Мулявін, якога вы не ведалі (+ відэа і аўдыя)

№ 49 (1227) 05.12.2015 - 11.12.2015 г

40 амаль забытых запісаў знакамітага Песняра
Прапануем Вашай увазе творы ў выкананні лідара ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна, якія дакладна вас уразяць. І праз тое, што яны амаль невядомыя шырокай публіцы, і праз тое, што сапраўды чапляюць сваёй сапраўды мулявінскай глыбінёй. Гэта не “Касіў Ясь канюшыну”, не “За полчаса до весны” і дакладна не “Волагда”. Гэта, лічы, амаль невядомы Мулявін.

/i/content/pi/cult/563/12335/1-11.jpg“А хто там ідзе?”

Уладзімір Мулявін неаднойчы пісаў музыку на творы Янкі Купалы. Шматкроць ён сам выконваў песні на купалаўскія вершы ў складзе “Песняроў”. Але гэты фрагмент гукавога шэрагу з музыкай Сяргея Картэса са стужкі “Раскіданае гняздо” Барыса Луцэнкі не абмінеш: іншае прачытанне, дзе галасы салістаў ансамбля -- самы выразны музычны сродак.

 “Аве, Мария!”

Ну хто сёння памятае, у якую кампазіцыю -- цалкам у рэчышчы прагрэсіўнай (прынамсі, у савецкім разуменні) музыкі 1970-х --  “Песняры” з Мулявіным-вакалістам ператварылі песню на рускамоўны пераклад верша Максіма Танка. І рэлігійная тэма нікому не замінала.

Арыя Янкі Купалы з рок-оперы “Песня пра Долю”

Імя Янкі Купалы ў нашым спісе сустрэнецца яшчэ неаднойчы. І Уладзімір Мулявін шматкроць прымерыць на сябе не столькі нават ягоныя вершы, колькі сам лёс літаратурнага генія. Тут, у "Песні пра Долю", Купала-Мулявін – не апасродкаваны каментатар падзей. Ані! Гэта жывы чалавек, то з болем, то з радасцю за сваіх герояў. І нам з ім баліць, і нам радуецца.

“Служака” (“Появились молодые”)

Мулявін спявае песню на верш Уладзіміра Маякоўскага ў "unplugged" пад акустычную гітару. Тонка, іранічна, з цікавымі паралелямі на наш час. І праўда: “Мы томимся в неизвестности: что нам делать с ихней честностью?»

 

“Бабулька – прадаўшчыца зёлак”

Ізноў верш Янкі Купалы, прычым хрэстаматыйны, той, які за любым часам уключалі ў зборнікі паэта. Лірыку часам упрыгожваюць, а часам і пераўзыходзяць знакамітыя мулявінскія ноты і яго непаўторны тэмбр. Твор канца 1980-х, падаецца, зусім не пасаваў канцэртнаму рэпертуару ансамбля “Песняры”. Мо таму на яго надоўга, шчыра скажам, забыліся.

“В минуты музыки печальной”

Пазнаяце знакамітую манеру ігры на гітары Уладзіміра Мулявіна? Гэта рэдкі запіс лідара “Песняроў” у суправаджэнні аркестра з цікавымі падпеўкамі а-ля польскія “Алібабкі”. Песня вядомага арганіста і кампазітара Алега Янчанкі на верш слыннага рускага паэта Мікалая Рубцова гучала на ўступных кадрах “белрусьфільмаўскай” карціны “Нядзельная ноч”.

“Гітара”

Магутная рэч на верш аўтара знакамітага “Крыку птушкі” Юрыя Рыбчынскага напісана Алегам Аверыным. Існуе твор у дзвюх версіях аранжыроўкі. Найбольш уражвае цяжэйшая, дзе вакал Уладзіміра Мулявіна то драматычна-надламаны, то ўзвышана-ўпэўнены. Карацей, на нерве, на нерве...

 http://radio.vfirsov.pro/component/browpasport/?idCompos=8819

“Готика Святой Анны”

Чарговае развіццё тэматыкі буйной формы ад ансамбля, што замацаваў у СССР моду на гэты жанр. Шкада, хіба, што і гэты твор Максіма Танка выконваўся ў рускамоўным перакладзе, так бы мовіць, з арыентацыяй “на шырокага гледача”. Звярніце ўвагу на суворую пяшчоту Мулявіна ва ўнісон з гітарай у сольных фрагментах “Готыкі…”.

“Дева Мария”

Ці даводзілася вам чуць фрагмент з паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра” ў выкананні “Песняроў”? Так, не "Сузор'я", а менавіта "Песняроў"? Да 500-годдзя сярэднявечнага паэта-лацініста з Беларусі і была напісана (мяркуючы па ўсім, Ігарам Паліводам) гэтая песня. Адна з першых спроб Мулявіна ў жанры малітвы.

http://vma-pesnyary.com/media/mp3/other/deva_maria.mp3

“Дзілайла”

Адзін з найбольш ранніх вядомых запісаў “Лявонаў”, якія, бадай як і ўсе маладыя выканаўцы, пачыналі з кавер-версій. Прычым кавер зрабілі на актульнага акурат тады Тома Джонса. Асноўны вакальны цяжар у калектыве тады клаўся на Уладзіміра Мулявіна, што і сведчыць запіс, а пераклад з англійскай мовы выканаў клавішнік калектыву Валерый Яшкін.

 “Камсамольскі білет”

Звярніце ўвагу на тое, як вакальная пачка грунтуецца на апорным, тэмбральна адметным голасе Уладзіміра Мулявіна. Нават у “цягучым” вакалізе а-ля тыповыя салодкагалосыя “Песняры”. Запіс цікавы не толькі драматычным сола лідара “Песняроў”: Мулявін чатыры разы прапявае “ледяною” замест “ледзяною”, аднойчы забываецца на адзін куляшоўскі радок. Ну і драматызм ажно да надрыву, моцныя ўдарныя, некалькі тэм з розным настроем і тэмпарытмам, сплеценых у адной кампазіцыі. Дадамо, што запіс нагадвае рэпетыцыйную фіксацыю (напрыканцы – нібыта склейка стужкі). А на міньёне Усесаюзнай фірмы мелодыя “Камсамольскі білет” быў запісаны ў рускамоўным перакладзе Міхаіла Ісакоўскага, хаця на канцэртах выконвалася збольшага беларускамоўная версія.

“Кармялюга” (“Кармялюка”)

Песня пра разбойніка Кармялюгу (ці Кармялюку). Гэта адна з версій песні з гэтакім тэкстам у рэпертуары ансамбля. Другая, з сола Ігара Пені, што выконвалася ў рамках праграмы “Вольніца”, заканчвалася цытатай з казацкай песні “Любо, братцы, любо…” У Мулявіна атрымаўся жорсткі рок-варыянт нескаронага Кармялюгі з запамінальнымі гітарнымі рыфамі.

“Краю мой родны”

1997 год. За некалькі месяцаў да расколу ўдзельнікі “Песняроў” запісваюць альбом бас-гітарыста калектыву Аляксандра Кацікава на вершы Ларысы Геніюш. Адкрываў дыск гэты твор у выкананні Мулявіна пад сціплы фартэпіянны акампанемент Алега Молчана. О, як пранікнёна праспяваў Уладзімір Георгіевіч радок “Пахучым палеткам буйной канюшыны”, прыслухайцеся…

“Краю мой родны! Як выкляты Богам” + "Ой, чаму я стаў паэтам?"

Не аднойчы “Песняры” дэманстравалі элементы сімфанічнай формы ў сваёй творчасці. Як элемент почырку ансамбля варта звярнуць увагу і на гэты суплёт двух нумароў, што адкрываў праграму “Вянок” на вершы Максіма Багдановіча. Першая частка гучыць як плач і прысуд паэта самому сабе, нібыта вянок-эпітафія, а другая – таксама паэтычны прысуд, але ўжо ўсяму роднаму краю. Вельмі сімвалічна для 1991-га: “Брацця, ці зможам грамадскае гора? Брацця, ці хваце нам сілы?” Музычны мінімалізм падкрэслівае напружана адчужаны вакал Уладзіміра Мулявіна.

“Лиличке (вместо письма)”

Магутны верш Уладзіміра Маякоўскага, які наўрад ці мусіў быць паэзіяй, але стаў ёй. І Уладзімір Мулявін, які гэты ламаны, як кардыяграма хворага сэрца, крык пераўвасобіў у найтонкую і звушпачуццёвую кампазіцыю. Музычныя лейтматывы з “Лилички…” праходзяць у шматлікіх інтэрпрэтацыях праз увесь цыкл “На ўвесь голас!” Звярніце ўвагу таксама на партыі гітары Аляксандра Растопчына і саксафона Уладзіслава Місевіча!

“Маналог сабакі”

Яшчэ адзін твор часоў глыбокай перабудовы, калі ў савецкім грамадстве было можна амаль-амаль усё. Сабаку не проста далі выказацца – дазволілі пакусаць грамадства за яго заганы. Мулявін вельмі па-акцёрску ў некаторых эпізодах абыгрывае вобраз у гэтай песні Ігара Паліводы з тэмпам акурат у хуткасць сабакі, што бяжыць. Ну і барада ва Уладзіміра Георгіевіча на відэазапісе адметная: “выгадаваная” за час афрыканскіх гастроляў “Песняроў”.

“Московские окна”

Усё гучала б, відаць, вельмі дзяжурна (апрацоўвалі песню акурат пад творчы вечар паэта Міхаіла Матусоўскага ў пафасным маскоўскай Калоннай зале палаца чагосьці ам), каб не лёгкі рытм басановы, вясновы капёж клавішных, карункавы бэк-вакал і глыбокі голас Мулявіна – на фірмовай мяжы паміж тэнарам і барытонам.

“На Купалле”

Тое, з чым мы асацыюем слова “Песняры”, -- акапэльны спеў. Куплет на верш Янкі Купалы запявае Мулявін, прыпеў – салісты ансамбля з выразным першым планам характэрнага голасу Анатоля Кашапарава. Яшчэ адна рэч з фільма “Раскіданае гняздо” на музыку Сяргея Картэса. 

“Над калыскай”

Пад акустычную гітару праспяваная калыханка з купалаўскага цыкла “Я нясу вам дар…” Дакладна патрапіў Мулявін у вобраз лірычнага героя. А якой нязломнай упартасцю мужыка вее ад жорсткага радка: “Янка сеяў – людзі жалі”!

“Не кляніце мяне”

Адзін з двух запісаў гэтага купалаўскага верша пад аркестравую фанаграму музыкі Дзмітрыя Яўтуховіча. Другую рабіў Леанід Барткевіч. У Мулявіна атрымаўся плач, раз-пораз – з камяком у горле.

 “Облади-облада”

“Лявоны” спяваюць “Бітлз”. Песенька пра гандляра, які, у перакладзе таго ж Яшкіна ведае, “много ль человеку в жизни надобно”, і “научил торговать свою жену”. У жарце “на тэму” саліруе Уладзімір Мулявін.

“Обманите меня”

Філасофская лірыка рускага паэта Максіміліяна Валошына добра пасавала пачатку 1990-х. Акрамя вартасцей самой паэзіі, у спеве Мулявіна на музыку Алега Молчана не можа не зачапіць радок пра таго, хто, завязаўшы вочы, “ведёт лабиринтом в неведомый зал”.

 

“Ой, княжна…”

Бадай апошняя з новых песень, што паспеў выканаць на публіку Уладзімір Мулявін. Некалькі сінтэтычны каларыт музычнай часткі разбаўляе гук а-ля ліра. А голас майстра раптам пераходзіць да спеву “на ўсмешцы”. І маладзее Мулявін, падаецца, ці не да веку зуха-юнака.

 “Па-над белым пухам вішняў”

Некалі Уладзімір Мулявін прызнаў, што ягоны твор на гэты верш Максіма Багдановіча, прайграе вытанчанай песні Ігара Паліводы. Ды і гэтую, напісаную з адкрытай свету душой, рэч ніяк не назавеш “нумарам два”. Мулявін з 1991-га года ў ёй перанёсся нібыта ў 1971-ы: малады голас, што цягам твора сталее, убіраючыся ў моц. 

 “Перед атакой”

Бой па струнах акустычнай гітары – адзіны акампанемент у гэтым творы. Не песні нават, а суплёту выказанай у інтанацыях малітвы перад боем і з перажытых страху і мужнасці атакі. Магутная рэч на верш франтавіка Сямёна Гудзенкі.

 “Песня салдата”

Некалі гітарыст ансамбля “Песняры” Уладзімір Ткачэнка сказаў пра Мулявіна: “Лужоная глотка”. І ў “Песні салдата” акурат і знайшлася прастора вакалу Уладзіміра Мулявіна! Шкада,  што пра гэтую песню Ігра Паліводы на словы Роберта Бёрнса з кантаты “Вясёлыя жабракі” забыліся ці не на тры дзесяцігоддзі -- да нядаўняга аднаўлення праграмы пад кіраўніцтвам яшчэ аднаго колішняга “песняра”, бас-гітарыста і скрыпача Барыса Бярнштэйна.

 http://prosound.ixbt.com/recording/burns/audio/Soldat.aif

“Последние залпы”

Мулявін у гэтай рэчы на верш Аляксандра Твардоўскага, фінальнай у цыкле “Праз усю вайну”, не спявае – кладзе бронзавыя літары на  граніт помніка Перамогі. Паслухаеш такую песню і падумаеш: а навошта патрэбныя сённяшнія “пыжанні” з прэтэнзіяй на ваенную тэму? Каб збядніць яе ды лішні раз падзацягаць? Справа ў тым, што калі не ўсё, дык, прынамсі, многае ў ёй ужо сказана. Даўно сказана, прычым таленавіта.

“Прывет табе, жыццё на волі…”

Ізноў прывітанне Багдновічу. Лёгкае, летняе, эстраднае ў лепшым сэнсе гэтага слова і за кошт музыкі, і праз вакал Мулявіна, падзелены ў гэтай песні з Ігарам Пенем.

 

“Путь”

Песня, зробленая пад творчы вечар расійскга кампазітара Алега Іванова. Адметная яна тым, што пазначае сабой пошукі Мулявіным чарговай моцнай рэчы для свайго рэпертуару. Але “Путь” – толькі спроба на такім шляху. Сапраўдныя ўдачы -- яшчэ будуць!

“Разговор с товарищем Лениным”

Тэатра аднаго акцёра пра Уладзіміра Леніна ад Уладзіміра Мулявіна на верш Уладзіміра Маякоўскага. Ёсць некалькі вельмі кранальных пасажаў, што запомніліся мулявінскай інтэрпрэтацыяй стаўлення да Ільіча "як да роднага". Але ў цэлым, “Разговор…” не ўражвае па-за кантэкстам канкрэтнай праграмы. Мо каб без слоў паслухаць музыку Мулявіна, выкананую на раялі...

“Разлад”

Хоць і на рускай мове гэтая песня паводле верша Янкі Купалы, але “Разлад” уражвае. Сацыяльны, метафарычны Мулявін у містычнай атмасферы гэтай, асобна ўзятай рэчы.

“Спадчына”

Ну і што тут невядомага? А сам вакал Уладзіміра Мулявіна. Нягледзячы на аранжыровачныя прыбамбасы і прыбудовы, ён і дае жыццё гэтай песні Ігара Лучанка, вынятай з адпачатковага “песняроўскага” рэпертуару для ўмацавання рэпертуару бягуага адразу пасля расколу ансамбля. Так, толькі голас Мулявіна, пасталелы нібыта гадоў на дзясятак за лічаныя месяцы.

“У нашай хаце”

Новая спроба “Песняроў” патрапіць у фольк-ваду. Вось толькі “кладачка тоненька, вада халодненька”, а маладзейшымі быць ніяк не атрымлівалася.

 “Увертюра”

Памятаеце радкі Маякоўскага “Я сразу смазал карту будня, плеснувши краски из стакана”? А цяпер уявіце, што іх з усім напорам гэтага паэта, “предводителя, горлана, главаря”, выконвае Уладзімір Мулявін. Вось і “Уверцюра”, у якой задаюцца асноўныя музычныя ніткі кампазіцыі “На ўвесь голас!” 

 http://vma-pesnyary.com/media/mp3/vo_ves/01.mp3

“Улицы без конца”

Яшчэ адзін саўндтрэк да прадукцыі “Беларусьфільма” (амаль аднайменнай з песняй: стужка -- пра адну вуліцу). Верш Валерыя Яшкіна Мулявін выконвае  з такім вакальным разгортам, такой пераканаўчасцю, што нельга не пашкадаваць: чаму ж песню не выконвалі на канцэртах ансамбля?

“Хрыстос уваскрос!”

Гэткі своеасаблівы працяг лініі, зададзенай у свой час кампазіцыямі “Аве Мария!” і ”Готика Святой Анны”. Вось толькі Мулявін пасталеў, і прамаўляе не легенды, а адзін са сваіх, калі жадаеце, творчых і чалавечых маніфестаў словамі рускага паэта Дзмітрыя Меражкоўскага на музыку Алега Молчана.

 “Честь имею”

Яшчэ адзін маніфест позняга Мулявіна, пра які гаворыць сама назва песні. Ён тут не зрываецца на крык ці  павышаны голас. Вакальны малюнак майстра праяўляецца пераходамі ад мяккіх да жорсткіх тэмбраў і наадварот. 

 “Я лишь поэт”

Вам спадабаецца гэты паэт, апеты Робертам Бёрнсам і “амузычнены” для “Песняроў” Ігарам Паліводам! Ён лёгкі на ўздым, ён пераканаўчы, нарэшце, ён грэшны. Вось такую палётнасць ад полюсу да полюсу і задае вакал Уладзіміра Мулявіна.

 

“Я не паэта…”

А тут паэт кардынальна іншы. Не, ён не скардзіцца, па беларускай традыцыі, на тое, што "асвенчан кроўю, потам". Але ў вакале Мулявіна можа і жалеза праскочыць, і роспач ажно да адчаю. І раптам – пераход у гімнічны вакаліз. А пасярод песні тыповы для таго часу ў “Песнярах” брыдж як палёт слова Купалы (а верш у аснове кампазіцыі – ягоны) над роднай зямлёй.

 http://mp3.cc/m/112981-Pesnyary/36347148-12-YA_ne_paeta/

“Як жа мне ў любві сваёй прызнацца…”

Відаць адзінкі памятаюць сцэну са стужкі “Ясь і Яніна”, дзе герой Уладзіміра Мулявіна прапявае гэтую караценькую песню на палубе цеплахода. Вершы для фрагмента адмыслова напісаў Леанід Тышко, першы бас-гітарыст “Песняроў”.

Аўдыя- і відэаматэрыялы -- з адкрытых крыніц у Інтэрнэце. Рэдакцыя не мае дачынення да размяшчэння запісаў у Сеціва.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах