — гэта перш за ўсё высокая мера чалавечнасці ў самім чалавеку. Ніколі нельга забываць таго, што крызіс культуры ў грамадстве з’яўляецца і крызісам нашых душ. Сёлета адзначым 125-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Славуты прарок нашай Бацькаўшчыны так звярнуўся да нас: “Як кожны народ мае сваю нацыянальную душу, так ён мае і свой асаблівы склад (стыль) творчасці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Ёсць ён і ў нас, беларусаў, і мы мусім звярнуцца да яго, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу светавой культуры, каб уліць у нашую паэзію свежыя сокі, каб стаць бліжэй да душы роднага народа, лепш паталіць яе духоўную смагу і запраўды ўзяцца за вялікую працу: развіццё беларускай народнай культуры”. Больш і дадаваць нічога не варта.