“Тут і цяпер” на… апошнім сеансе?

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Напярэдадні моманту ісціны для нашага кіно
Яшчэ дзесяць — пятнаццаць гадоў таму ўсё кіно ўпэўнена падзялялася на прафесійнае і аматарскае. З пераходам кінамастацтва ў лічбавы фармат такі падзел, па меншай меры, стаў неактуальным. Здымачная тэхніка — усё больш даступная, а яе якасць павышаецца. Таму і колькасць амбіцыйных маладых людзей, якія вырашаюць паспрабаваць сябе ў якасці аўтараў фільмаў, становіцца ўсё больш. Ды і самі знятыя без вялікіх бюджэтаў і па-за межамі буйных студый стужкі часам мала адрозніваюцца ад карцін, зробленых за салідныя грошы выпускнікамі знакамітых кінашкол. У кароткаметражным кіно такая тэндэнцыя праяўляецца найбольш ярка.

/i/content/pi/cult/558/12215/5-45.jpgДнямі давялося паўдзельнічаць у працы журы фестывалю якраз такога, новага, кіно. Гэты фэст айчынных стужак праходзіў ужо ў чацвёрты раз, але ўпершыню ў Беларусі. Прыемна, што яго арганізатарам давялося сур’ёзна папрацаваць ужо на стадыі адбору: на конкурс даслалі чатыры дзясяткі ігравых і дакументальных карцін, а ў выніковую праграму ўвайшло толькі дванаццаць. Тузін розных па ўзроўні пабудовы сюжэту, якасці выканання, але аб’яднаных адным работ: усе яны знятыя ў Беларусі нашымі маладымі суайчыннікамі. Хтосьці з аўтараў вучыўся дома, практычна ў хатніх умовах, хтосьці скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і цяпер паступіў ва ВГИК, а то і ў якую парыжскую кінашколу. Галоўнае ж, што ўсе фільмы створаны аўтарамі па ўласным жаданні, без замовы звонку і, адпаведна, без дыктату спонсараў ці пракатчыкаў.

Зразумела, буйныя кінакампаніі, чые фільмы мы кожны дзень бачым у кінатэатрах і на тэлеэкране, вырабляюць не адно толькі камерцыйнае, забаўляльнае кіно. Але менавіта ў большасці сваіх сціплых па маштабах, шмат у чым тэхнічна недасканалых спробах сённяшніх канкурсантаў ёсць тое, чаго даўно пазбавілася кінаіндустрыя. Аўтары работ, не абцяжараныя абавязацельствам сабраць вялікую касу. Таму яны аказаліся максімальна адкрытымі ў развагах пра свет, краіну, саміх сябе. Яны былі шчырыя нават у сваіх памылках і выкарыстанні кінематаграфічных штампаў.

Не дзівіць, што падобныя паказы і фестывалі атрымліваюць усё большы рэзананс. У глядзельныя залы ў дні паказаў прыходзяць ўжо не толькі здымачныя групы конкурсных стужак са сваякамі. Верагодна, менавіта шчырасцю і пачуццём саўдзелу да кіно тлумачыцца энтузіязм, з якім публіка запоўніла залу Цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску і сустракала напружанай увагай кожны новы фільм. На ахвотных паглядзець нешта сваё, пра што не распавядаюць па тэлевізары, было так шмат, што седзячых месцаў хапіла не для ўсіх: гледачы не толькі стаялі ўздоўж сцен, але нават глядзелі на экран з калідора!

Пакуль непрызнаным кінапракатам і дыстрыб’ютарамі, адборшчыкамі “вялікіх” фестываляў аўтарам трэба дзесьці дэманстраваць свае працы, атрымліваць ацэнку ад гледача і, па магчымасці, ад прафесіяналаў, абменьвацца ўражаннямі адзін з адным. І тут на дапамогу прыходзяць арганізатары якраз такіх мерапрыемстваў. Падобных фэстаў цяпер у Мінску праходзіць некалькі. І з кожным годам іх колькасць толькі павялічваецца. Вось і “Лістапад”, што набраў цягам апошніх гадоў саліднай вагі, ужо не мог не запрасіць новае пакаленне “фільммэйкераў” у нядаўна створаны Нацыянальны конкурс форуму. У яго рамках фільмы тых, хто прыйшоў з вуліцы, будуць сёлета на роўных спаборнічаць з прадукцыяй “Беларусьфільма”. Пагадзіцеся, момант ісціны для айчыннага кіно.

У свой час франка-амерыканскі рэжысёр Мішэль Гандры зняў карціну пра групу энтузіястаў, якія вырашылі падручнымі сіламі зняць сваё кіно. У працэсе здымак аказалася, што галоўнае — зусім не якасць будучага фільма, а той энтузіязм і пачуццё яднання, якое атрымалі ўдзельнікі здымачнай групы. Падобнае ж пачуццё яднання можна распаўсюдзіць і на новае пакаленне гледачоў. Разбэшчанае магчымасцю імгненна і ў неабмежаванай колькасці спампоўваць з Інтэрнэту найноўшыя фільмы самых вядомых рэжысёраў, гэтае пакаленне цяпер цікавіцца ўнікальнасцю стужкі, адчуваннем “тут і цяпер”, якое можна атрымаць толькі на праглядзе “свайго” на сеансе, што, магчыма, стане для фільма і яго аўтара першым і апошнім.

У нейкім сэнсе мы назіраем нараджэнне новай з’явы, якая пакуль яшчэ чакае свайго вызначэння. Асноўным адрозненнем кінафільма ад іншых твораў мастацтва заўсёды была магчымасць яго бясконцага тыражавання. Для аўтараў новага пакалення больш важнай аказваецца магчымасць бесперашкоднага самавыяўлення. Яны гатовы здымаць бясконцую колькасць стужак дзеля пары-тройкі паказаў на фестывалях малабюджэтнага кіно ці проста ў спадзяванні, што яны абавязкова знойдуць сваю маленькую, але адданую аўдыторыю ў Сеціве.

Ці значыць гэта, што аўтары самаробных “маблкараў” (як называюць адзін са спецыфічных жанраў самадзейнага безбюджэтнага кіно) ды іншых спроб самавыяўлення рана ці позна праславяць сваю краіну на найважнейшых міжнародных кінафестывалях класа “А”? Ці скарыстаецца іх паслугамі кінаіндустрыя? У якасці прыкладу можна прывесці казахстанскага рэжысёра Адзільхана Ержанава, які некалькі гадоў запар здымаў фільмы, вельмі падобныя на цяперашнія працы маладых мінскіх альтэратыўшчыкаў. У выніку, дзякуючы ўвазе крытыкаў, ён атрымаў магчымасць зняць поўны метр і патрапіць адразу ажно ў паралельны конкурс Канскага фестывалю, а потым ужо і ў конкурс таго ж “Лістапада”. Сярод маладых беларусаў ёсць, па меншай меры, некалькі аўтараў, чые энергія і талент цалкам могуць дазволіць ім прэтэндаваць на нешта большае, чым удзел у фестывалях малабюджэтнага кіно.

Але справа нават не ў падтрымцы “юных талентаў”, якая часцяком аддае адкрытай крывадушнасцю. А ў працэсе саміх здымак, які ў кіно становіцца, падобна, больш важным за вынік. У магчымасці самавыяўлення з дапамогай сродкаў выразнасці кіно, ад якога ўжо нельга адмахнуцца і якое ў бліжэйшы час захопіць яшчэ больш нашых суайчыннікаў.