З агульнай “кухні” — у кожны квартал

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Ці адлюстраваны культурны складнік у новым генплане Мінска?
Апошнім разам генеральны план Мінска зацвярджаўся ў 2010 годзе. Сёлета зроблена яго новая рэдакцыя. Зараз ідзе грамадскае абмеркаванне генплана: праект выстаўлены ў памяшканні распрацоўшчыкаў — унітарнага прадпрыемства “Мінскграда”. Нас цікавіў культурны складнік. Ці будуць пабудаваны ў Мінску новыя выставачныя і канцэртныя залы, ці з’явяцца школы мастацтваў, якія помнікі даўніны падлягаюць аднаўленню.

/i/content/pi/cult/556/12153/4-28.jpgЗдарылася так, што наш карэспандэнт трапіў на выстаўку, калі там знаходзіўся Аляксандр Акенцьеў — кіраўнік майстэрні, што рабіла генплан. Ён кажа, што канкрэтыка кшталту наяўнасці/адсутнасці тых ці іншых аб’ектаў — не ягоная спецыялізацыя. Майстэрня, якую ён узначальвае, распрацоўвае канцэпцыю горада. Але ў межах сваёй кампетэнцыі ён падзяліўся з карэспандэнтам думкамі пра тое, на якім сацыяльна-эканамічным грунце мусіць фарміравацца ў сталіцы культурная палітыка. Новы генплан, па ягоных словах, мае прынцыповае адрозненне ад папярэдняга. Яно палягае ў тым, што раней праекціроўшчыкі бачылі Мінск — горад, які мае ад трыццаці пяці да пяцідзесяці кіламетраў у дыяметры (у залежнасці ад таго, як лічыць), — непадзельнай структурай, вялікай, на два мільёны жыхароў, “камунальнай кватэрай”, дзе ў кожнага свой кут, але “кухня” — адна. Маецца на ўвазе, што ўся ці амаль уся культурная інфраструктура сканцэнтравана ў агульнагарадскім 
цэнтры.

Між тым, як кожны раён Мінска — гэта свайго роду горад у горадзе. І было б добра, каб гэтыя “гарады” ў большай ці меншай ступені аказаліся самадастатковымі, каб усё, што патрэбна гараджаніну для паўнавартаснага жыцця, знаходзілася ў крокавай даступнасці. Каб былі побач і праца, і школа, і крама, і парк, і нават сакральныя аб’екты. І калі зыходзіць з такой логікі, дык трэба згарманізаваць, збалансаваць лад жыцця ў розных раёнах. Адносна культуры тое значыць, што недзе трэба разбіць парк, недзе пабудаваць кінатэатр. Да ўсяго, мікрараён у якасці адзінкі гарадской тэрыторыі сёння станоўча не ўспрымаецца: варта арыентавацца на квартальны прынцып забудовы, як больш адпаведны сучасным, а, бадай, і адвечным крытэрыям камфорта.

Спадар Акенцьеў мяркуе, што калі гарадскі раён набудзе рысы “горада ў горадзе”, а мікрараёны — адбітак псіхалогіі савецкага калектывізму — саступяць пазіцыю квартальнаму прынцыпу забудовы, больш адпаведнаму чалавечай натуры, тое паспрыяе фарміраванню ў мінчан ментальнасці, адрознай ад сённяшняй. І праз гэта можа ўтварыцца псіхалагічны клімат, спрыяльны для рэалізацыі культурных праектаў, час якіх яшчэ не прыспеў.

У мяне склалася ўражанне, што большасць тых, хто цікавіўся новым генпланам у “Мінскграда”, складалі гаспадары прыватных сядзіб, чыё прыватызаванае жытло можа пайсці пад знос. Ім, карэнным мінчанам, не даспадобы перспектыва страціць родную хату з кавалкам зямлі і трапіць у бетонныя соты дзе-небудзь побач з МКАД. Гэта людзі збольшага сталага веку. Немалую групу складалі маладыя людзі, заклапочаныя тым, як у сталіцы ажыццяўляецца рэгенерацыя гістарычнай забудовы, а таксама лёсам асобных аб’ектаў і цэлых абшараў, такіх, як Асмалоўка і пасёлак Трактарнага завода, якія ўяўляюць каштоўнасць для вобразнай структуры горада, але статусу помніка спадчыны не маюць. Спадар Акенцьеў пагадзіўся, што рэстаўрацыя і прыстасаванне пад новыя функцыі не заўжды робяцца карэктна — часцяком, на жаль, неахайна. Але справа тут, бадай, не ў канкрэтных людзях, якім у пэўных выпадках не стае прафесіяналізму, а ў тым, што культуры, паважнага стаўлення да спадчыны ўвогуле бракуе нашаму грамадству. Архітэктар амаль упэўнены, што некаторыя ўзоры вось такой рэгенерацыі ў перспектыве давядзецца руйнаваць, каб адрадзіць у сапраўдных формах. Прынамсі, без скарыстання сайдынгу і металадахоўкі.

А ўцямнага адказу адносна таго, што чакае пасёлак Трактарнага завода і Асмалоўку, я не пачуў. Таксама Аляксандр Акенцьеў сказаў, што будзе даволі цяжка захаваць для горада прамысловыя будынкі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Узводзілі іх калісьці на гарадской ускраіне, а цяпер, калі горад разросся, яны апынуліся ледзь не ў самым цэнтры. А цэнтр, як вядома, вельмі прывабны для інвестараў…

Няма адзінай думкі адносна перспектыў тэрыторыі Мінскага замчышча. Тут можна аднавіць летапісны горад. Але многім падаецца цікавай ідэя адрадзіць тут забудову ХІХ стагоддзя. Праўда, грошай зараз няма ні на першае, ні на другое…

Напрыканцы дазволю выказаць уласныя меркаванні паводле пабачанага і пачутага. Асабіста мне ідэя спыніць рост Мінска, перадаўшы некаторыя функцыі гарадам-спадарожнікам, не падаецца плённай. Раней ці пазней кола гарадоў-спадарожнікаў звяжуць кальцавой дарогай, а прастору паміж старым і новым кальцом забудуюць. Так што ўсё адно атрымаецца тое, чаго мяркуюць пазбегнуць. Я калісьці з’ехаў з Мінска ў Бараўляны. Тады жылая зона Бараўлянаў складалалася ўсяго з дзясятка будынкаў, большасць — пяціпавярховікі. А сёння Мінск дацягнуўся да Бараўлян. Цяпер мой гарадок, бадай, нічым не адрозніваецца ад абшару ўласна мінскіх навабудаў.

Мяркую, што праблему перанаселенасці сталіцы немагчыма вырашыць у маштабе Мінскага раёна ці Мінскай вобласці. Толькі ў маштабе ўсёй краіны. Калісьці японскі архітэктар Кэндза Танге, усвядоміўшы, што Токіа ўжо няма куды расці, прапанаваў разглядаць агульнанацыянальную магістраль, што звязвае асноўныя гарады краіны як… вуліцу, уздоўж якой разгарнуць будаўніцтва. Ідэя распачаць вялікую будоўлю ўздоўж трасы Вільнюс — Каўнас сур’ёзна разглядалася ў суседняй Літве. Мо штосьці падобнае варта прыдумаць і нам. Каб не з’язджалася ўся Беларусь ў сталіцу, дастаткова некаторыя яе функцыі перадаць абласным цэнтрам.

Зрэшты, генплан, па вялікім рахунку, гэта толькі дэкларацыя пра намеры. А рэальнае жыццё не заўжды планам падуладнае.

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"