“Культура з’яўляецца фундаментам…”

№ 3 (1233) 16.01.2016 - 22.01.2016 г

Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня ўручыў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльныя прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльныя прэміі Прэзідэнта “Беларускі спартыўны Алімп”. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што цяперашняе ўручэнне прэмій адкрывае мерапрыемствы аб’яўленага ў Беларусі Года культуры.

/i/content/pi/cult/569/12462/211087-15.jpg“Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава надае вялікае значэнне развіццю такой важнай сферы, як культура, — цытуе словы Прэзідэнта прэс-служба Кіраўніка дзяржавы. — Галоўная задача — актывізаваць інтэлектуальныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, уздыму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы”.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь багатая на таленты і творчыя дасягненні, якія з’яўляюцца гордасцю краіны. Яскравым пацвярджэннем гэтага стане шырокае святкаванне ў краіне юбілеяў выдатных дзеячаў мастацтва: Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна.

Прэзідэнт запэўніў, што на высокім узроўні будзе праведзены і 25-ы юбілейны фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, які стаў той сусветнай пляцоўкай, дзе выступаюць прызнаныя майстры і запальваюцца новыя зоркі.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў час Года культуры ўвага будзе ўдзяляцца не толькі розным напрамкам мастацтва, але і духоўнага жыцця грамадзян.

“Культура з’яўляецца фундаментам, на якім фарміруецца і развіваецца любая нацыя, вызначаецца яе жыццяздольнасць і творчы патэнцыял, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Культура знаходзіцца ў аснове ідэалогіі дзяржаў, указваючы тыя напрамкі і мэты, на якія арыентуецца грамадства. Гэта шматгранная з’ява, якая ахоплівае многія сферы жыцця, у тым ліку працоўную дзейнасць, уладкаванне побыту, стаўленне да прыроды, навакольнага свету і роднага краю”.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: нельга забываць аб тым, што культура — гэта і мера чалавечнасці. Без яе не могуць быць паўнацэннымі ні асоба, ні грамадства.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што сёння людзі маюць патрэбу ў гуманнасці, міласэрнасці, узаемаразуменні і дабрыні. “Без удумлівага, мудрага стаўлення да жыцця, без маральных крытэрыяў, заснаваных на шматвяковым вопыце продкаў, немагчыма пабудаваць стабільную і паспяховую дзяржаву”, — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы жывём у няпросты, вельмі трывожны час.

“Я вельмі часта аб гэтым кажу, і паверце, нездарма. Вельмі глыбокі духоўны крызіс ахапіў многія краіны, — канстатаваў Прэзідэнт. — І як вынік: у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы робяць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцей. Агрэсіўныя нападкі на асновы маралі становяцца адной са злавесных прыкмет сучаснасці. ”

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што высокія тэхналогіі, нябачаная ў гісторыі хуткасць камунікацый і глабалізацыя не дапамаглі людзям стаць бліжэйшымі адзін да аднаго. Якраз наадварот — у нядобрых руках усё гэта ператвараецца ў сродак маніпуляцыі свядомасцю, у інструмент распальвання варожасці.

“На жаль, ужо відаць горкія плады такой палітыкі. Адхіляюцца інстытут сям’і, каштоўнасць чалавечага жыцця, сацыяльная справядлівасць. Эгацэнтрызм, усёдазволенасць і карысталюбства асуджаюць асобу і грамадства на поўную дэградацыю, ” — заявіў Кіраўнік дзяржавы.

“Яшчэ нядаўна здавалася, што свабода дзеля свабоды зробіць чалавека больш шчаслівым. Але адмова ад маральных самаабмежаванняў прывяла да невырашальных супярэчнасцей, зацяжных кровапралітных канфліктаў і войнаў”, — падкрэсліў Лідар краіны.

На думку Прэзідэнта, бяздумнае стаўленне да навакольнага асяроддзя паставіла чалавецтва на мяжу экалагічнай катастрофы.

“Само жыццё дае нам чарговы цяжкі, але важны ўрок, — адзначыў беларускі Лідар. — Мы павінны зразумець: тое, што не мае глыбокай маральнай асновы, ні ў якім разе не можа прынесці карысць ні людзям, ні грамадству ў цэлым. Яшчэ апостал Павел казаў: “Усё мне дазволена, але не ўсё карысна”.

“Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных, стваральных каштоўнасцей з’яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту”, — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Таму не выпадкова на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН Беларусь названа сімвалам міру. “Беларускі народ умее атрымліваць урокі з мінулага, даражыць чыстым небам над галавой і спакоем у грамадстве. Застаецца адданым высокім маральным каштоўнасцям і добрым традыцыям”.

Прэзідэнт лічыць важным, каб дзеячы культуры і мастацтва разумелі гэта і сваёй творчасцю процістаялі бескультур’ю і іншым негатыўным з’явам, якія часта засмучаюць наша жыццё.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, узнагароды за выдатны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, за дабрачыннасць і актыўную дзейнасць па ахове мацярынства і дзяцінства сведчаць аб тым, якую важную ролю ў жыцці сучаснай Беларусі адыгрывае духоўнасць, маральныя і эстэтычныя прынцыпы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ўсенароднае прызнанне, якое набылі лаўрэаты, стане для іх стымулам да новых дасягненняў на карысць Радзімы.

На здымку: падчас уручэння прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльных прэмій Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп".

 

Фота Мікалая Пятрова, БелТА