Як з Гётэ сустрэліся (б) Караткевіч з Кашкурэвічам

№ 51 (1229) 19.12.2015 - 25.12.2015 г

Пра што творцы розных часоў маглі пагутарыць на Парнасе
У 1970-я на адной з прыступак Парнаса сустрэліся беларусы — мастак Арлен Кашкурэвіч і пісьменнік Уладзімір Караткевіч. А натхняльнікам сустрэчы стаў… нямецкі паэт Ёган Вольфганг Гётэ, трагедыю якога “Фаўст” пераклаў на беларускую мову Васіль Сёмуха. Для першага выдання перакладу мастак рабіў ілюстрацыі, а пісьменнік каментаваў іх, завітаўшы да сябра на Парнас. Такім Парнасам стала майстэрня Кашкурэвіча, дзе і адбылася (а чаму б, у рэшце рэшт, і не?) сустрэча беларусаў з вялікім алімпійцам. Прынамсі, так пра тое спатканне мне распавёў Арлен Міхайлавіч, а сёе-тое для стварэння палілогу дадала аўтар гэтых радкоў.

/i/content/pi/cult/565/12378/14-1.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 48, 49.)

— “Прайшло? Нікчэмны гук! Як гэта так прайшло? — раптоўна запытаўся нават не ў прысутных, а ў самога сябе Гётэ. — Прайшло — дык значыць, як і не было! Нашто ж тады ўвесь час ствараць”?

— “Каб створанае разбураць?”, — добра вядомы з трагедыяй Гётэ Арлен Кашкурэвіч узяў у рукі пераклад Васіля Сёмухі і працягваў цытаваць перадапошнюю сцэну трагедыі. — “Прайшо?” Што значыць гэта? Ўсё адно, як бы не існавала ўвогуле яно, а мроілася яваю жывой…”

— Але мяне Мефістофель не зусім задавальняе, — умяшаўся Уладзімір Караткевіч. — Зразумела, гэта дастойны праціўнік … І ўсё ж гэта не мой Мефістофель. І таму неяк менш верыш ва ўзнясенне Фаўста. Мефістофель у цябе, — Караткевіч вярнуў ілюстрацыю мастаку, нібыта прапаноўваючы таму яшчэ раз паглядзець на свайго Мефістофеля, — ён не прыгажун у мушкецёрскім плашчы, а грубая жабіна сіла… Ён у цябе адназначны, а я люблю яго, Мефістофеля, больш складанага, больш яхіднага, нават элегантнага, увогуле — дасціпнага. А дасціпнасці на ілюстрацыях якраз няма…

— Так, няма, — гэтым разам гарачыўся Кашкурэвіч. — Але я да гэтага і не імкнуўся. Гэта быў бы іншы Мефістофель…

— А тут ён нейкі жабісты, — адгукнуўся Караткевіч, трымаючы ў руках ілюстрацыю з Мефістофелем, дзе той з гітарай сядзіць на бочцы. — Ён у цябе грубая жабіна сіла з электрагітарай у руцэ і на бочцы бензіну, пустой!

 — Бензін — нешта выбуховае, вогненнае, — імгненна адрэагаваў Арлен Міхайлавіч. — І сам Мефістофель, як агонь, быццам выпіў увесь бензін і вось-вось можа ўзгарэцца. Шнур ад яго электрагітары ўключаецца ў сетку. А мо гэта хвост нейкі…

— Во-во, бікфордаў шнур, — дадаў распалены размовай Уладзімір Сямёнавіч.

Але мастак ужо не чуў яго:

— І плашч Мефістофеля, нават у оперы яго так паказваюць — падбіты чырвоным колерам, ён развіваецца, нібы полымя. А мо гэта крылы кажана…— і Кашкурэвіч працягнуў сябру іншую ілюстрацыю — Фаўст і Мефістофель займаюць усю прастору малюнка. Так, быццам у свеце толькі і існуюць яны адны: той, хто стварае, і той, хто разбурае, той, хто імкнецца да высокай ісціны, і той, хто гэтую ісціну ўзважае за ўгнаенне… толькі Дабро і Зло… І Зло прапануе Дабру сцвердзіць і сябе — праз Зло!

— Мефістофель нясе-прапануе Фаўсту зброю. Але гэты вобраз (металічная нага, частка рыцарскіх даспехаў) можна разглядаць і як нейкую сучасную, ці не атамную зброю.

І зноў сябры, углядаючыся ў ілюстрацыі, спрачаліся аб нечым. Але іх спрэчка не была падобная на тую, дзе бойка ідзе не за мяч, не за Фаўста або за Мефістофеля, а за тое, што сваімі абрысамі нагадвае Зямлю… і жыццё на ёй…

— Так, так, — хутка пагадзіўся Караткевіч. Словы мастака адгукнуліся ў ім новаю згадкаю. — Мефістофель спакушае Фаўста сілаю зброі, уладаю цераз зброю. Чаму менавіта нага? А як будучы пратэз…

— Ахвярам вайны, калекам з адарванымі нагамі, Мефістофель прапануе зброю і ў той жа час пратэз. Ужо як вынік, — гэтым разам Кашкурэвіч глядзеў ужо не на свайго сябра, але на Гётэ.

— “В ком больше силы, тот и прав”, — на гэты раз германец працытаваў самога сябе па-руску. Яго суразмоўцы добра ведалі гэты пераклад, зроблены Барысам Пастэрнакам. Яшчэ адна постаць, яшчэ адно імя, як подых, залунала ў прасторы майстэрні. Таму размова збочыла зноў на сцежку перакладу.

— Натуральнасць, жывасць, лаканізм і дасціпнасць слоў Мефістофеля  — найбольшая ўдача ў перакладзе. — Караткевіч паяднаў дзве ўлюбёныя думкі: пра трапнасць перакладу Сёмухі і пра неардынарнасць вобраза Мефістофеля. — Гётэ, — пісьменнік зноў павярнуўся тварам да вялікага творцы і, нібыта прамаўляючы ад яго імя, дадаў: — Гётэ, відавочна, прыемна было яго пісаць, як перакладчыкам — перакладаць. І нездарма ён атрымаўся, на мой погляд, наймацнейшай постаццю твора, вышэйшай за ідэю пошукаў, увасобленую ў Фаўсце, вышэйшай за ідэю жаноцкасці і спакою — анемічную Маргарыту, якой толькі яе пакуты даюць права на нашу ўвагу і 
спачуванне…

Гаворачы, пісьменнік глядзеў на Гётэ, але той, ухіляючыся ад прамога адказу, перабіраў ілюстрацыі Кашкурэвіча. “Мефістофель, — працягваў Караткевіч, — гэта скепсіс, гэта адмаўленне старога, пробны камень чалавечай думкі і стымулятар чалавечага поступу, а значыць, неабходная частка нас саміх…”

— Во-во, — пагадзіўся Гётэ. — Гэтак ён і адказаў Госпаду, з якім вёў размову. “Святло тваё…” — тут Гётэ ўстаў і выглянуў на вуліцу. Але з верхняга паверха дома за зелянінай дрэў людзі былі не бачнымі. Паэт паўтарыў наноў: — “Святло тваё ён розумам заве і з ім усё-такі жывёлінай жыве… — чамусьці гэтая думка Гётэ прагучала ў майстэрні ўжо другі раз. — А жыў бы добра, калі б з проса, як той казаў, не соваў носа…”

— І, далібог, — адгукнуўся Караткевіч, — гэта і жыва, і афарыстычна, і на дзіва па-беларуску… І ўсё ж душа чалавечая паўстае супраць усяго гэтага. Няхай яна і не пераможа часам. Але бываюць паражэнні, што вышэйшыя за перамогу.

Героі ХХ стагоддзя ўжо не заўважалі свайго госця з далёкага мінулага. Той нібыта сышоў, растварыўся ў бездані карцін, выстаўленых у майстэрні.

— Блуканні па пакутах чалавечай душы, працы, думак, сэрца. І ледзь не першая спроба апісаць выхад яе на святло з таго змроку, у які ўкінута яна жыццём. Няхай яшчэ пад знакам тэалогіі — але спроба выхаду, — цяпер беларускі паэт звяртаўся да беларускага мастака.

А той трымаў у руках апошнюю ілюстрацыю:

— Прыгожы юнак на ілюстрацыі — гэта не анёл, гэта душа Фаўста, душа абноўленая, адроджаная. Я так і запісаў у сшытку…

Але прайшоў нейкі час, пакуль мастак знайшоў гэты сшытак. Тым часам яго сябар глядзеў у вакно, дзе за шклом, за дрэвамі, за сучаснымі сродкамі руху ішоў па зямлі чалавек. Звычайны чалавек, не абцяжараны векавечнымі пошукамі ісціны, просты чалавек, які павінен быў вырашаць звычайныя штодзённыя задачы, заклапочаны, таму што жыццё кожны дзень ставіць перад ім усё новыя і новыя, часам нават невырашальныя задачы.

— Я так і запісаў: “Фаўст аслеп, але пачаў бачыць унутраным зрокам”. Гэта вобраз абноўленага Фаўста. Ён ачышчаецца, ён пачынае разумець сутнасць, тое, дзеля чаго чалавек жыве. Зноў запіс: “Жыць трэба ў імя наступных пакаленняў, а сучасныя людзі думаюць больш пра сябе”. Вось гэта Фаўст зразумеў, гэта ўбачыў. І кожнае пакаленне праходзіць цераз свае спакусы, пераадольвае іх на шляху да самаўдасканалення, у пошуках Ісціны...

Але Караткевіч ужо не чуў апошнія словы. Змрок з вуліцы нібыта ўвайшоў у майстэрню з вялікага акна. Увайшоў-уплыў, і не ў пакой Фаўста, якога маляваў Кашкурэвіч, але ў пакой-майстэрню мастака, дзе побач з карцінамі былі раскладзены рэчы, прылады працы мастака — як зброя, што дапамагае змагацца і з непаслухмяным матэрыялам яшчэ не ўбачанай і не праілюстраванай кнігі, і з традыцыйным успрыманнем яе сюжэта і вобразаў. Як і з самім Часам. Таму знікненне Караткевіча было таксама амаль непрыкметным, як і раней знікненне Гётэ. Бо іх галасы яшчэ працягвалі гучаць у памяці, у свядомасці мастака. І толькі Арлен Кашкурэвіч усё яшчэ схіляўся над сваімі малюнкамі, адчуваючы, што Фаўстам быў не толькі Гётэ. Але што Фаўстам быў і яго сябар, Уладзімір Караткевіч. І, магчыма, Фаўстам быў — і стаў — ён сам.

Галіна АДАМОВІЧ, доктар філалогіі, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры БДПУ імя Максіма Танка