Які лёс чакае kulturabrest.by?

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Брэст — культурная сталіца Беларусі-2015 / Пра папулярнасць блогу мэра і тысячы наведвальнікаў
У пачатку 2015 года Брэст афіцыйна стаў культурнай сталіцай Беларусі, а ўжо праз месяц распачаў працу сайт kulturabrest.by, на якім збіраецца ўся інфармацыя, датычная рэспубліканскай акцыі... Працуюць над кантэнтам для гэтай інтэрнэт-старонкі, як ні дзіўна, не журналісты, а мясцовыя бібліятэкары, якія, дарэчы, названы партал і стварылі. Прычым, што аказалася для мяне яшчэ больш дзіўным, шчыруюць супрацоўнікі бібліятэкі над гэтым знакавым для Брэста сайтам… на грамадскіх пачатках.

/i/content/pi/cult/556/12156/6-2.jpgТысячы “падабаек”

Па словах дырэктара Брэсцкай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святланы Сямашка, праект быў задуманы яшчэ да абвяшчэння горада над Бугам Культурнай сталіцай краіны:

— Сайту kulturabrest.by папярэднічала вялікая праца, — распавяла “К” кіраўнік установы культуры. — Яшчэ ў жніўні 2014 года мы пачалі да яго рыхтавацца. Тады ў адной з папулярных сацыяльных сетак намі была заснавана суполка, якая так і называлася: “Брэст — культурная сталіца Беларусі”.

Па словах маёй суразмоўцы, галоўная мэта стварэння названай суполкі была, у асноўным, асветніцкая — каб папулярызаваць культуру Брэста ў Cеціве. Бібліятэкары распавядалі пра самыя значныя культурныя падзеі, якія адбываліся ў горадзе над Бугам: наведвальнікі маглі пазнаёміцца з навінамі і анонсамі мерапрыемстваў, мастацкімі і дакументальнымі фільмамі пра Брэст, відэа- і аўдыядакументамі, фотаздымкамі, спасылкамі на іншыя групы культурнай тэматыкі, сайты.

Пасля працы ў бібліятэкараў паболела: старонкі з такой жа назвай “Брэст — культурная сталіца Беларусі” з’явіліся і ў іншых сацыяльных сетках: некаторыя з іх маюць да тысячы падабаек.

Сайт — без грошай

Пасля атрымання Брэстам статуса Культурнай сталіцы краіны бібліятэкары загарэліся ідэяй стварыць афіцыйны сайт. Балазе, пэўныя напрацоўкі меліся. Самае цікавае, што планы ўдалося ажыццявіць — і нават без бюджэтнага фінансавання.

— Такога сайта, які акумулюе ўсё тое, што адбываецца ў культуры горада, раней ніхто не рабіў, — кажа Святлана Сямашка. — А мы вельмі хацелі яго займець. Фінансаванне пад праект прадугледжана не было, тады мы, з дапамогай мэцэнатаў, аплацілі хостынг і даменнае імя, узялі шаблон для сайта — і стварылі свой арыгінальны прадукт!

Усё, падаецца, лёгка. Але, зразумела, патрабавалася зрабіць не проста адзін з шараговых сайтаў, а прадстаўнічы партал агульнарэспубліканскай акцыі і гарадской культуры наогул. Таму, па словах візаві, асноўнымі патрабаваннямі сталіся якасць і аператыўнасць інфармацыі, яркасць і даступнасць матэрыялу.

— У студзені група энтузіястаў (значную работу праводзіў супрацоўнік аддзела аўтаматызацыі і інфармацыйных тэхналогій Брэсцкай гарадской цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Алег Голас), пачала працу над сайтам, — працягвае Святлана Сямашка. — У лютым ён стаў даступны інтэрнэт-карыстальнікам. Але праца над ім працягваецца і сёння. У нас яшчэ шмат ідэй, якія патрабуюць увасаблення.

Ад блогу да тысяч наведвальнікаў

Акрамя навін і анонсаў, на сайце “Брэст — культурная сталіца Беларусі” прадстаўлены рубрыкі, у якіх распавядаецца пра тэатры, музеі, бібліятэкі горада над Бугам. Дарэчы, спасылкі на kulturabrest.by прапануюцца на вэб-старонках брэсцкіх бібліятэк, а таксама на сайце гарадскога выканаўчага камітэта. Як зазначыў супрацоўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Аляксандр Калмакоў, навіны, узятыя з тэматычнага сайта, праглядае каля 300 наведвальнікаў штотыдзень.

Калі ж казаць пра запатрабаванасць рэсурсу, дык сюды завітвае, па словах Святланы Сямашка, прыкладна тысяча гасцей штотыдзень. Агулам жа больш за 32 тысячы чалавек за ўвесь час існавання старонкі.

Прычым самым папулярным на партале з’яўляецца блог старшыні Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандра Рагачука. Гаворка там вядзецца, вядома ж, пра культуру: мэр распавядае пра свае ўражанні ад гарадскіх акцый, дзеліцца думкамі і меркаваннямі... Першы запіс, зроблены 18 лютага 2015 года, яшчэ на самым пачатку дзейнасці сайта, адразу ж выклікаў цікавасць у брэстчан. Асабліва калі спасылку на гэты тэкст дала вядомая брэсцкая інтэрнэт-газета...

Што ж, папулярнасць блога мэра горада, як на мой погляд, цалкам зразумелая. Бо, на жаль, кіраўнікі іншых раённых ды абласных цэнтраў падобным ноу-хау (урэшце, не такім і новым), тым больш — на культурную тэматыку, чамусьці не займаюцца. А шкада. Бо, вядома ж, чым больш з’явіцца гэткіх “калонак”, тым большай стане і цікавасць гараджан да культурных акцый і праектаў, якія ладзяцца, магчыма зусім, непадалёк ад іхніх дамоў...

Ініцыятыву брэсцкіх бібліятэкараў варта толькі вітаць. Аднак дзіўна, што іхні праект так і не быў падтрыманы фінансава ні з боку абласных, ні з боку гарадскіх улад. Нягледзячы на гэта — а, можа, і дзякуючы таму, хто ведае? — ім удалося зрабіць даволі прыстойны спажывецкі прадукт. Праўда, будучыня ў праекта пакуль што даволі цьмяная: Святлана Сямашка не ведае, ці працягнецца дзейнасць сайта пасля завяршэння акцыі…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"