Дасье на героя

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Чым можа зацікавіць чытача сельская бібліятэка? Якой павінна быць установа, каб вясковы працаўнік пасля напружанай працы завітаў сюды не толькі ўзяць пачытаць што-небудзь цікавае, але і з карысцю правёў свой вольны час?

/i/content/pi/cult/560/12277/6-4.jpg

Наведвальнікі гісторыка-краязнаўчага цэнтра.

Сельская бібліятэка аграгарадка “Агарэвічы” размешчана на трэцім паверсе будынка-велікана мясцовага Дома культуры. Тут карпатліва збіраюць краязнаўчыя матэрыялы. У выніку ўзнік гісторыка-краязнаўчы цэнтр “Бусліны край — мой вырай і прыстанак”. Матэрыялы, прадстаўленыя тут, апавядаюць пра мінулае і сённяшняе вясковае жыццё і, канешне, пра людзей, якія сваёй працай стваралі гісторыю Агарэвіч.

Вялікую каштоўнасць ўяўляе тэматычнае дасье “Заўсёды помнім…” пра воіна-афганца Мікалая Крысюка, які не вярнуўся дадому з той вайны. Куточак, прысвечаны земляку, змяшчае ўспаміны аднакласнікаў, класнага кіраўніка, сяброў, ваенныя фотаздымкі і пасмяротныя ўзнагароды Мікалая. У бібліятэцы часта наладжваюцца сустрэчы з маці героя, з воінамі-інтэрнацыяналістамі, а таксама — патрыятычныя ўрокі.

Пра гады Вялікай Айчыннай нагадаюць дасье пра ветэранаў “Яны прайшлі па той вайне”, успаміны бежанцаў, лёс якіх звязаны з нашым краем — “З гісторыі вёскі і лёсу людзей”. Свята захоўваецца спіс загінулых на вайне землякоў “Не памірае памяць…”. Гісторыка-краязнаўчы цэнтр змяшчае больш за дзясятак дасье пра арганізацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі вёскі. Праз фотаздымкі і ўспаміны людзей раскрыты гісторыі сельскага Савета, камбіната бытавога абслугоўвання, паштовага аддзялення, школы, юнацка-спартыўнай школы, ФАПа, дзіцячага садка. Цікавыя персанальныя дасье пра шаноўных людзей вёскі.

На тэрыторыі вёскі знаходзіцца сядзіба Апацкіх, якая з’яўляецца помнікам архітэктуры. Некалькі гадоў таму сюды наведаліся нашчадкі роду колішніх уласнікаў. Яны падарылі Агарэвіцкай бібліятэцы ўнікальныя фотаздымкі і дакументальныя матэрыялы. Таму сёння чытач можа разгарнуць схему панскіх уладанняў Апацкіх, а на фота разгледзець саму пані Апацкую, якая не толькі добра ставілася да вясковых людзей, але і сама шмат працавала.

Агарэвіцкая сельская бібліятэка з’яўляецца лідарам сярод бібіліятэк Ганцаўшчыны па назапашванні краязнаўчых звестак. Паліцы гісторыка-краязнаўчага цэнтра налічваюць не адзін дзясятак дакументальных матэрыялаў і тэматычных дасье, сотні фотаздымкаў, і гэта яшчэ не скончаная праца. Гэта робіцца для таго, каб маладое пакаленне не губляла сувязь з мінулым свайго роднага куточка, каб захаваць сённяшнюю вёску.

Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай РЦБС