Ідэя ёсць! А яе працяг?

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Ці знойдзе прыхільнікаў ідэя рэгенерацыі цэнтра Полацка?
Летась у “К” № 31 былі апублікаваны матэрыялы з “круглага стала”, прысвечанага аднаўленню гістарычных дамінант Полацка. Тады дацэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ прадставіў распрацаваны групай энтузіястаў эскізны план рэгенерацыі Верхняга замка ў калысцы беларускай дзяржаўнасці. За год тыя матэрыялы былі дапрацаваны і з ініцыятывы Беларускага фонду культуры вынесены на грамадскае абмеркаванне з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры краіны. Імпрэзу з гэтай нагоды ў Нацыянальным мастацкім музеі наведала карэспадэнт “К”.

/i/content/pi/cult/556/12158/7-1.jpg

Такі плот бачаць турысты на адной з відавых кропак Полацка.

Сістэмы бракуе

Памятаю сваё першае наведванне горада над Дзвіной і Палатой: уяўленне пра старажытную сталіцу Полацкага княства, сфарміраванае на школьных уроках гісторыі, адразу знікла ад сутыкнення з рэальным станам горада... Канешне, за апошняе дзесяцігоддзе тут было шмат чаго зроблена. У тым ліку распрацавана Дзяржаўная праграма развіцця Полацка і Полацкага запаведніка, генеральны план горада, турыстычны маршрут “Сцежка Ефрасінні Полацкай”. Аднак многія з такіх ініцыятыў не выкананы ў поўным аб’ёме, ды і канцэпцыі цэласнага бачання прыцягальнай для турыстаў гістарычнай часткі горада так і не з’явілася. Вось і работы з гістарычнымі аб’ектамі вядуцца далёка не заўжды сістэмна, а часам — досыць павольна, зацягваючы аднаўленне аблічча слыннага горада на нявызначаны час...

У экспертных колах чуваць шмат нараканняў на тое, што статус велічнага горада быў зніжаны ў свой час да раённага цэнтра. Пры гэтым у краінах-суседках склалі годныя канцэпцыі для развіцця колішніх сталіц, прынамсі — Пецярбурга ды Кракава. Апошняе, у сваю чаргу, узнімае даследчую і археалагічную працу на іх тэрыторыі на больш высокі ўзровень. У нас жа нават Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік мае ўсяго толькі абласное падпарадкаванне. Непрыемна ўражвае спецыялістаў і спіс падрыхтаваных да рэстаўрацыі і нават ужо адноўленых дамоў, якія доўгі час пустуюць (горад пэўны час не можа вырашыць, як найлепшым чынам распарадзіцца ўласнасцю), а значыць, разбураюцца. Не сакрэт, што ў запаведніка і мясцовых улад нярэдка адрозныя пазіцыі ў бачанні перспектыў развіцця горада.

— Мы зараз маем пэўныя хібы, — выказаўся на пасяджэнні кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. — Паглядзіце на тое, што сёння адбываецца на тэрыторыі Бельчыцкага манастыра: хто дазволіў пракладку газаправода на ўнікальным гістарычным месцы? Колькі мы казалі пра праект аховы, пра культурны слой, даводзілі да адказных асоб загады і канкрэтныя ўказанні, але экскаватар працягваў шкрэбаць рэшткі сцяны і падмурка ХІІ стагоддзя...

Спіс такіх парушэнняў можна доўжыць. Прынамсі, архітэктар, навуковы кіраўнік гістарычнага цэнтра Полацка Вадзім Гліннік з жалем распавёў, што за апошнія пяць гадоў амаль цалкам страчана драўляная забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя на Ніжнепакроўскай вуліцы. Ідзе бессістэмная рэканструкцыя, і навукоўцы, фактычна, не маюць інструментаў рэальнага ўплыву на сітуацыю.

Дзе ты, панарама?

Пагаджуся са спадаром Цялежнікавым, што звычайныя турысты, прыязджаючы ў Полацк, перш за ўсё чакаюць пабачыць нешта з IX — XVI стагоддзяў. Зразумела, з той пары захавалася не багата, але ёсць шмат варыянтаў, як адлюстраваць страчаныя знакавыя будынкі ў сучасных варунках. А каб падарожнікі з першых крокаў разумелі асаблівасць Полацкай зямлі, неабходна займацца не толькі комплекснай распрацоўкай рэгенерацыі Верхняга замка ці афармленнем завершанага архітэктурнага ансамбля цэнтральнай плошчы, але і звярнуць увагу нават на кольца пры ўездзе ў горад: яно, аб’ядноўваючы асноўныя шляхі, па якіх прыбываюць людзі, нічым не вылучаецца з шэрагу падобных кропак у Беларусі. Уладзімір Іванавіч прапанаваў выйсце: устанавіць там знак, які адлюстраваў бы повязь часоў.

Мяркую, не мяне адну непрыемна ўражвае ў Полацку неаднароднасць панарамы турыстычных маршрутаў. Сёння ў горадзе шмат што заслонена. Нават у самых “прахадных” месцах варта крыху павярнуцца — і ў аб’ектыў фотакамеры “лезе” незразумелы плот ці непрывабная сцяна ад малацікавага гмаху нейкай установы. Па словах Цялежнікава, зрабіць больш прывабнай панараму можна простым раскрыццём некаторых відавых кропак. Тады Сафія і Верхняй замак стануць візуальнай дамінантай горада не толькі на словах.

Як падлічыў Уладзімір Цялежнікаў, затраты па рэгенерацыі цэнтральнай плошчы, Ніжнепакроўскай вуліцы і Верхнім замку складуць суму, эквівалентную 5 — 7 мільёнам долараў. Пры годнай турыстычнай плыні штогод у бюджэт краіны зможа вяртацца каля 2 мільёнаў. Вымалёўваецца класічная карціна: чым больш дзяржава будзе ўкладаць у развіццё гістарычнай прывабнасці горада, тым хутчэй укладзеныя грошы вярнуцца ў бюджэт.

“Рэйкі” ад навукі

Ідэя групы энтузіястаў, прадстаўленая на пасяджэнні, атрымала як падтрымку, так і заўвагі, сярод якіх нямала сапраўды слушных. Спецыялісты казалі, што ў прадстаўленых матэрыялах ёсць шмат элементаў, за якія можна зачапіцца і нават вывесці на камерцыйную аснову, але неабходна пазбягаць архітэктурных фантазій. І відавочна: Полацку не стае апорнага гісторыка-архітэктурнага плана.

— Паставіўшы справу на навуковыя рэйкі, мы ўбачым, што ў нас засталося, з якога перыяду, і што можам цяпер рабіць, — дадаў Ігар Чарняўскі. — Тады выбудуецца логіка ўзаемадзеяння ўсіх гэтых элементаў. З такога плану будуць вынікаць аб’ёмныя рашэнні. Мы не ўяўляем сабе, як сапраўды выглядаў Полацк у свой гістарычны “залаты час”. Пацверджаннем апошняй думкі з’яўляецца сітуацыя са Спаса-Праабражэнскай царквой. Пра яе было напісана нямала даследаванняў, праведзены рэканструкцыі. А ў маі бягучага года ўскрылі старажытны падмурак, які цалкам перавярнуў уяўленні пра аблічча храма. Вось і вынік: Полацку проста неабходны прафесійныя раскопкі на сталай аснове і з улікам новых тэхналогій у археалогіі.

З гэтай нагоды кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі прапанаваў заняцца стварэннем Полацкай навуковай экспедыцыі. (Прыводзілася ў прыклад Наўгародская экспедыцыя, якая працуе з 1930-х.) Балазе ў Полацку існуе фундаментальная база, Полацкі ўніверсітэт зможа стаць каардынатарам сур’ёзнай працы, не абавязкова маштабнай, але эфектыўнай.

Будзем спадзявацца, што гэтыя пытанні і патрэбы не застануцца толькі на ўзроўні слушных прапаноў. Чым хутчэй знойдуцца магчымасці для іх рэалізацыі, тым больш у нас шанцаў пабачыць цэласны і турыстычна прыцягальны горад-помнік велічнага мінулага.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"