Падыход Дзятлава

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Дзятлаўскага раёна налічвае каля 15 тысяч чытачоў, прыблізна 40 працэнтаў з іх складаюць падлеткі і моладзь — найважнейшыя і незаменныя як чытачы. Менавіта для іх мясцовыя бібліятэкары вынаходзяць і пад іх адаптуюць кніжныя забавы, імпрэзы і конкурсы. Пра адну з іх “К” распавяла загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Святлана СЕРБІН.

/i/content/pi/cult/556/12160/7-2.jpg— З апошніх навінак — конкурс фотаздымкаў “Сэлфі з кнігай”, які праводзіўся з 1 ліпеня па 1 верасня ў рамках акцыі “Моладзь, якая чытае — надзея Дзятлаўшчыны”. Вядомы факт, пацверджаны навукоўцамі, што сучасная моладзь (у тым ліку і з нашага раёна) проста не можа ўявіць сваё жыццё без сэлфі. Вось і паспрабавалі супрацоўнікі ўстановы культуры прыўнесці ў гэты занятак (звычку, хобі — называйце як заўгодна) трошкі сэнсу і карысці праз асветніцкі чыннік: чаму б не зафіксаваць сябе на камеру з любімым творам у руках? Такім чынам выконваюцца і асноўныя задачы бібліятэкі — прыцягненне ўвагі да чытання, фарміраванне чытацкага густу, кампетэнтнасці і інфармаванай адукаванасці карыстальнікаў, у прыватнасці — моладзі. І інтарэсы такой катэгорыі публікі ўлічваюцца.

Конкурс быў прарэкламаваны па ўсіх бібліятэчных установах раёна, абвясцілі пра яго і на сайце раённай установы. За 20 удзельнікаў на вэб-старонцы прагаласавала больш за 600 чалавек. Сайт бібліятэкі, дарэчы, — даволі папулярнае месца ў моладзі, як і сама кніжніца.

Урэшце, цягам года бібліятэкі не забываюцца на свайго чытача, кантактуючы з ім не толькі ў працэсе кнігаабмену. Шэраг аб’яднанняў дзейнічае на базе цэнтралізаванай сістэмы, рэгулярна ладзяцца мерапрыемствы, імпрэзы, сустрэчы.

— Але кніга, — дадае Святлана Сербін, — па-ранейшаму застаецца галоўным аб’ектам увагі для чытацкай аўдыторыі ў бібліятэках, у тым ліку і аўдыторыі маладзёжнай. Балазе фонд установы задавальняе патрэбы сваіх наведвальнікаў, а чытанне застаецца актуальным і без “штучнай” падтрымкі ў выглядзе забаўляльных фотаспаборніцтваў.

Але, магчыма, у іх крыецца больш глыбокі сэнс? Скажам, кантакт са сваёй аўдыторыяй, стымуляванне яе творчай актыўнасці, наладжванне сяброўскіх зносін.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст