Які лёс чакае музей Тарасюка?

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Ларыса БЫЦКО, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра
На Стары Новы год, 14 студзеня, у дзень Святога Васілія памёр Мікола Тарасюк. Прайшоў роўна год. А здаецца, усё адбылося толькі ўчора…

/i/content/pi/cult/570/12497/5-3.jpgУ суботу, 9 студзеня, на гадавіну ў Стойлы, дзе жыў знакаміты майстар, з’ехаліся сваякі і сябры Тарасюка. Людзей было няшмат, але атмасфера была вельмі душэўнай. Многія згадвалі дзеда, розныя ягоныя прыгоды і ўчынкі. Казалі пра яго вельмі цёпла, часам нават рагаталі. Такі ён быў неардынарны чалавек, што і ўспаміны аб ім — цікавыя і, можна сказаць, неардынарныя...

Дарэчы, у Міколы Тарасюка засталіся дзве родныя сястры. Марыя, старэйшая (ёй 85), на яго падобная і знешне, і ўнутрана. Таксама мае тонкі гумар, як у ейнага бацькі. А жыве яна цяпер у Брэсце, у мікрараёне Бярозаўка, куды перавезла са Стойлаў маміну хатку з пячным ацяпленнем. Падчас маразоў можа ў хату перасяліць і качак. Усё, як і ў Тарасюка. Мы з мужам часам жартуем, што аматарам майстра не трэба ехаць у Стойлы: дакрануцца да стойлаўскай атмасферы можна і ў Бярозаўцы. Малодшая сястра Тарасюка, Вера, жыве ў вёсцы Дымнікі разам з мужам, унучкай і праўнучкай. Пасля паніхіды ў суботу Марыя і Вера папрасіліся, каб мы падвезлі іх да магілы мамы. Без слёз не магла глядзець, як гэтыя бабулькі ішлі па заснежанай дарозе да могілак…

Таксама на мерапрыемства прывезлі з-пад Дамачава лепшага сябра майстра Аляксандра Максімавіча, што жыў раней у вёсцы Ганчары. Яны на дваіх трымалі коніка. Аляксандр Максімавіч цікава распавядаў пра дзеда Міколу і шкадаваў, што з цягам часу згіне ягонае імя і ягоны музей...

Мы з мужам гэты год пражылі ў смутку па Тарасюку. Падкатвае ком да горла, калі прыязджаеш у спусцелыя Стойлы. З іншага боку, шмат папрацавалі, з сябрамі-разьбярамі і нямецкім прадстаўніцтвам асацыяцыі народных універсітэтаў пабудавалі і ўсталявалі драўляны манумент каля сядзібы майстра. Ды і ўвогуле цягам года пра Тарасюка і лёс ягонага музея я распавядала падчас выступленняў з дакладамі і прэзентацыямі на канферэнцыях розных узроўняў (раённых і міжнародных), пісала праекты. Але пакуль ніхто гэтым не зацікавіўся…

Як хацелася б, каб у Стойлах захаваўся музей “Успаміны Бацькаўшчыны”! Гэта ж найцікавейшы культурна-турыстычны аб’ект у нашай Беларусі! І менавіта пра гэта марыў і спадар Мікола: “Я роблю для народа. Займаюся Батьковшчыной. Мынэ ны будэ, а моя Батьковшчына останыцця!”. Помню, яшчэ гадоў за пяць да ягонай смерці, кожны раз, калі я прыязджала ў Стойлы, ён абдымаў мяне і пачынаў плакаць. Трасліся яго схуднелыя плечы, рукі… І кожны раз ён задаваў мне ўсё адно пытанне: “Дытына, шо будэ з моім музеем? Што з ім будэ?”…

Прайшоў год… Ягоныя дзеці дасюль ніяк не вызначацца, што ім рабіць са спадчынай бацькі. Мо таму і раённым уладам цяжка сёння прыняць рашэнне, якое задаволіла б усіх… І што будзе ў выніку — так пакуль і не зразумела нікому…

Людцы, можа вы падкажаце, як захаваць музей “Успаміны Бацькаўшчыны” Міколы Тарасюка? Мне, як і майстру, хочацца тое спытаць. Можа, вы ведаеце адказ?