“Дыснэйлэнд”... Драздовіча?

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Ужо не адзін год ідуць размовы пра тое, што ў турыстычнай структуры Беларусі не стае такога важнага чынніка, як уласны “дыснэйлэнд”. Якім ён мусіць быць, пакуль не абмяркоўвалася. Аднак, думаецца, знойдзецца шмат прыхільнікаў ідэі пабудаваць на нашай зямлі чарговую варыяцыю сусветнавядомага забаўляльнага парку. Маўляў, навошта “ровар вынаходзіць”?

/i/content/pi/cult/556/12167/4-28.jpgУолт Дыснэй быў у сваёй справе геніяльнай асобай. Ён як мастак-аніматар адаптаваў для Амерыкі значны пласт еўрапейскай міфалогіі, ды так удала, што Еўропа і астатні свет прынялі дыснэеўскае бачанне ў якасці канона. Да таго ж, ён стваральнік уласна амерыканскіх казачных герояў, якія сталі ўлюбёнымі для дзяцей з усяго свету. Такім чынам, “Дыснэйлэнду” — праекту, паводле якога ў адным месцы сабралі і эфектна прадставілі ўсе шэдэўры Дыснэя, — быў наканаваны поспех. А тое, што Францыя, Японія і Кітай — краіны з моцным культурным патэнцыялам і выразным нацыянальным менталітэтам — скапіравалі ў асноўных рысах “класічны” “Дыснэйлэнд”, крыху дадаўшы нацыянальнага каларыту, сведчыць: творчая спадчына маэстра цалкам адаптаваная ў адпаведную прастору гэтых краёў. Аднак ва Усходняй Еўропе, да якой належыць і наша краіна, сітуацыя іншая.

Праект, натхнёны “Дыснэйлэндам”, здзейснены ў Расіі. Але ўсе ж такі гэта тэматычны забаўляльны парк з ухілам у рускую казку. Пабудаваны ён у Сочы і ўжо лічыцца гарадской цікавосткай. Гэты праект можна лічыць пробным, пілотным. Бо зараз грунтоўна распрацоўваецца ідэя пабудовы аналага “Дыснэйлэнда” ў Маскве. Мяркуючы па змешчаных у Сеціве здымках, аўтары праекта паспрабуюць увасобіць у яго абліччы вобраз быліннай Русі ў спалучэнні з элементамі сталінскага ампіру. Каб выглядала “па-багатаму”. Ну а галоўнымі тут будуць героі мультфільмаў савецкай і расійскай вытворчасці.

Наўрад ці здолеем зрабіць свой забаўляльны парк такім жа шыкоўным, як класічны "Дыснэйлэнд" ці ягоны маскоўскі аналаг: не тыя матэрыяльныя магчымасці. Але мы можам вылучыцца, прычым у сусветным кантэксце, за кошт арыгінальнай канцэпцыі. Яшчэ напярэдадні мінскага Чэмпіяната свету па хакеі планавалася пабудаваць забаўляльны компекс побач з “Чыжоўка-Арэнай”, дзе былі б і заапарк, і атракцыёны, і, што найбольш важна, этнакультурны комплекс “Спадчына Беларусі” — своеасаблівая дэкарацыя, на фоне якой можна ладзіць тэатралізаваныя дзеі этнаграфічнага ці гістарычнага зместу. З пэўных прычын праект застаўся нерэалізаваным. На сёння ёсць цікавы праект парка “Беларусь” для Мінска, дзе ў міні-фармаце мусіць быць прадстаўлена ўся наша краіна праз найзнакамітыя помнікі дойлідства і прыроды. Падобныя экспазіцыі пад адкрытым небам ёсць шмат у якіх краінах, і яны карыстаюцца нязменным попытам у турыстаў.

Летась ідея стварэння пад Мінскам аналага “Дыснэйлэнда” была агучана тураператарамі, зацікаўленымі ў тым, каб знаходжанне турыста ў нас было больш змястоўным, а для нашага бюджэта больш прыбытковым. Чаму менавіта пад Мінскам? Ды з той прычыны, што замежнікі не надта настроены выпраўляцца па цікавосткі ў рэгіёны і адхіляцца далёка ўбок ад галоўнай магістралі, што пачынаецца ад Брэста і ідзе праз Мінск на Маскву. Каб такі "дыснэйлэнд" стаў прывабным, турыст павінен тут пабачыць нешта такое, чаго ў іншых краінах няма. А значыць, трэба пачынаць не з тэхнічнага задання, а з вобразнай канцэпцыі.

Найлепшым варыянтам мне падаецца “дыснэйлэнд” па матывах касмагоніі Язэпа Драздовіча. Уяўляеце, як ягоныя касмічныя фантазіі могуць глядзецца у фармаце лазернага шоу! А вандроўка па планетах Сонечнай сістэмы, якімі іх уяўляў сабе дзядька Язэп, — ці ж гэта не свята для дзяцей і для дарослых, якія не згубілі здольнасці здзіўляцца? І каб у цэнтры гэтага Сусвета — Беларусь. Дакладней — прастора паміж рачулкамі Аутай і Мнютай, якая фактычна і з’яўлялася Космасам нашага Вечнага вандроўніка. А чаму не? Праз малое, калі правільна глядзець, можна пабачыць вялікае, неабсяжнае.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"