Ні спевы, ні дыскатэкі

№ 52 (1230) 26.12.2015 - 01.01.2016 г

Канец года выдаўся багатым на камандзіроўкі, таму была магчымасць паназіраць за працай сельскіх клубаў у розных абласцях. Асабліва цікавілася працай з традыцыйнай культурай, але заўважыла і больш агульныя тэндэнцыі.

/i/content/pi/cult/566/12420/5-1.jpgЧаста сутыкаешся з аповедамі кшталту “ў нас быў фальклорны гурт, актыўна выступаў, але носьбіты традыцыйнай культуры пастарэлі, пахварэлі, перасталі хадзіць на рэпетыцыі". Калі ж нават гурт той існуе, то “сілы ўжо не тыя”, бабулям складана выбрацца з выступам за межы раёна, цяжка пераносіцца дарога.

Складана з пераемнасцю: дзеці мала цікавяцца фальклорам. Мабыць, гэта агульныя праблемы адукацыі ў любой сферы: школьнай, пазашкольнай, універсітэцкай. Проста таму, што сучасныя навучэнцы не будуць займацца тым, што ім нецікава. Выкладчыку трэба, умоўна кажучы, праспяваць і затанчыць (не толькі ў пераносным значэнні), каб яго слухалі і хадзілі на заняткі. З гурткоў жа, куды прывялі бацькі без асаблівага імкнення да пэўных ведаў з боку дзіцяці, навучэнцы “разбягаюцца”, ледзь дасягнуўшы падлеткавага ўзросту.

Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што дзецям і моладзі можа быць нецікавы не толькі фальклор, але клубныя паслугі як такія. Дыскатэкі, скажам. Нават калі ў вёсцы ёсць моладзь і падлеткі, культработнікі кажуць: патэнцыйныя наведвальнікі аддаюць перавагу камп’ютару. Падобна, што гэта залежыць ад традыцый, якія склаліся ў асобна ўзятым населеным пункце. Дзесьці былыя аднакласнікі, з’язджаючыся да бацькоў на выхадныя, імкнуцца пабачыць адно аднаго ды ідуць на дыскатэку, а дзесьці — не.

Культработнікам не стае мясцовых метадычных матэрыялаў. Старыя фальклорныя запісы з гукам ці відэа — рэдкасць, і часта яны няякасныя. Зноў жа: дзецям іх слухаць нецікава. Калі метадычны фонд неалічбаваны, ён хутка псуецца. Але каб захоўваць гук на аналагавых носьбітах, бабіну ці касету трэба час ад часу перамотваць, пажадана на тым жа магнітафоне, на якім яна была запісаная. Часта гэта немагчыма, таму даводзіцца выбіраць “меншае зло”. Можна перапісаць стужку для працы, а да першай копіі ставіцца больш ахайна, але і такой магчымасці часта няма.

Таму ў працы даводзіцца выкарыстоўваць “чужы” матэрыял: добра, калі ўзяты хаця б з тэрыторыі раёна. І тое, між вёскамі можа быць адлегласць у дзясяткі кіламетраў ці рэчка, якая звычайна падзяляе этнаграфічныя мікразоны. Пра матэрыял, “падгледжаны” на абласных мерапрыемствах ці ў кніжках без прывязкі да мясцовасці, і казаць няма чаго. Мабыць, такі абмен вопытам пасуе сцэнічным гуртам…

Бывае, нават “свой” матэрыял існуе ў выглядзе сцэнарыяў святаў, створаных калісьці на аснове апытання носьбітаў традыцый. Але дакладнай пашпартызацыі звестак няма, і наступным пакаленням работнікаў культуры ўжо складана разабрацца, што ў старой метадычцы ўзята з вопыту мясцовых жыхароў, а што — з досведу іншых устаноў. Новы год, 23 лютага, 8 сакавіка, майскія святы, 3 ліпеня, дажынкі, Дзень настаўніка, маці, пажылога чалавека… Ад культработніка залежыць, ці ўключаць у праграму выступы аўтэнтычных гуртоў і пераймальнікаў фальклору. А на арганізацыю традыцыйных святаў можа і не застацца сіл.

З праблем, знаёмых у зімовы перыяд амаль любому сельскаму клубу ці бібліятэцы, — недастатковае ацяпленне. Такія ўмовы працы разам з пытаннем, як дабрацца да райцэнтра на нараду, калі транспарт штодня не ходзіць, дадаюць складанасцяў. А калі аўтобус ходзіць, то каштаваць можа да 30 тысяч у адзін бок — сума для культработніка з невялікім заробкам значная. Некаторыя маюць уласны транспарт, іншыя — даўно засвоілі майстэрства аўтаспыну.

У раёнах скардзяцца на адсутнасць стандартнага штатнага раскладу для сістэмы культуры. А хочацца і гукааператара ў штат, і фатографа, і сістэмнага адміністратара… Таму складаецца ўражанне, што сучасны культработнік павінен быць і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Добра, калі гэтак атрымліваецца. А калі не?

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"