Не варта забывацца, што і ў рэгіянальных тэатрах (не люблю слова “правінцыйныя”) працуюць прафесійныя, таленавітыя людзі, якія ўносяць свой уклад у фарміраванне найноўшай гісторыі нацыянальнага тэатра. Яны не аблашчаны ўвагай, узнагародамі, званнямі. (Было спадзяванне на Нацыянальную тэатральную прэмію, ды і тую вельмі хутка, на маю і не толькі на маю думку, ператварылі ў “гурток абраных знаўцаў”.) І найперш для іх, для работнікаў пазасталічных труп, удзел у Фестывалі нацыянальнай драматургіі — магчымасць адчуць сваю значнасць, хай сабе і на кароткі час. Яшчэ гэта рэальны шанц падзяліцца сваёй творчасцю не толькі з мясцовым гледачом, але і з тэатральнай грамадскасцю, атрымаць прафесійную ацэнку дзейнасці, пераняць вопыт...
Але... Заўсёды ёсць “але”... Разумею, Бабруйск — не Панявежыс. І, магчыма, для статусных тэатраў, у рэпертуары якіх існуюць высокабюджэтныя пастаноўкі, дзе працуюць высокакласныя артысты, гэты фестываль не з’яўляецца прэстыжным... Але без удзелу ўсіх, паўтаруся, усіх тэатраў рэспублікі, фестываль губляе свой сэнс. “Соль” форуму павінна заключаецца ў тым, каб у адным месцы змаглі сустрэцца калектывы рознага ўзроўню! Адны прадэманстравалі сваё майстэрства, іншыя ў іх павучыліся, абмеркавалі праблемы... Урэшце, і для тэатральнай крытыкі вымалюецца рэальная, а не гіпатэтычная карціна, якая адлюстроўвае развіццё ўсяго беларускага тэатра. Вось тады гэта будзе сапраўды свята нацыянальнай драматургіі і сцэнічнага мастацтва.
Інакш фестываль ператвараецца ў збор непрызнаных калектываў. Крытыкі разгублена наракаюць на адсутнасць яркіх ідэй... Артысты і рэжысёры выслухоўваюць усё гэта, нізка апусціўшы галовы... Потым усё ціха раз’язджаюцца, а ў паветры застаецца пачуццё разгубленасці і ўзнікае нямое ды відавочнае пытанне: а навошта наогул усё гэта было патрэбна? На правядзенне любога фестывалю траціцца нямала сродкаў з дзяржаўных сродкаў. Калі фестываль нацыянальнай драматургіі ператвараць у малазначнае мерапрыемства, то, можа, варта выдаткаваць гэтыя грошы на нешта больш карыснае для тых самых рэгіянальных тэатраў?
На мой погляд, не варта так адчайна чапляцца і лабіраваць статус “міжнароднага” фэсту. Давайце паглядзім праўдзе ў вочы: беларуская драматургія пакуль не так часта ставiцца за межамі краіны. Гэтыя рэдкія спектаклі можна запрашаць для паказу ў рамках гасцявой праграмы. Трэба пазбягаць абсурдных сітуацый, калі ў праграму фестываля беларускай (!) драматургіі трапляе, напрыклад, спектакль аматарскага тэатра з Латвіі, які пастаўлены па п’есе амерыканскага аўтара. Такая “міжнароднасць” выклікае хібы сарказм. І праз яе губляецца значнасць мерапрыемства.