Смак кароткіх сустрэч з У.К.

№ 48 (1226) 28.11.2015 - 04.12.2015 г

З Уладзімірам Караткевічам я сустракаўся некалькі разоў. Неяк у маі 1983 года пабачыліся на вернісажы юбілейнай выстаўкі Аляксандра Кішчанкі ў Палацы мастацтва. Потым зайшлі ў кішчанкаўскую майстэрню. Было тады чалавек сем-восем: Гаўрыла Вашчанка, Ангеліна Бельцюкова, здаецца, Валодзя Басалыга, яшчэ хтосьці… Уздымалі кілішкі, гаворачы традыцыйныя тосты “за здароўе юбіляра Сашы”, “за мастацтва і паэзію”, за прэм’ерны выхад на экраны фільма “Чорны замак Альшанскі”… Кішчанка алоўкам накідваў партрэт Уладзіміра, а Караткевіч, які добра развесяліўся, прачытаў усім чатырохрадкоўе “Склероз”.

/i/content/pi/cult/562/12307/15-1.jpgТам жа, у майстэрні, пад ягоную дыктоўку я занатаваў сабе ў блакнот:

У яго быў склероз — ну чыстае гора!

Але ён быў мужны і не паддаваўся:

Кожны дзень забываў ён, ці піў учора,

І, на ўсякі выпадак, апахмяляўся.

(Пасля трэці радок загучыць так: “Кожны дзень не помніў, ці піў учора”.)

Праз два гады Кішчанка напісаў партрэт пісьменніка. На дзіва ясным і ўзнятым над мітуснёй шэрай рэчаіснасці, акрыленым марай, велічным і строгім атрымаўся вобраз Караткевіча. І раскрытая кніга на стале як сам Лёс — на фоне агромністага беларускага неспакойнага неба… Але гэтае палатно Уладзімір Сямёнавіч ужо не ўбачыў…

Яшчэ адна сустрэча з класікам адбылася на выстаўцы, прысвечанай юбілею Максіма Багдановіча. Было гэта ў снежні 1981 года — таксама ў Палацы мастацтва. Я тады працаваў у Саюзе мастакоў і прымаў непасрэдны ўдзел у яе падрыхтоўцы і арганізацыі. Урэшце, Уладзімір Сямёнавіч у наш Саюз, які быў яму не чужы, часам заходзіў, бо сябраваў з Уладзімірам Басалыгам, Яўгенам Куліком і Леанідам Шчамялёвым, а таксама іншымі мастакамі, у тым ліку ілюстратарамі ягоных кніг. Наколькі памятаю, менавіта на той выстаўцы студэнт БДТМІ Рыгор Сітніца пазнаёміўся з пісьменнікам. З кімсьці з кіраўніцтва Саюза я спачатку суправаджаў Караткевіча ў іпастасі добраахвотнага гіда па выстаўцы, а потым ён самастойна пажадаў прайсціся па экспазіцыі. Не любіў, калі яму заміналі… І — нечакана надоўга затрымаўся менавіта ля твора Сітніцы, прысвечанага Багдановічу. Назву аркуша я потым успомніў: “Чым болей сходзіць дзён…” Тады я здалёк убачыў, як яны, два Сямёнавічы, Рыгор і Уладзімір, зацікаўлена размаўляюць каля работы. Але пра тую сустрэчу і пра тое, аб чым яны там размаўлялі, лепш мог бы распавесці сам Сітніца…

На кватэры ў Караткевіча я быў толькі аднойчы. Дакладна не памятаю, калі. Здаецца, у 1980 годзе. Мяне зацягнуў туды Пётра Драчоў. Пяты праверх дома № 36 па вуліцы Карла Маркса... Калі мы зайшлі, адразу заўважылі, што Караткевіч выглядаў неважнецкі, мусіць, з учарашняга банкета. Ён вельмі ўзрадаваўся няпрошаным гасцям, тым больш мы прынеслі з сабой пляшку таннага каньяку. З пісьменнікам я ўжо быў павярхоўна знаёмы, а Пётра наогул лічыўся ягоным сябрам, таму гутарка за “круглым сталом” на кухні пад чарку і салату са свежай капусты ішла жвава, цікава і займальна. Хвілін праз сорак Караткевіч паглядзеў на гадзіннік, падхапіўся: неўзабаве павінна з’явіцца Валянціна Браніславаўна, ягоная жонка, якая, мякка кажучы, не вельмі любіла ўсялякія мужавы “слабасці”. Пра што мы тады гутарылі, ужо нават і не памятаю. Але пра сваю другую “палавінку” ён паспеў расказаць.

Ажаніўся Валодзя позна, у сорак. Да таго доўга сустракаўся з будучай жонкай, з якой пазнаёміўся ў Брэсце, дзе яна працавала ў краязнаўчым музеі і чытала лекцыі па гісторыі КПСС у педінстытуце. Неяк Караткевіч запрасіў яе ў Ракаў на вяселле Вячаслава Рагойшы. Яна не размаўляла па-беларуску, не ўжывала спіртное, і тады “памяркоўныя” мужыкі сталі казаць Валодзю, што Валянціна яму не пара. Жанчына расплакалася, у стрэсе выпіла паўшклянкі самагонкі, паспрабавала пайсці з вяселля, але зламала абцас. І Караткевіч павёз яе ў Мінск. У каханні яны пражылі 12 гадоў. А беларускай мовай Валянціна авалодала дасканала.

Пра талент і зігзагі жыцця Караткевіча я ўжо штосьці ведаў са слоў некаторых яго дружбакоў, у тым ліку ад Валянціна Тараса, Рыгора Барадуліна, Пётры Драчова, а таксама ад Вячаслава Адамчыка, з якім мы, суседзі па лецішчах на Лысай гары, час ад часу гутарылі за ўнікальным дубовым сталом. Калісьці ён, гэты славуты стол, належыў Караткевічу, а пасля яго смерці перайшоў у “спадчыну” да Вячаслава Уладзіміравіча, сябра і суседа па кватэры. Дарэчы, Адамчык вельмі ганарыўся гэтым сталом як сімвалам памяці пра сяброўства з няўрымслівым і неспакойным Валодзем Караткевічам.

Пра апошняе лета 1984-га Уладзіміра Сямёнавіча праз дзесяць гадоў мне распавёў аўтар вельмі ўдалага мастацкага афармлення рамана “Чорны замак Альшанскі” Пеця Драчоў, які разам з Караткевічам і фатографам Валянцінам Ждановічам здзейснілі на плытах шматкіламетровую вандроўку па Прыпяці, пра што я ў свой час падрабязна пісаў у газеце “Культура” і ў “Беларускім гістарычным часопісе”. Жыць геніяльнаму творцу зямлі беларускай пасля таго падарожжа заставалася ўсяго некалькі дзён…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"