Скрозь церні ў… нікуды

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Аляксей ШАДЗЬКО, акцёр Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага, музыкант
У Маскву я пераехаў больш за 7 гадоў таму, і з расійскай сталіцы амаль не цікавіўся тым, што адбываецца ў беларускім шоу-бізнесе, рок- і іншай музыцы. Мне не тое каб усё роўна — часу няма.

/i/content/pi/cult/570/12496/5-2.jpgУ хуткаплынныя візіты ў Мінск часу таксама асабліва не стае на гэты “занятак”. Тэлевізар трошкі гляджу. Мо гэта мне так пашанцавала, але неяк напароўся на цэлы “вывадак” метал-гуртоў. Нешта такое залімітава цяжкае выконвалі на беларускай мове. Неяк пачуў песню пра шкарпэткі ў фольк-манеры, таксама на беларускай. У галаве нават мелодыя затрымалася, вось каб не пра шкарпэткі... Я разумею, што гэта гумар такі. Але мастацтва не павінна быць для суседкі па пад’ездзе. Дакладней, яно павінна быць для такой дамы ў тым ліку, для дамы, як для вектара, што заахвоціў да творчага акту. А калі музыкант зацыкліваецца на “творчасці для кагосьці”, то і атрымліваюцца альбомы з тузіну песень "для суседкі". Мне не цікавая творчасць, якая, умоўна кажучы, не вырашае пытанні Сусвету — у нашым выпадку скрозь прызму музыкі. Я гатовы дараваць спеваку кашу ў роце, магу не звяртаць увагі на недасканалыя тэксты, калі людзі, якія ствараюць песні, ставяць перад сабой сапраўдныя мэты. Тэкставы і меладычны радок мае ляцець да нябёсаў. А рабіць нешта проста так і тым больш прытрымлівацца нейкай песеннай моды, — не для мяне. Не можа быць Мастацтва модным.

Яшчэ разглядаю на вуліцах афішы. Сярод “a-ha” і Співакова бачу анонсы канцэртаў гурта “J:морс”. Ужо добра, значыць, жывыя, працуюць, нешта новае пішуць, альбом “Паветра” у іх выйшаў. Або канцэрт гурта “Trubetskoy”: дрэнна, напэўна, што “Ляпіс Трубяцкі” разваліўся, але на яго месцы ўтварыліся дзве каманды. “Trubetskoy” я пакуль не чуў, “Brutto” чуў — так, брута.

Хай мяне назавуць белай варонай, чалавекам некампетэнтным і дылетантам, ні разу не экспертам, не крытыкам і не музыказнаўцам (якімі я, на шчасце, і не з’яўляюся: талент абышоў мяне ў гэтых адносінах), але ў 2008-м, калі я з’язджаў у Расію, у нас была, на мой погляд, цалкам уежная музыка. Папса папсой, так, яна ў любой краіне жудасная; нармальная папулярная, масавая музыка, створаная, вядома, усё яшчэ пад уплывам вялікай і магутнай савецкай эстрады (лепш бы пад заходнюю, але карма ў нас такая); сацыяльны рок… З папсой і эстрадай і сёння ўсё цудоўна, што не можа не радаваць, а сацроку стала менш, як мне падалося. Слушная злосць з яго знікла. Тое дрэнна...

Што мне яшчэ падабаецца? Тое, што ўсякія цяперашнія конкурсы кшталту “Голаса” і “Галоўнай сцэны” так беларусаў моцна не зацягнулі. Было нешта падобнае, але такія праекты, мабыць, давялі сваю бесперспектыўнасць, нават бессэнсоўнасць. Як засведчылі расійскія аналагі, па вялікім рахунку іх лаўрэаты, пераможцы вядомымі артыстамі так і не сталі. Дэкларавалася, што конкурсы пакліканы адкрываць новыя, вартыя таго імёны, насамрэч жа яны ператварыліся ў спаборніцтвы. Хто з членаў журы найбольш цікавую аранжыроўку прыдумае свайму “студэнту”? Хто з супернікаў на кароткім адрэзку часу здолее ўразіць, каб пра тое не забыліся, ледзь ён развітаецца са здымачным павільёнам? І што ў іх наперадзе? А нічога! Журы ж — гэта наогул асобная песня. Вось дзе бітва "эга" людзей. У беларускіх журы ўсё без “крыві” абыходзілася, напэўна, а ў расійскіх — пры той натуральнай пастэльнай тэлекарцінцы — не ўпэўнены. Я глядзеў на іх і бачыў, як жа ім было сумна, нягледзячы на ўвесь іх найграны пафас, які ад іх патрабавала шоу. І ім даўно ўжо сумна літаральна ад усяго. Ад уласнай творчасці ў тым ліку.

Вось чаго я баюся, дык гэта стаць сумным самому сабе. Мой новы альбом — “Сляпы паравоз”, які я 2 сакавіка прадстаўлю ў Мінску, — не сумны. Праўда, ён і не пратэстны, але і “шкарпэтак” у ім няма. Альбом гэты пра час, якi слепа рухаецца на чалавека, змятаючы ўсё на сваім шляху. Што застанецца ад людзей, па жыцці неабароненых, тых, якія жывуць пад грузам невядомага, пасля таго, як паравоз-час пераедзе іх?

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"