Хваля рэйтынгу

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Сёння модна складаць розныя топ-рэйтынгі, спісы прыярытэтаў. Гэта можа быць рэйтынг лепшых музычных кампазіцый, фільмаў, тавараў. Вось і навагрудскія бібліятэкары ў Год моладзі падчас дзеяння раённай акцыі “Моладзь ЗА кнігу і чытанне” склалі топ-рэйтынг самых чытаных кніг сярод адпаведнай аўдыторыі. Гэта топ з “Дзесяці кніг, якія ўзрушылі мяне”.

Спіс заяўленых кніг паказальны для чытацкіх пераваг сучаснай моладзі, і яшчэ раз пацвярджае вынікі папярэдніх даследаванняў і мерапрыемстваў, якія прайшлі ў межах акцыі (бліц-апытанне “Чытаць — гэта модна?”, вялікае онлайн-галасаванне “Любімая кніга пра вайну”, конкурс рэцэнзій “Ёсць такая кніга!”). Некаторыя аўтары і творы паўтараюцца з даследавання ў даследаванне. Гэта Міхаіл Булгакаў, Васіль Быкаў, Барыс Васільеў, Наталля Батракова, Стэфані Морган Маер.

На першым месцы нашага рэйтынгу — кніга сучаснага беларускага аўтара Наталлі Батраковай “Тэрыторыя душы”. Другі радок заняла кніга Маргарэт Мітчэл “Знесеныя ветрам”, а трэці — кніга беларускага празаіка Галіны Пярун “Прабач”.

Чацвёртае, шостае, сёмае і дзясятае месцы займаюць кнігі Стэфані Морган Маер, амерыканскай пісьменніцы, якая стала вядомай дзякуючы серыі раманаў “Прыцемкі”. Дзве пазіцыі займаюць рускія аўтары. “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава — пяты радок, а кніга Барыса Васільева “А досвіткі тут ціхія…” — восьмая ў топ-рэйтынгу.

На дзявятым месцы кніга “Спяваючыя ў цярноўніку” аўстралійскай пісьменніцы Колін Маккалоў.

Як бачна, у моладзі ў прыярытэтах як сучасная беларуская літаратура, так і замежная. Урэшце, ніякі рэйтынг, і наш — таксама, не можа ведаць, якая кніга закране да глыбіні душы і прымусіць думаць канкрэтнага чытача, а гэта, бадай, — самае галоўнае пакліканне. І ўсё ж з тым, што навагрудская моладзь вызначыла як самую чытаную літаратуру, варта пазнаёміцца. Нават для таго, каб ведаць, чым захапляюцца дзеці і ўнукі, каб быць на хвалі.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынга Навагрудскай раённай бібліятэкі