"Модны чацвер" і...

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Сяргей ПАНАСЮК, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама
Самае значнае для нас, вядома, тое, што Брэст стаў сёлета Культурнай сталіцай Беларусі. 150 буйных мерапрыемстваў у адным толькі абласным цэнтры — гэта ўнушальная статыстыка. Усё, што запланавалі, — выконваем. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей рэалізуе доўгатэрміновы праект “Модны чацвер”. Гараджане і госці пераканаліся, што наведваць музей — сапраўды модна. І гаворка не толькі пра выстаўкі аднаго экспаната. Тэмы “…чацвяргоў” падказваюць самі наведвальнікі. І, паверце, гэтыя ідэі — вельмі крэатыўныя.

/i/content/pi/cult/556/12155/6-1.jpgУ верасні прайшла ІІІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання”. Мерапрыемства стала для абласной бібліятэкі брэндавым. Вялікі розгалас мела і такая бібліятэчная акцыя, як “Раскажы мне пра вайну”. Актыўны ўдзел у ёй прынялі і прадстаўнікі ўлады, і творчая інтэлігенцыя Брэстчыны.

Адбылася таксама ІІІ Міжнародная выстаўка-конкурс малой друкаванай графікі і экслібрыса “Brest Print Triennial 2015”, у якой бралі ўдзел 367 мастакоў з 46 краін свету чатырох кантынентаў. Даслана больш за тысячу работ на тэму “Мір і вайна”. Выстаўка ладзілася да 70-годдзя Вялікай Перамогі. У выніку адмысловага праекта вельмі шмат зроблена па, так бы мовіць, акумуляцыі лепшых сусветных узораў графікі ў музейных установах горада і вобласці. Адным з арганізатараў унікальнага мерапрыемства таксама стаў Абласны краязнаўчы музей…

Ніхто, натуральна, не адмяняў іншых нашых надзённых клопатаў. У вобласці, як і паўсюль па Беларусі, працягваецца аптымізацыя сеткі ўстаноў культуры. Але сваю мы называем “мяккай”. Сёлета запланавана скараціць каля 60 устаноў, аптымізавана ўжо 36. Да кожнага выпадку падыходзім індывідуальна, не сячэм з пляча. Вырашаем пытанні і з працаўладкаваннем кадраў, і са строгім захаваннем сацыяльных стандартаў там, дзе стацыянарныя ўстановы культуры зніклі.

У нас няма асаблівай праблемы з кадрамі. У вобласці ёсць тры навучальныя ўстановы, якія збольшага кампенсуюць кадравы недахоп.

Як бы цяжка ні было, працягваецца работа па аднаўленні Косаўскага палацава-паркавага ансамбля. Тое ж самае можна сказаць і пра Ружанскі палац, які ўжо цяпер прываблівае безліч наведвальнікаў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласці, у бягучым годзе знешняе аблічча набудзе такі наш даўгабуд, як Тэатр лялек, які месціцца на цэнтральнай вуліцы Брэста.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"