Калі тандэм складзецца?

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

Прынцыпы паводле Караткевіча: вяртаць да гісторыі і да сябе
Міхась Краснабаеў прыйшоў у Тэатр імя Якуба Коласа трыццаць гадоў таму пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. І на той час заявіў пра сябе як яркі самабытны акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яму ўдаваліся ролі як лірыка-гераічнага, так і камедыйнага, вострахарактарнага плану. Пасля стажыроўки па рэжысуры ў народнага артыста Расіі Пятра Фаменкі Михась Дзмітрыевіч працуе ў Коласаўскім на пасадзе рэжысёра-пастаноўшчыка. Сярод яго работ (тут Краснабаеў і аўтар інсцэніровак) — і квартэт спектакляў паводле твораў Уладзіміра Караткевіча: “Вераб’іная ноч”, “Ладдзя Роспачы”, “Леаніды не вернуцца на Зямлю” і “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. А паколькі нумар выходзіць акурат у дні, калі мы адзначаем 85-годдзе слыннага беларуса, пачалі гутарку з гэтага этапу ў творчай біяграфіі віцебскага рэжысёра.

/i/content/pi/cult/562/12326/6-2.jpg— Я прасякнуўся гэтай асобай. Я дыхаю, як ён, думаю, як ён, адчуваю край і людзей так, як і ён. З беларускіх пісьменнікаў ён для мяне самы блізкі і любімы. Бывае, чытаеш твор іншага аўтара, напісаны нібы па-беларуску, але не пакідае адчуванне штучнасці. А ў Караткевіча асаблівы стыль, напеўнасць гучання, інтэлігентнасць. Ён вяртаў нас да беларускай гісторыі, якую мы не ведалі, і, лічы, вяртаў нас да саміх сябе. Тым больш я працую ў тэатры са статусам “нацыянальны”. Ну як да твораў Караткевіча не звяртацца? На жаль, сёння айчынныя драматургі пішуць, у асноўным, па-руску, бо думаюць на рускай мове. А ёсць жа нейкія істотныя, сакральныя для нас рэчы, тыя грунтоўныя пытанні, у якіх спрабаваў разабрацца пісьменнік.

— Але ў полі вашых інтарэсаў — не толькі Караткевіч. Наколькі я ведаю, у творчых планах — “Сымон-музыка”. Ці не стане замінаць вам як рэжысёру ўплыў даўнейшай пастаноўкі на Коласаўскай сцэне? Якія пытанні, праблемы, сугучныя нашаму часу, вы знаходзіце ў тым творы?

— Цудоўны быў спектакль! Я яго нядаўна пераглядаў у відэазапісе. Там сабралася выдатная каманда: Таццяна Мархель, Яўген Шыпіла, Тадэвуш Кокштыс, Генадзь Шкуратаў, Таццяна Ліхачова... Гэта была з’ява: спектакль з поспехам мог бы ісці і зараз. Але многія сышлі з тэатра, а хто і пакінуў наш свет. Я не думаю, што матэрыял трэба істотна змяняць, але варта ісці ад аўтара: Колас усё сказаў. Можа, акцэнты па-іншаму расстаўлю. Напэўна, буду пісаць сваю інсцэніроўку, рызыка пайсці за ранейшай пастаноўкай сапраўды існуе. Пра сучаснасць няма чаго і казаць: гэта пра Беларусь. А яшчэ пра творцаў, якія не адзіным хлебам жывуць, развіваюць свядомасць народа, нас некуды рухаюць, прымушаюць нашы душы працаваць.

— Мабыць, па форме гэта — метафарычны тэатр?

— Абсалютна слушна. Адно з самых вызначальных пытанняў — музыка. Калі браць выдатную музыку Картэса, якой быў аздоблены мінулы спектакль паводле паэмы на коласаўскай сцэне, дык на выхадзе атрымаецца паўтор. Магчыма, у сённяшняй версіі пастаноўкі варта “сканструяваць” музычную аздобу на аснове аўтэнтычнага фальклору? Прынамсі, тое — адзін з варыянтаў.

— Колькі слоў пра новы праект. Да Новага года вы рыхтуеце “Снежную каралеву” Яўгена Шварца. Чым прывабіла п’еса?

— Дыхтоўнай драматургіяй. Мне давялося прачытаць варыянтаў шэсць інсцэніровак паводле андэрсэнаўскай казкі. Узнікала адчуванне, што аўтары пішуць антрэпрызы на выезд: мінімум герояў і дэкарацый. А дзецям жа найперш трэба паказаць прыгожую карцінку, яркі візуальны шэраг. У Шварца цудоўна выпісаныя вобразы герояў, а не проста сюжэт, прысутнічае інтрыга, таму артысты працуюць з задавальненнем.

— Ці будзеце ўжываць спецэфекты?

— Наколькі дазволяць фінансавыя магчымасці. На жаль, гэта адна з праблем беларускага тэатра. Як і моўная.

— Так, на беларускае слова ў прыватнасці і на слова ўвогуле юны глядач рэагуе складана. Яно, можна сказаць, на яго не ўздзейнічае. Асабліва з цяперашнім веданнем беларускай мовы ў гарадскіх школах...

— А потым гэтыя ж дзеці прыходзяць да нас.

— Мабыць, пэўным чынам вырашаць гэтую задачу імкнецца тэатр “Лялька”, які ў Віцебску працуе выключна па-беларуску. Ягоныя гледачы потым, у больш сталым узросце, прыходзяць у Коласаўскі...

— Але гэтага недастаткова. Школа павінна больш актыўна працаваць у такім кірунку. Магчыма, не зашкодзіла б павялічыць колькасць гадзін на вывучэнне роднай мовы.

— А якія вашы першыя тэатральныя ўражанні, што, магчыма, паўплывалі на выбар акцёрскай прафесіі?

— Яшчэ ў дзяцінстве мы ладзілі з сябрам у школе вечарыны. Я нават п’есу ў той час напісаў. І тады ж упершыню адчуў смак улады над залай, над гледачом. Потым я яшчэ два ці тры спектаклі рабіў па ўласных інсцэніроўках. Праз шмат гадоў мне давялося ўжо як коласаўцу выступіць на сцэне таго сельскага клуба, дзе некалі ў дзяцінстве іграў (памятаю, гэта быў спектакль “Кветкі-ягадкі” па п’есе Васіля Ткачова)…

— Вы ўдала пачыналі свой творчы шлях як акцёр. Нельга сказаць, што ваш сцэнічны лёс не склаўся. І раптам пайшлі ў рэжысуру…

— Займаўся на курсе выдатных педагогаў — народнай артысткі СССР Аляксандры Клімавай і Андрэя Карсакоўскага, сцэнічную мову выкладаў Ілья Курган, танец — Тамара Узунава, сцэнічны бой — Людміла Сямашка. Сапраўдныя легенды! На адным курсе са мной вучыліся будучыя коласаўцы Алесь Брысь (які, на жаль, рана пайшоў з жыцця) і Наталля Аладка, Ігар Дзянісаў з Купалаўскага, Аляксандр Ждановіч з Горкаўскага, Таццяна Папова (яна ў мінскім Новым драматычным)... Дыпломныя спектаклі ставілі Барыс Утораў, сама Клімава ў тандэме з Аўгустам Мілаванавым, той жа Карсакоўскі, Барыс Луцэнка.

А што да рэжысуры… На пачатку 1990-х не пакідала адчуванне творчай незадаволенасці, а мне было за трыццаць. І вось мы неяк сабраліся з акцёрамі і задумалі самастойную працу — “Вераб’іную ноч” паводле апавядання “Паром на бурнай рацэ” (пралог да рамана “Нельга забыць”) Уладзіміра Караткевіча. Я сам напісаў інсцэніроўку, сыграў ролю рускага афіцэра Горава, Пора-Леановіч — Валянцін Салаўёў, жонка Грынкевіча — Алена Шарэпчанка... А потым пайшло-паехала. Акцёр стварае адзін вобраз, а рэжысёр — цэлы свет: тут іншыя аб’ём, адказнасць, высілкі.

— Якія ўрокі, прынцыпы работы з матэрыялам, з акцёрам вы засвоілі, трапіўшы на стажыроўку да Пятра Фаменкі?

— У мяне за плячыма на той час былі 15 гадоў акцёрскай працы, некалькі пастаўленых спектакляў. Так што пэўны творчы багаж меўся. Тое, што трапіў на стажыроўку да Пятра Навумавіча, — адна з найвялікшых удач у жыцці. Ён якраз у гэты час ставіў “Вайну і мір. Старонкі рамана” паводле Льва Талстога, спектакль потым атрымаў “Залатую маску”. Мяне ўразіла, як Фаменка працаваў са словам. Мне здавалася, што майстар ухопліваў рытм спектакляў, яны гучалі ў яго своеасабліва, але ў тым выпадку, калі ён іх ставіў са сваімі выхаванцамі (не толькі студэнтамі, але і артыстамі, якіх таксама можна лічыць яго вучнямі). Гэта быў, канешне, геніяльны чалавек, але якой карпатлівай працай усё тое дасягалася!

Ведаеце, мы прызвычаіліся ўсё рабіць на хуткую руку, раптам натхніць кагосьці альбо чакаць, калі рэжысёрскае слова акрыліць, і тады ў акцёра ўсё атрымаецца. У Фаменкі дзённыя рэпетыцыі ішлі з 11-й да 16-й гадзіны, пасля гадзіна на абед, потым — зноў рэпетыцыя ўжо вячэрняга спектакля. Хто працуе ў тэатры, уяўляе, колькі такая праца каштуе сіл, разумее, што так працаваць немагчыма, калі гэта не твае акцёры, якіх ты вырасціў, якія табе вераць, ідуць за табой да канца. Таму і ствараліся ў “Майстэрні Пятра Фаменкі” такія цудоўныя спектаклі, што заўсёды прысутнічаў тандэм вялікага рэжысёра і выдатна падрыхтаваных артыстаў. Без гэтай умовы дасягнуць у тэатры нечага значнага, на маю думку, не атрымаецца.

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа