Перамога для ўсіх

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г


/i/content/pi/cult/569/12474/6-2.jpg

Сцэна з оперы "Царская нявеста". / Фота прадастаўлена тэатрам

Міхаіл ПАНДЖАВІДЗЭ, галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі:

— Прэмію атрымліваю з радасцю і гонарам, нават піетэтам, пачуцці мяне так і перапаўняюць.

Мяне менш за ўсё хвалявала меладраматычная лінія, якая ў оперы Рымскага-Корсакава, вядома, таксама прысутнічае. Для мяне “Царская нявеста” — опера найперш гістарычная. А гісторыя як навука, паводле аднаго з азначэнняў, робіць чалавека чалавекам. Бо ўзнімае пытанні адказнасці за будучыню краіны і суседніх дзяржаў, даследуе вечную праблему ўлады і народа, бездані паміж імі, выкліканай недаверам з абодвух бакоў: улада не давярае народу, народ — уладзе. І ў царскіх “гульнях” ды прыхамасцях гінуць маладыя хлопцы — вось што страшна. Калі “Царская нявеста”, акрамя ўласна мастацкага задавальнення, вымушае яшчэ і задумацца пра ўсё гэта, я шчаслівы.

Планаў на будучыню шмат. І тычацца яны не толькі бліжэйшага часу. Вялікі тэатр Беларусі носіць высокае званне нацыянальнага. А гэта абавязвае пашыраць рэпертуар не толькі ў колькасным сэнсе, але і ў якасным. Пакуль жа афіша сканцэнтравана, у асноўным, на творах ХІХ стагоддзя, ды і тое іх пералік абмежаваны, круціцца вакол самых распаўсюджаных найменняў Вердзі, Пучыні, Чайкоўскага. А існуюць яшчэ оперы Рыхарда Вагнера, Рыхарда Штрауса, безліч партытур ХХ стагоддзя, пачынаючы са Стравінскага і Шастаковіча, ёсць шмат цудоўных старадаўніх твораў, якія не страцілі сваёй актуальнасці. І мы як тэатр нацыянальны абавязаны, лічу, гэта ставіць.

Да наступнага Міжнароднага Каляднага опернага форуму я рыхтую аўтарскі праект “Жыццё Іаана Прадцечы” на музыку Рыхарда Штрауса. У аснову будуць пакладзены два яго творы — сімфанічная паэма “Так казаў Заратустра” і опера “Саламея”. Яны будуць з’яднаны ў адзіную лінію, у выніку павінен атрымацца сінтэз напаўпластычнага, харэаграфічнага і опернага мастацтваў. Калі форум названы Калядным, дык трэба надаць яму не столькі рэлігійны, колькі светапоглядны складнік. А гэты праект закране і тэму Ірада, і тэму адкуплення грахоў, і тэму забойства 
прарокаў.

Аляксандр КАСЦЮЧЭНКА, галоўны мастак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі:

— Атрымаць такую ўзнагароду — вялікі гонар для мастака. Яна дорыць дадатковую энергію, жаданне працаваць з яшчэ большай аддачай.

Кожны спектакль — гэта сумесная праца ўсіх, хто спрычыньваецца да яго нараджэння. Таму цяперашняя высокая ўзнагарода павінна лічыцца агульнай перамогай усяго тэатра, усіх яго служб. А галоўнае — выканаўцы, бо без іх любыя самыя цудоўныя пастановачныя ідэі так і застануцца ўсяго толькі нерэалізаванай магчымасцю.

Творчых планаў багата, як і ў самога тэатра. У сакавіку — прэм’ера оперы “Макбэт” Вердзі, якую мы робім разам з рэжысёрам Міхаілам Панджавідзэ. У чэрвені з’явіцца сумесны беларуска-азербайджанскі праект — балет “Каханне і смерць”, які паставіць Вольга Костэль на музыку Палада Бюль-Бюль аглы.

Лёс падарыў мне шчаслівую магчымасць працаваць з рознымі рэжысёрамі і балетмайстрамі, выпускаць спектаклі драматычныя і музычныя, у тым ліку оперныя. У кожнага з творцаў — сваё бачанне не толькі будучай пастаноўкі, але і самой ролі мастака ў тэатры. Асабіста для мяне галоўнае — зразумець рэжысёра, “ухапіць” ягоную ідэю (а далёка не кожны творца ўмее добра выкласці яе на словах) і далей развіваць уласна сцэнаграфічнымі сродкамі.

“Царская нявеста” сталася адным з тых этапных спектакляў, якія, бы маленькія планачкі, сімвалізуюць узяцце новай вышыні. Як у спорце: пачынаецца спаборніцтва з нейкай стартавай лічбы (вышыні ў лёгкай атлетыцы, вагі ў цяжкай), а потым тыя лічбы паступова ўзрастаюць. Такімі этапамі былі для мяне “Бег” у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага (дарэчы, віншую трупу з узнагародай за “Песняра”), “Пікавая дама” ў нашай оперы. Хацелася б калі-небудзь паставіць “Яўгенія Анегіна”, бо некаторыя ідэі ўжо ёсць…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"