Пасля прэміі

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Чатыры журналісткі — пра адну пісьменніцу
Нобелеўская прэмія па літаратуры, што сёлета атрымала беларуска Святлана Алексіевіч, стала нагодай для шырокіх грамадскіх абмеркаванняў. У цэнтры ўвагі публікі апынуліся самыя розныя аспекты. Журналісткі "К" паспрабавалі ацаніць вартасць прэміі з пункту погляду ўплыву міжнароднага поспеху на сферу культуры Беларусі, імідж краіны і культуралагічнае ўспрыняцце намі саміх сябе.

/i/content/pi/cult/556/12168/2-111.jpgРадуйцеся, спадарcтва, радуйцеся!

Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч адразу запусціла хвалю запытаў у анлайн-пошукавіках: у сусветнай прасторы колькі дзён на першых радках рэйтынгаў трымаліся не толькі хэштэгі з імем пераможцы, але і са словам “Беларусь”. Лаўрэат ускалыхнула цікавасць да нашай краіны.

Далібог, дарэмна на радзіме частка дасведчанага грамадства ўспрымае факт узнагароджання Алексіевіч у штыкі. Гэта прэмія — і частка нас з вамі. Яна — нагода ганарыцца сваёй культурай (незалежна ад мовы, на якой яна транслюецца), штуршок развівацца далей (у любым кірунку). А яшчэ гэта шанец пазбавіцца ад няўпэўненасці для многіх айчынных творцаў. А вось, глядзіце, могуць, і яшчэ як!

Засмучае, што дасягненне ў літаратуры так і не змагло аб’яднаць нашу культурную прастору. Навіну пачалі раскручваць у прыватнасцях і збольшага прыватнікі. Напрыклад, адзін з аператараў мабільнай сувязі дасылаў сваім абанентам sms-паведамленні з інфармацыяй пра ўручэнне прэміі і дадаў прапанову чытаць кнігі Алексіевіч у яго анлайн-бібліятэцы бясплатна тры дні. Прыватнае выдавецтва запэўніла людзей, якім не дасталася ўжо знакамітая пенталогія, што замовіла ў расійскага праваўладальніка дадатковы вялікі тыраж. Пры прадчувальным ажыятажы дзяржаўныя кнігарні павялі сябе так, нібы амаль нічога не адбылося. Я зайшла ў адну з іх: творы Алексіевіч проста паклалі бліжэй да касы. А была ж нагода штатным менеджарам праявіць сябе і падаць тавар так, каб нават той, хто не заглядваў у Інтэрнэт, менавіта ля кніжнай паліцы даведаўся б пра навіну. А ў іншай кнігарні сціпла напісалі “савецкая і беларуская пісьменніца”.

Хочацца, каб беларусы навучыліся цешыцца за поспехі сваіх жа суграмадзян. Без усялякіх “але” і “ўсё ж”. Імя Алексіевіч для свету ўжо назаўжды звязана з Беларуссю. Яна стала брэндам краіны, таму давайце шчыра парадуемся за яе і зробім так, каб гэта перамога дапамагла развіццю нацыянальнай культуры ды папулярызацыі яе ў свеце.

Настасся ПАНКРАТАВА


Хіба толькі літаратурная?

Як учора памятаю: 2013 год у кантэксце Нобелеўскай прэміі па літаратуры нагадваў хакей — перамога за Канадай. Нічога, падумала я, для самой сябе пажартаваўшы, што Пушкін таксама не быў лаўрэатам, але неяк трымаецца на Алімпе амаль 200 гадоў. Святлана Алексіевіч проста чакала свайго часу. І дачакалася, а разам з ёй усе мы.

Навіна абляцела маё асяроддзе імгненна. Тэлефанаванні, сустрэчы, пасты ў сацсетках, узаемавіншаванні — такой была першая рэакцыя нашага грамадства. Добры знаёмы распавёў нават, што даведаўся аб прысуджэнні прэміі ад супрацоўнікаў… атэлье па рамонце абутку. Адчуванне гонару, відаць, кранула кожнага з нас!

Другая рэакцыя была не без лыжкі дзёгцю. Пачаліся традыцыйныя ў такіх выпадках развагі, скажам, наконт паходжання пісьменніцы, мовы напісання яе твораў, месца жыхарства, грашовых пытанняў... Але і гэта грамадскі “страўнік” пераварыў. А што далей, пасля эйфарыі, радасці, для некаторых — сумнення, скептыцызму? І сапраўды, ці зменіцца нешта ў нашых жыццях пасля атрымання беларускім грамадзянінам такой знакавай узнагароды, датычнай культуры?

Кожная дзяржава вядзе свой летапіс: перамогі, дасягненні, прарывы запісваюцца ў “асабістую справу”, зарубкамі пакідаюцца ў падручніках па гісторыі і нават у самаадчуванні людской супольнасці як нацыі. І гэта цудоўна. Але галоўнае, каб праца Святланы Алексіевіч, таксама адметная з’ява ў беларускай “біяграфіі”, не засталася такой вось адзінай птушачкай. Галоўнае, каб дзеці ў школах не толькі завучылі дату і імя гэтай падзеі, а каб іх увага была звернута непасрэдна да твораў літаратаркі. Бо, напэўна, лепш, чым гэтая жанчына, менавіта сёння ніхто не патлумачыць чытачу праз літаратуру, што такое вайна і яе наступствы, што такое безадказнасць, несправядлівасць, што такое адчай, боль, а разам з тым — надзея, воля, імкненне, сапраўдныя пачуцці, барацьба. Дакументальнасць робіць кнігі Алексіевіч па-сапраўднаму каштоўнымі, дыдактычнымі, а недалёкае мінулае, да якога яна часцей за ўсё звяртаецца, становіцца праекцыяй на сучаснасць і будучыню.

Магчыма, гэта падзея перавыканае сваю місію, нават возьме на сябе функцыю “прэміі міра”, што ўручалі на дзень пазней. Прынамсі, варта на тое спадзявацца. Мо я наіўны ідэаліст, але ў 2015 годзе, каб скончылася ўся жудасць, што адбываецца з насельнікамі планеты, дастаткова проста адкрыць амаль любую кнігу Алексіевіч і ўсёй планетай яе разам прачытаць.

Аліна САЎЧАНКА


Гендэр і вусная гісторыя

У расійскай прэсе адзначаюць “першая рускамоўная пісьменніца”, у заходняй — “за доўгі час урэшце ўзнагарода за дакументальную прозу”. А што ў Беларусі?

Дакументалісты з усяго свету радуюцца за Святлану Алексіевіч: на немастацкую прозу зноў звярнулі ўвагу. Прэмія “за поліфанічную творчасць…” нагадвае, што пісьменніца дала голас сотням людзей, дазволіла распавесці сваю гісторыю, паставіўшы такім чынам “…помнік пакутам і мужнасці ў наш час”.

З 2011 года грамадская арганізацыя “Гісторыка” рэалізуе праект “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Ладзяцца экспедыцыі па зборы ўспамінаў сведкаў гістарычных падзей, матэрыялы апрацоўваюцца і выстаўляюцца ў Сеціве. Вельмі спадзяюся, што Нобелеўская прэмія Святланы Алексіевіч паспрыяе папулярызацыі вуснагістарычных даследаванняў, прастымулюе навукоўцаў да выдання зборнкаў вусных аповедаў.

Этнаграфічныя даследаванні, калі разабрацца, — таксама вусная гісторыя, але гісторыя штодзённасці. Можа, уласна навуковыя зборнікі ўспамінаў не дужа зацікавяць шырокую публіку, але адпаведна аформленыя, скампанаваныя — чаму не?

Некаторыя кажуць, маўляў, як гэта Алексіевіч выдае ў сваіх кнігах тэксты іншых людзей і атрымлівае за гэта прэміі. Расчытка інтэрв’ю, яго літаратурнае афармленне — вялікая праца, таму нельга сказаць “Алексіевіч не аўтарка, аўтары — толькі людзі”. І ў вуснагістарычных, і ў этнаграфічных доследах сусветныя тэндэнцыі — браць пісьмовую згоду таго, хто апытваецца, на далейшае выкарыстанне тэксту. У суседніх Польшчы і Літве так працуюць каля 10 гадоў, у Беларусь тэндэнцыя толькі прыходзіць: прэмія Алексіевіч можа стаць пачаткам дыскусіі аб дзеянні аўтарскага права ў палявых даследаваннях.

Нягледзячы на тое, што тэмы, узнятыя ў прозе Алексіевіч, “сур’ёзныя”, “мужчынскія”, мне здаецца, што яе кнігі застаюцца вельмі “жаночымі”, гендэрна адчувальнымі. Гісторыі жанчын на вайне, у варунках чарнобыльскай катастрофы, паказаны не з “гераічнага” ракурсу, а з вельмі жыццёвага. Вернецца з вайны інвалідам мужчына — ён герой, адразу чарга нявест. А інвалід-жанчына? Нікому не патрэбная… Нават не інвалід. Жах бярэ, калі чытаеш, што жанчыну маглі асудзіць аднавяскоўцы, нават калі яна вярталася з медалямі: была на вайне — значыць, згубіла дзявочы гонар. І што самае страшнае — так казалі пасля Другой сусветнай, але мала што памянялася і пасля Афганістана.

Спадзяюся, цяпер чытаць Алексіевіч будзе больш людзей, і гэтыя жаночыя гісторыі не застануцца незаўважанымі, маргіналізаванымі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ


Праз споведзь

Памятаю, як дзесяць гадоў таму, да ўгодкаў Васіля Быкава, рабіла апытанку. “Каб не Быкаў, у нас тады ўвогуле праўды не было б”, — да гэтай пары згадваю словы аднаго драматурга, які так ацаніў творчасць беларускага класіка. Мне падаецца, нешта падобнае можна прамовіць у дачыненні да яшчэ аднаго пісьменніка — Святланы Алексіевіч.

Урэшце, Святлана Аляксандраўна папросту паспела. Паспела запісаць сведчанні, якія сёння ўжо немагчыма зафіксаваць, бо людзі сышлі… Паспела вывесці галасы тых, каго і не прынята было ў свой час распытваць — жанчын, дзяцей… Паспела паказаць тую праўду вайны, жыцця — якая, на жаль, не адна на ўсіх, як Перамога, — а ў кожнага свая. Паспела стварыць шматгалосы хор гісторыі, якую, аказваецца, можна ўспрымаць праз споведзь маленькага чалавека, а не праз вялікі наратыў.

Але самае галоўнае, на маю думку, што яна выпакутавала. Бо глядзець у абліччы столькіх пакутаў — не дзясяткаў нават, а сотняў людзей, — ужо не проста фіксацыя, а выпрабаванне сумесным болем: Алексіевіч паспела звязаць тое самае савецкае мінулае і суверэннае сёння. Хто гэты “чырвоны чалавек”? У чым яго сіла і слабасць? Маладыя пакаленні ўжо з неахвотай азіраюцца назад, каб убачыць яго сыходзячы, некалі цвёрды крок. Але амаль усе мы — нашчадкі яго. Дык можа, варта разабрацца з тым, што нам дасталося ў спадчыну ў самым шырокім кантэксце?

Мяркую, прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч — гэта яшчэ адна, неацэненая пакуль, магчымасць разабрацца ў сабе. З каго і з чаго мы створаны? Што намі рухае? Сталыя пакаленні і маладыя: савецкія і постсавецкія.

Гэта нагода для кагосьці, нарэшце, пачаць чытаць. Для іншых — праверыць сябе на трываласць. Для некага — проста патрапіць у трэнд, набыўшы томік Нобелеўскага лаўрэата. Але, паўтаруся, гэта магчымасць — я ўпэўнена! — дадзена, каб вывучыць пэўны ўрок. Пашукаць, перачытаць, разабрацца… Занурыцца ў людскія споведзі і задумацца: магчыма, мы нешта прапускаем?

Перамога Алексіевіч — гэта зрух тэктанічных пліт нашай свядомасці. На колькі сантыметраў — кожны вырашае сам.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст