Як журналіст стаў біёграфам

№ 4 (1234) 23.01.2016 - 29.01.2016 г

Яго папярэджвалі: “Ты — не пісьменнік!”
У жыцці я зайздросціў толькі аднаму чалавеку, натуральна, зайздрасцю белай. Было гэта напрыканцы 1980-х, калі я чытаў у газеце “Знамя юности” матэрыялы на музычныя тэмы за аўтарствам Сяргея ШАПРАНА. У артыкулах разам з інфарматыкай прысутнічаў і характэрны асабісты погляд, інтэрв’ю былі гутаркамі прадметнымі, глыбокімі, адкрытымі. “Я б у “Шапраны” пайшоў, хай мяне навучаць!” — марыў я. І мара спраўдзілася, прычым да яе ажыццяўлення і Сяргей меў дачыненне, пра што да некаторага часу, уласна, і не падазраваў.

/i/content/pi/cult/570/12489/14-1.jpgДык вось, у сярэдзіне 1990-х ён павінен быў узяць інтэрв’ю ў Валерыя Сюткіна для аднаго часопіса, у якім я працаваў, але нешта не склалася, і да музыканта выправіўся я. Праз нейкі час пасля выхаду матэрыялу ў рэдакцыю зайшоў Шапран і нас прадставілі. “Добрае інтэрв’ю атрымалася, — пахваліў ён і дадаў: — Мяне калегі спыталі: "Ты што, псеўданім узяў?..” Мы шмат з ім перасякаліся. Здаецца, узаемная прафесійная і чалавечая сімпатыя мацнела. Я засмуціўся, калі Сяргей адышоў ад музычнай журналістыкі, але парадаваўся, што нарадзіўся Шапран-пісьменнік…

— Ты пачынаў як музычны журналіст. Як і калі ты прыйшоў у рок-журналістыку?

— У 1988 годзе. Пасля вайсковай службы я працягваў вучобу на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. Вучыцца было, шчыра кажучы, не надта цікава, бо ад пачатку хацеў быць журналістам, а не настаўнікам рускай мовы і літаратуры, ды падаць дакументы на факультэт журналістыкі не паспеў і колькі ні спрабаваў перавесціся, мяне так і не ўзялі. Але гэта і добра, бо, лічу, журналістам трэба быць, маючы любую іншую адукацыю, апроч уласна журналісцкай. Дык вось, канец 1980-х, перабудова, па газеты чэргі ў шапіках, па тэлебачанні — праграма “Взгляд”, з’яўляюцца новыя абліччы: гурты “Кіно”, “ДДТ”, “Акварыум”, “Наўцілус пампіліус”, “Брыгада С”, “Брава”... Гэта вабіла, і хацелася не толькі быць назіральнікам, але хоць бы ўскосна ўдзельнічаць у тых вызначальных зменах.

Практычна з кожным з гэтых ды іншых музыкантаў можна было сустрэцца сам-насам ці перад канцэртам, ці ў гасцінічным нумары — тады не існавала паняцця прэс-канферэнцый. Той жа Віктар Цой прапаноўваў сустрэцца ў Юрмале, дзе ён адпачываў летам (і ў раёне якой потым трагічна загінуў). А з Юрам Шаўчуком мы пераважна бачыліся ў Ленінградзе. Справа ў тым, што, працуючы ў папулярнай тады рыжскай газеце “Советская молодежь” (яе наклад быў каля мільёна асобнікаў), гадоў сем я па ўласным жаданні ці не штомесяц ездзіў у камандзіроўкі ў Маскву і Ленінград, дзе і рабіў інтэрв’ю з тымі, хто быў мне цікавы.

— І гэта…

— Асобы ў поўным сэнсе слова. Людзі мастацтва, якіх ведала ледзь не ўся савецкая краіна і якім было што сказаць. У гэтым сэнсе мне заўсёды цікавы Юрый Шаўчук. Ён ды яшчэ Барыс Грэбеншчыкоў мелі магутны ўплыў: пасля сустрэч некалькі дзён знаходзіўся пад іх магнетычным уздзеяннем. А хто быў тады цікавы? Сукачоў, Бутусаў, Хаўтан, Агузарава, Кінчаў, Грыгаран, Намін, Градскі, Мамонаў, Нікольскі, Макарэвіч, з рыжскіх музыкантаў — Карл Хламкін, Андрэй Яхімовіч і, безумоўна, Піт Андэрсан, які граў у першым савецкім рок-гурце “The Revengers” і з-за рок-музыкі пераследаваўся савецкім КДБ.

Але я ж не з аднымі рок-музыкантамі рабіў інтэрв’ю. Мне, паўтаруся, ад самага пачатку былі цікавыя асобы, а яны, вядома, не толькі ў рок-музыцы ёсць. Сярод найбольш памятных магу прыгадаць бардаў Булата Акуджаву, Аляксандра Дольскага і Юлія Кіма, спявачак Ліну Мкртчан і Алену Камбураву, кампазітараў Райманда Паўлса і Яўгена Догу, акцёраў Зіновія Герта, Людмілу Гурчанку, Данатаса Баніёніса, Льва Дурава і Сяргея Юрскага, рэжысёраў Андрэя Канчалоўскага і Рамана Вікцюка, пісьменнікаў Рыгора Бакланава, Аркадзя Арканава, Рыгора Горына, Сямёна Альтава і Уладзіміра Вайновіча, тэлевядучую Валянціну Лявонцьеву, канешне, Юрыя Нікуліна...

— Аднак у гэтым спісе няма ніводнага беларускага імені…

— Я ж кажу пра пачатак працы. Тут трэба адзначыць, што выхоўваўся я ў іншым культурным асяродку, і, калі жыў у Рызе, усё, што чуў пра Беларусь, — гэта Васіль Быкаў, “Песняры” і “Верасы” (з Ядзвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам). А пасля былі: “Крама”, “N.R.M.”, “Kriwi”, “Ляпiс Трубяцкой”, “Нейра дзюбель”, “Троіца”, “Зарцiпо”, Лёша Шадзько, зноў жа — “Песняры”, “Сябры”, Алена Казанцава, Эдуард Ханок, а таксама пісьменнікі — Барадулін, Бураўкін, Брыль, Матукоўскі, Тарас, Шэрман, Някляеў, Арлоў, Законнікаў — спіс можна доўжыць. І, між іншым, калі казаць пра пачатак, дык першыя інтэрв’ю былі з Васілём Быкавым, Святланай Алексіевіч і Аляксеем Дударавым.

— З журналістыкі ты пачаў “знікаць” паступова…

— І з розных прычын. Найперш таму, што была зачынена газета, дзе я працаваў. Па-другое, у той час я ўжо займаўся дакументальнай кнігай пра Васіля Быкава. Праца здавалася бясконцай, і трэба было выбіраць: ці кніга, ці журналістыка.

— Ідэя гэтай кнігі нарадзілася, мусіць, невыпадкова?

— У дзень развітання з Васілём Уладзіміравічам у мяне нечакана запыталіся, ці пішу я кнігу пра Быкава. Пытанне дужа здзівіла мяне, бо ні пра што падобнае я не думаў. Пасля сталі разважаць, што гэта можа быць за кніга. Спачатку размова ішла пра зборнік успамінаў, але ў той час Генадзь Бураўкін пачаў укладаць такую кнігу. І хоць Генадзь Мікалаевіч прапаноўваў займацца гэтым разам, мне хацелася зрабіць нешта сваё. Так паступова ўзнікла ідэя дакументальнай кнігі, што ў выніку кардынальна змяніла мой лёс.

— Ты нечакана для самога сябе стаў пісьменнікам…

— Вялікай “неспадзяванкі” ў тым для мяне ўсё ж такі не было, бо ў юнацтве я марыў стаць пісьменнікам. Нават школьнікам гумарыстычныя апавяданні пісаў, якія дасылаў у дужа вядомы тады часопіс “Юность”, дзе загадчыкам аддзела сатыры і гумару быў не такі ўжо вядомы на той час Міхаіл Задорнаў, які вяртаў мае опусы з тлумачэннем: “не смешно”. Я знішчаў свае апавяданні ды лісты Задорнава і… пісаў новыя творы. Мне спатрэбіўся час, каб зразумець, што пісьменнікам быць мне не дадзена. Пісьменнік у маім уяўленні — гэта іншае. Часам мяне называюць даследчыкам беларускай літаратуры ці біёграфам Васіля Быкава (цяпер ужо не яго аднаго). І гэта, мусіць, бліжэй да ісціны. Амаль пяць гадоў штодзённай працы! Апроч Быкава, практычна нічога мяне тады не цікавіла. Зрэшты, і доўгі час пасля таксама, бо потым былі кніга ліставання Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна і кніжная публікацыя невядомага гродзенскага архіва Васіля Уладзіміравіча, непадцэнзурныя выданні “Мёртвым не баліць” і “Ліквідацыі” (“Сотнікава”), нарэшце, чарговыя тамы поўнага збору Быкава...

— Непадцэнзурныя выданні тых аповесцей летась сталіся літаратурнай сенсацыяй. Як сталася, што ніхто не ведаў пра існаванне такіх рэдакцый?

— Пушкін пісаў у “Падарожжы ў Арзрум”: “Як шкада, што Грыбаедаў не пакінуў сваіх нататак! Напісаць яго біяграфію было б справай яго сяброў; ды цудоўныя людзі знікаюць у нас, не пакідаючы па сабе слядоў. Мы лянотныя і не цікаўныя”. Дык вось, сапраўды не трэба ленавацца і трэба быць цікаўным. Калі пісаў-збіраў кнігу пра Васіля Быкава, шмат часу праводзіў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. А там падчас працы з дакументамі трэба запаўняць фармуляры. Дык з тых адзнак бачна, што з пісьменніцкімі архівамі мэтанакіравана працаваў, бадай, адзін толькі даследчык — Анатоль Верабей (адносна спадчыны Уладзіміра Караткевіча). З быкаўскімі архівамі не працаваў ніводзін з даследчыкаў! Таму ніхто і не ведаў пра тое, што першы, аўтарскі варыянт “Мёртвым не баліць” знаходзіцца ў гэтым жа архіве-музеі. А пасля малодшы сын Васіля Уладзіміравіча, які жыве ў Гродне, перадаў стос папер бацькі, сярод якіх быў і чарнавік “Мёртвым не баліць”. Потым выпадкова знайшліся чарнавыя распрацоўкі аповесці, не ўключыць якія ў каментарыі я проста не мог, з-за чаго давялося прыпыніць друк кнігі. Там жа, у Гродне, больш за сорак гадоў ляжала-чакала свайго часу і першая рэдакцыя “Сотнікава”.

— Калі ты яшчэ займаўся журналістыкай, неяк казаў, што марыш вывучыць беларускую мову, каб пісаць і размаўляць на ёй...

— Размаўляць па-беларуску я пачаў з Рыгорам Барадуліным, з якім пазнаёміўся напрыканцы 1990-х. Тая выпадковая сустрэча, як цяпер разумею, была невыпадковай і шмат у чым вызначальнай. А што да пісання, хоць беларускую мову ніколі не вывучаў, для мяне было прынцыповым момантам, каб кніга пра Быкава была напісана па-беларуску. І спачатку працаваў над ёй наступным чынам: пісаў па-руску, а мая жонка — філолаг-беларусіст — перакладала яе. Сёння пішу і размаўляю пераважна па-беларуску.

— А калі казаць пра нерэалізаваныя магчымасці?

— Я хацеў напісаць кнігу пра гурт “ДДТ”, і ў 1993 годзе спецыяльна паехаў да Шаўчука пад Санкт-Пецярбург, каб ён мяне, так бы мовіць, блаславіў на гэтую працу. Але ўгаварыць Юру не ўдалося. “Стары, — сказаў ён мне, — прабач, але ты не пісьменнік...” Напэўна, ён меў рацыю. І ўсё ж такі думаю, што кнігу пра яго гурт я змог бы напісаць. І дасюль шкадую, што не быў частым госцем у доме паэта Веніяміна Айзенштата, які пісаў пад псеўданімам Веніямін Блажэнны і якога цаніў Барыс Пастарнак. Яшчэ падчас першай сустрэчы, калі я дзякаваў за тое, што ён пагадзіўся на інтэрв’ю, Веніямін Міхайлавіч, раптам перайшоўшы на “ты”, сказаў проста: “Кінь ты гэтыя цырымоніі. Ты ўжо свой...” Гэта была дужа цікавая асоба. Цяжка хворы, Блажэнны 15 гадоў не выходзіў на вуліцу. Прайшоўшы псіхіятрычную лякарню і выстаяўшы, ён ствараў дзіўную паэзію. Арсеній Таркоўскі пісаў яму: “Стихи ваши читаю и перечитываю. Давно уже я не радовался ничьим стихам так, как вашим”. А Віктар Шклоўскі — той самы, які быў блізка знаёмы з Уладзімірам Маякоўскім і Велімірам Хлебнікавым, — звяртаўся да Блажэннага: “Дорогой друг! Вы настоящий поэт. Это не орден. Это слова почти печальные. Потому что слова “настоящий поэт” должны быть в комнатах — так держат их мусульмане. Настоящий поэт — редкое существо, одинокое существо. Но он нужен как птица, летящая впереди треугольника перелета на определенное гнездовье... Люди и птицы проверяются полетом”. Дык вось, мяркую, першай маёй кнігай магла б аказацца кніга пра Веніяміна Блажэннага, але так, на жаль, не сталася.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"