Дык шмат ці няшмат?

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, ініцыятар і арганізатар шматлікіх беларускіх фестываляў
Ізноў працягну тэму фестывальнага руху на прыкладзе фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”.

/i/content/pi/cult/563/12351/5-1.jpgУпэўнены, у яго палажэнні варта прапісаць, што леташні ці пазалеташні лаўрэат форуму сёлета не можа браць удзел у конкурснай праграме. Інакш з года ў год мы будзем бачыць сярод пераможцаў адных і тых жа артыстаў. Для некаторых абласцей гэта самы просты варыянт: замест таго, каб шукаць новыя таленты, узяць калектыў ці асобу, якія сябе зарэкамендавалі, а праз гэта быць ўпэўненымі, што пачэснае месца такі канкурсант атрымае. Праўда, бываюць сітуацыі, што ў вобласці і выбару няма. Таму і працуе на прэстыж рэгіёна шчыльнае кола раскручаных самадзейных артыстаў. Мяркую, такая сітуацыя — вынік недапрацоўкі тых, хто паводле службога абавязку мусіць клапаціцца пра культуру ў рэгіёне. Між тым мае сэнс накіроўваць выканаўцаў, якія не маюць рэгалій, званняў, але для якіх удзел у фестывалі стане стымулам творчага росту.

Яшчэ адна з праблем — размыццё ідэі фестывалю. У выніку ён пачынае абрастаць нетыповымі, неўласцівымі музычнаму святу формамі. На фестывалі паводле вызначэння нічога не можа быць выпадковым. А калі да музычнага фэста прымяркоўваюць спартыўныя спаборніцтвы ці эканамічныя форумы, дык паўстае пытанне: прычым тут фестываль? Перанасычанасць фестываляў іншымі мерапрыемствамі не на карысць іх асноўным удзельнікам. Урэшце, ёсць галоўнае, і ёсць другаснае… Такое можа быць. Але дадатковага элементу не павінна быць замнога. Публіка мае канцэнтравацца на прыярытэтным. Гледачоў, дарэчы, таксама не бывае шмат. Я мог бы прывесці канкрэтныя прыклады па многіх фестывалях, калі на сцэне людзей знаходзіцца больш, чым у зале… Таксама і ў Паставах на сёлетнім фестывалі і зала, дзе адбываўся конкурс “Хто каго?”, і амфітэатр не былі перапоўненымі. Чаму? Мо публіку недастаткова праінфармавалі? А з ёй трэба працаваць!

Праблемы фестывальнага руху наўпрост звязаны і з перспектывай фарміравання турыстычнага патэнцыялу краіны і канкрэтна — сегменту фестывальнага турызму. Пакуль што работнікі культуры гэтым не займаюцца. А да спецыялістаў турбізнесу адпаведныя праблемы, відаць, пакуль не дайшлі. Мяркую, бліжэйшым часам мы зможам адпрацаваць на базе фестываляў у Паставах (ёсць там яшчэ і адметны фестываль “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”) цікавыя фестывальныя туры і зарабляць на гэтым неабходныя для іх арганізацыі сродкі. Бо менавіта ў названым раёне для гэтага ёсць неабходныя перадумовы: і дастатковая колькасць помнікаў гісторыі і культуры, і прыгожыя краявіды, і турыстычная інфраструктура — кафэ і рэстараны, Дом рамёстваў з вялікім выбарам сувенірнай прадукцыі, і падрыхтаваныя спецыялісты. Мабыць, вы запытаецеся, а дзе ў Паставах турыстаў размяшчаць? Для гэтага можна задзейнічаць, акрамя наяўных гасцініц, інтэрнаты, навакольныя аграсядзібы. Згадваю сваю артыстычную маладосць… Калі наш калектыў на гастролях за мяжой раз’язджаў па дзесяці гарадах краіны, за намі з горада ў горад ездзілі аматары народнага мастацтва. А што, тургрупы з Мінска або Віцебска не могуць прыехаць на фестываль у адны толькі Паставы?

Цікавым для фестывальнага руху можа быць досвед Будслаўскага фэсту. Летась на ім было каля 20 тысяч паломнікаў — а там ні гасцініц, ні інтэрнатаў. Але ёсць месца, якое адводзіцца для палатачнага гарадку. У тым гарадку ёсць нават сцэнічная пляцоўка. А яшчэ паломнікаў размяркоўваюць па кватэрах і дамах. А ўпершыню я такое бачыў яшчэ ў 1980-х у Галандыі, куды прыязджаў з калектывам. Усе ўдзельнікі фестывалю збіраліся на сход у мэрыі мястэчка. Туды ж прыходзілі і мясцовыя жыхары, гатовыя даць гасцям прытулак. Абвяшчаюць: “Вось ансамбль “Крупіцкія музыкі” з Беларусі. Хто іх возьме да сябе?” І знаходзіліся людзі, што рассялялі нас і іншых па кватэрах.

У 1990-я ў Беларусі сфарміравалася даволі стройная сістэма рэспубліканскіх фестываляў фактычна па ўсіх відах і жанрах народнага мастацтва. На жаль, як я ўжо згадваў раней, шэраг з іх мы згубілі. А без аўдыторыі, без перыядычных выхадаў на публіку творчыя калектывы гібеюць. Пасля 2003 года, лічы, не праводзяцца рэспубліканскія фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва. Можа, і з гэтай прычыны мы імкліва губляем тэатральныя калектывы? Трэба вяртаць страчанае, калі мы маем за мэту захаванне сваёй нацыянальнай адметнасці. Ці фарміраваць пад гэтую праграму новыя фэсты, новыя культурныя імпрэзы. У Польшчы і Германіі нават невялікія гарадкі і вёскі маюць фестывалі як паўнавартасныя святы для мясцовага люду і шматлікіх гасцей. І разглядаюць іх перш за ўсё як выдатную магчымасць шырокай прэзентацыі свайго рэгіёна. І калі хто гаворыць, што ў нас сёння шмат ці нават зашмат фестываляў, дык, відаць недаацэньвае іх сапраўднай ролі. Ды і не можа быць іх многа. Проста кожны фэст мусіць выконваць сваю функцыю. Быць адметным — як “Мотальскія прысмакі” і “Берагіня”, як “Звіняць цымбалы і гармонік” і Фестываль нацыянальных культур... Сёння ў нас такіх запатрабаваных і раскручаных фестываляў і дзясятка не набярэцца. Іх жа мусіць быць значна больш…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"