А калі разам з Ярапольцам?

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Рэстаўрацыя цягам дзесяцігоддзя: перспектывы палаца ў Чачэрску
Славутасці Чачэрска — ратуша ды Спаса-Праабражэнская царква канца XVIII стагоддзя, помнікі архітэктуры першай катэгорыі каштоўнасці. Ёсць у горадзе і палацава-паркавы ансамбль, які раней належаў роду Чарнышовых-Круглікавых. Пабудаваны яшчэ ў 1830-х, свой канчатковы выгляд будынак атрымаў у другой палове XIX стагоддзя. Па словах дырэктара Чачэрскага раённага краязнаўчага музея Алены Кавалёвай, сядзіба памятае і лепшыя часы. Справа ў тым, што ансамбль даўно патрабуе рэстаўрацыі, а сродкаў пад гэтыя мэты ні ў раённым, ні ў абласным бюджэтах пакуль не прадугледжана.

/i/content/pi/cult/570/12493/4-1.jpgПланы за планамі

Сёння на першым паверсе палаца, дзе калісьці шпацыравалі графы, князі ды каралі, месціцца Чачэрскі раённы цэнтр рамёстваў, фальклору і этнаграфіі, а другі паверх увогуле не выкарыстоўваецца. І гэта не дзівіць: як унутры, так і звонку помнік спадчыны выглядае несамавіта. Даўно нефарбаваныя сцены, адбітая тынкоўка на столі, старыя вокны і дзверы, скрозь якія так і дзьме вецер. І пустыя калідоры, забітыя, што называецца, “пад завязку” самымі рознымі рэчамі — стэндамі, вялізнымі гарбузамі, рамесніцкімі вырабамі ды шмат чым яшчэ…

Трэба сказаць, што рэстаўрацыя дадзенага аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны раённымі ўладамі планавалася даўно. Так, яшчэ напрыканцы 2007 года абвяшчаўся тэндар па выбары арганізацыі, якая пачала б распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі для палаца Чарнышовых-Круглікавых. У 2009 годзе гэтай дзейнасцю занялося адно з абласных праектных прадпрыемстваў.

— На жаль, распрацоўка ПКД была праведзена толькі часткова, на гэта было выдаткавана ў тым годзе звыш 43 мільёнаў рублёў, — кажа Алена Кавалёва. — А пасля работы па стварэнні праектна-каштарыснай дакументацыі прыпыніліся ў сувязі з адсутнасцю фінансавання.

Аднак спробы раённых ды абласных улад распачаць рэстаўрацыю палаца ўсё адно працягваліся. Так, дадзены аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ў тым жа 2010 годзе быў уключаны ў Дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Паводле плана, за гэты час у сядзібе павінна была прайсці рэстаўрацыя і прыстасаванне аб’екта пад установу культуры.

Але задумкі не заўсёды здзяйсняюцца ў сапраўднасці.

— На жаль, грошы паводле Дзяржпраграмы нам так і не былі выдаткаваны, — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чачэрскага райвыканкама Юлія Басаргіна. — А сума там планавалася немалая: агулам каля 5 мільярдаў рублёў з рэспубліканскага і раённага бюджэтаў. Таму цяпер у справе рэстаўрацыі мы вельмі спадзяемся на падтрымку як абласных улад, так і Міністэрства культуры Беларусі.

Складанасці і перашкоды

Ад Мінкульта ў Чачэрску чакаюць толькі аднаго — пераводу палаца Чарнышовых-Круглікавых з трэцяй у другую катэгорыю каштоўнасці. Пасля гэтага старадаўняя сядзіба займее ўжо не рэгіянальны, а агульнанацыянальны статус, і, значыць, для яе рэстаўрацыі могуць знайсціся грошы і ў рэспубліканскім бюджэце. Але пакуль гэтыя мары не надта рэалістычныя.

— Справа ў тым, што наш палац — гэта звычайная летняя рэзідэнцыя, у інтэр’еры якой на сёння няма ні прыгожага дэкору, ні нейкіх арыгінальных архітэктурных канструкцый, — кажа Алена Кавалёва. — Але мы вельмі спадзяемся на тое, што гэты аб’ект займее больш высокую катэгорыю.

Як патлумачыў “К” начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі, для пераводу таго ці іншага аб’екта спадчыны ў больш высокую катэгорыю павінны быць аб’ектыўныя прычыны:

— Справа ў тым, што па сваіх архітэктурных вартасцях палац графаў Чарнышовых-Круглікавых у Чачэрску, што называецца, не “цягне” на другую катэгорыю. Да таго ж, там маецца прыбудова, дзе сёння месціцца спартыўная зала. Усё гэта выклікае пэўны дысананс у абліччы названага аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны. Так што ў гэтым кірунку спадзяванні раённых улад наўрад ці могуць быць рэалізаваныя.

Ад форуму да спонсараў

Але ў мясцовым аддзеле ІРКСМ не губляюць надзеі на станоўчае вырашэнне праблемнага пытання.

— Нашы ініцыятывы наконт аб’екта спадчыны сёння падтрыманы і на абласным узроўні, — кажа Юлія Басаргіна. — Таму будзем спадзявацца на лепшае, шукаць спонсараў ці мецэнатаў, “піярыць” наш палац там, дзе толькі магчыма. Усё — з тым разлікам, каб зрушыць справу з “мёртвай кропкі” ды стварыць праектна-каштарысную дакументацыю для рэстаўрацыі.

Дарэчы, нядаўна палац Чарнышовых-Круглікавых быў прадстаўлены на Гомельскім эканамічным форуме перад дзясяткамі бізнесменаў з усёй Беларусі. Праўда, ахвотных паўдзельнічаць у аднаўленні старадаўняй сядзібы сярод магчымых спонсараў і мецэнатаў пакуль не знайшлося.

— Мы таксама ведаем пра агучаную праблему, — запэўніла “К” першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ІРКСМ Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка. — Будзем шукаць спонсараў, хадайнічаць перад Міністэрствам культуры Беларусі, а таксама ўдзельнічаць з гэтым аб’ектам спадчыны ў розных конкурсах і праектах. Якраз цяпер, наколькі мне вядома, у Чачэрскім райвыканкаме рыхтуюцца дакументы на ўдзел у адным міжнародным праекце. Так што надзея на станоўчае вырашэнне пытання ў мяне ёсць.

Як патлумачыла “К” Алена Кавалёва, названы праект — гэта першы Міжнародны агляд-конкурс муніцыпальных мэтавых праграм і інавацыйных праектаў краін СНД і Балтыі, што сёлета будзе ладзіцца ў Маскве. Конкурс распачаўся 3 кастрычніка 2015 года і працягнецца да 12 сакавіка бягучага года. Заяўка на ўдзел у праекце будзе пададзена разам з расійскім горадам Ярапальцом, дзе існуе вельмі падобная сядзіба таго ж роду Чарнышовых-Круглікавых. Цалкам магчыма, што гэта той шлях, на якім можна атрымаць не толькі дзяржаўную, але і спонсарскую дапамогу. Калі не айчынную, дык замежную — скажам, з боку расійскіх бізнесменаў…

Але і ідэя з прыцягненнем да аднаўлення сядзібы айчынных спонсараў ды мецэнатаў можа здацца нерэальнай толькі на першы погляд. Бо калі ўзяцца за справу ўсур’ёз — хто ведае, што атрымаецца ў выніку?

— Як на маю думку, дык раённым уладам можна і нават неабходна ў такіх умовах працаваць, скажам, з прадстаўніцтвамі тых філіялаў банкаў, што існуюць у Чачэрску, або з абласнымі арганізацыямі ды прадпрыемствамі, — адзначыў “К” Ігар Чарняўскі. — Маючы пэўную суму грошай, можна было б распачаць першапачатковыя аднаўленчыя працы на гэтым аб’екце ці замовіць стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі. А ўжо маючы на руках падобныя экспертныя паперы, звяртацца ў самыя розныя інстанцыі і ўстановы.

Зразумела, стварэнне праектна-каштарыснай дакументацыі запатрабуе таксама прыцягнення велізарных сродкаў. Але раённыя ўлады да пошуку грошай гатовы.

— Думаю, выйсце з дадзенай праблемнай сітуацыі мы абавязкова знойдзем, — сцвярджае Юлія Басаргіна. — Чаму я кажу гэта так упэўнена? Бо ведаю падобныя прыклады менавіта ў нашым раёне. Скажам, наш Гарадскі дом культуры яшчэ ў 2004 годзе быў зачынены на рэканструкцыю. І прастаяў так ажно да 2014 года з-за адсутнасці фінансавання. А пазалетась грошы мы атрымалі і ва ўстанове культуры правялі капітальны рамонт на суму ў 13 мільярдаў рублёў. Цяпер маем шыкоўны Дом культуры, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Цалкам магчыма, што так здарыцца і з палацам Чарнышовых-Круглікавых. Так што губляць надзеі, на мой погляд, ніколі не трэба…

Мінск — Чачэрск — Мінск

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"