Аўдыя & Відэа-19

№ 42 (1220) 17.10.2015 - 23.10.2015 г

Вераснёўскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць гітарыст гуртоў “Палац” і “Крама” Сяргей ТРУХАНОВІЧ (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/556/12146/9-3.jpgАўдыя

Антось Звычайны, міні-альбом “Восень пад коўдрай”

А.: Асабіста для мяне стыль “рэп” — гэта, перш за ўсё, добрая паэзія, зарыфмаваная і эфектна выкананая. Увесь матэрыял мне здаўся сыраватым. Некаторыя песні былі цікава аранжыраваныя і выкананыя. Добрая знаходка — устаўкі вакалу Яўгеніі Шчарбаковай: прыемна было слухаць. Але асобныя творы не зусім адпавядалі тэкставаму зместу (калі музыка лірычная, то не можа паверх яе гучаць агрэсіўны тэкст — “рэжа вуха”), і гэта — праблема многіх музыкантаў-пачаткоўцаў. На тое больш за ўсё і звяртаю ўвагу. А ў цэлым трэба шмат працаваць з музыкай, тэкстамі і аранжыроўкай, каб знайсці сваё гучанне і сваю арыгінальную манеру выканання. Дарогу пройдзе той, хто ідзе па ёй не зварочваючы!

В.: Беларускамоўны рэп з Ваўкавыска. Рэп, ён жа розны па настроі бывае, гэты — пры ўсёй, у асноўным, наступальнай чытцы — пануры, песімістычны, калі “выйсця няма, ключ павярні — і паляцелі”, чаму “віной” тэксты. Ад імя таго, хто імкнецца хоць нейкім чынам схавацца ад праблем і атмасферы, што сціскае, пра чалавека, які не здольны супрацьстаяць абставінам, што не задавальняюць яго, загнанага назіральніка.

Гатовыя пяць дарожак для фільма пра, дапусцім, сучасную моладзь, якая шукае свой шлях у жыцці. Асабліва адзначу заключны хітовы трэк “Смерць кiнагероя”.

Гурт “Змяя”, альбом “Калі шчыра”

A.: Гэты калектыў ведаю вельмі даўно. Прыемна, што гурт актыўна працуе, не спыняецца на дасягнутым. Цяжкасці шмат каго робяць больш моцнымі. Гэта па праве стасуецца “Змяi”. Яны сталі гучаць не так цяжка, як раней, але мінуса ў гэтым я не знаходжу. З задавальненнем адзначыў спелыя аранжыроўкі і моцнае выканальніцкае майстэрства музыкантаў. Рост у наяўнасці, гэта радуе! Арыгінальна гучыць скрыпка ў “металічным” шквале гітар. Ёсць песні з гумарам, на што адразу з прыемнасцю “рэагуе вуха”. Ёсць песні і сур’ёзныя, і філасофскія, але ва ўсіх прысутнічае свой настрой і лад, у гэтым і каштоўнасць. Адзначу таксама якасць запісу. З задавальненнем паслухаў альбом, можа, толькі беларускай мовы не хапала. Але гэта іх выбар.

B.: Куды і як толькі ні кідала “Змяю”: застаючыся першапачаткова гуртом альтэрнатыўным, ён то рабіў гучанне больш цяжкім, то збаўляў саўнд-абароты; рускамоўныя тэксты змяняліся песнямі на беларускай мове. Нават назву сваю каманда пісала па-рознаму, потым зусім перайменавалася — і зноў вярнулася да зыходнага варыянта. Нязменным заставаўся вакал Зоі Сахончык — у меру моцны, часта агрэсіўны, і галоўны тэкставай пасыл — погляд жанчыны-філосафа на навакольны свет і самакапанне яе ў асабістых жыццёвых хітраспляценнях.

У новым альбоме калектыў не адмовіўся ад дамінавання рэзкаватай гітарнай лініі, пры гэтым кампазіцыі сталі больш “прыземленымі”: пазбавіліся ад дагэтуль нярэдкага прамалінейнага аранжыровачнага андэграўнд-напору, зайграўшы разнастайнасцю музычных фарбаў. Але да поп-року прадстаўлены на рэлізе матэрыял я не аднёс бы: пры, аказваецца, выразнай меладычнасці, якая вельмi пасуе бэнду, ён значна больш жорсткі — па гуку і паэтыцы. Карацей, мне вельмі спадабалася тое, што здарылася з гуртом.

Зборнік “ANIMA”

A.: На мой погляд, альбом атрымаўся, хоць спачатку было адчуванне празмернага спакою і нават прастрацыі. Цікавымі падаліся аранжыроўкі, фартэпіяна гучыць у “стылі Агінскага”, і гэта — добрая задумка аранжыроўшчыка! Малая радзіма ў кожнага свая, але Беларусь адна на ўсіх, важна падтрымліваць агонь любові да яе праз культуру, мову, музыку. Парадавалі нашы мэтры — вернасцю свайму стылю выканання: Лявон Вольскі, Дзмітрый Вайцюшкевiч, Уладзімiр Пугач і Алег Хаменка. Нічога ў жыцці не прамінае бясследна, і гэта праца абавязкова дасць свой вынік! Мы калісьці таксама ўвабралі родную культуру ад нашых бацькоў і старэйшых братоў. А прыгожыя беларускія словы — праз класікаў літаратуры і музыкі. Дзякуй усім за работу на карысць людзям!

B.: Праект, прысвечаны 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага, палітыка і кампазітара. Натуральна, аб’яднаўчым матывам для кампазiцый, якія ўвайшлі ў рэліз (аўтарскіх: новых і перазапісаных старых), стала тэма Радзімы. Прычым, спяваюцца ўсе яны пад фартэпіяна і з мінімальным выкарыстаннем іншых гукавых эфектаў. Мовы — беларуская і руская.

Асоба вылучыць нешта вельмі цяжка: кампіляцыя выйшла сапраўды канцэптуальнай, усе трэкі ідэальна падагнаныя адзін да аднаго, слухаецца альбом на адным дыханні, за адзін прысест. А потым зноў хочацца яго паставіць спачатку. І зноў спачатку. Брава, артысты, брава, натхняльнікі! І ўсё ж — гурт “ili-ili” (“Чаканне”) і студыйны камбэк дуэта “RockerJoker” з фантастычнай, пранізлівай “Бі, баба, спявай”. І пералічу астатніх выканаўцаў — фанатаў Агінскага і сапраўдных грамадзян сваёй краіны, дзе б яны ні жылі і тварылі: Атмараві, Пукст, Вайцюшкевіч, Хаменка, Пугач, Вольскі, гурт “Naka”.

Відэа

Гурт “Дразды”, кліп на песню “Павязу ў вёску”

А.: Песня і кліп ідэальна пасуюць пад кіношны фармат кшталту “Сваты”. Я не аматар падобнага. Маладыя, зухаватыя хлопцы весяляцца і атрымліваюць асалоду ад сельскага жыцця (матацыкл, калёсы з канём, праца на камбайне, лазня-застолле…) — такога, напэўна, не хапае “нашаму” тэлеспажыўцу. Падаецца мне, гэта будзе мець поспех у пэўных колах. Кожны артыст мае свайго слухача, так заўсёды было і будзе. Трэба маладым дзяўчатам паверыць слаўным хлопцам і з’ехаць у вёску, каб нарадзіць там шмат дзяцей і жыць шчасліва. Увогуле ж, глядзіцца і слухаецца свабодна ды нязмушана.

В.: “Дразды” заўсёды імкнуцца быць у трэндзе. (У гады развітога сацыялізму сказалі б: імкнуцца не адрывацца ад свайго народу.) А які цяпер трэнд, у культурным і іншых разрэзах? Беларускасць. Вось лідар каманды Віталь Карпанаў і рассякае па вёсцы на старэнькім матацыкле, а ўздоўж дарогі, на ёй і ў полі калегі яго з косамі стаяць, ходзяць і запрацоўваюць: усе, як адзін, у вышыванках. Зерне рыдлёўкамі кідаюць, на камбайне катаюцца, у стагах сена куляюцца. А як без купання ў рачулцы і невялікага застолля пасля працоўнага дня? Правільна, ніяк. Музычна-сельскагаспадарчы апафеоз, карацей.

Усялякі медыйна-публічны парыў быць яшчэ бліжэйшым да роднай краіны, да каранёў яе, я спрабую прымаць за чыстую манету, за шчырую, глыбокую, выпакутаваную задуму, а не кан’юктурна-павярхоўную. Ці гэта парыў ад дзеяча культуры пазачасавай, ці ад прадстаўніка музыкі легкаважнай, з хоп-хоп-хоп-хоп-песняй (тыповай для “Драздоў”).

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"