Рэкорднае палатно

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома паведаміла, што днямі горад-пабрацім Даўгаўпілс наведала дэлегацыя з беларускага раёна. Натуральна, за мяжу адправілася не толькі кіраўніцтва, але і лепшыя мастацкія сілы.

/i/content/pi/cult/554/12117/10-2.jpg

Вакальны калектыў “Спадчына” Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры выступаў і ля будынка Краявой думы, і на канцэртнай пляцоўцы па вуліцы Рыгас. Аматараў песеннай даўніны сабралося шмат. Прыйшлі, безумоўна, і землякі-беларусы: уважліва слухалі, рабілі фота на памяць. Для “Спадчыны” арганізавалі экскурсію па Даўгаўпілскай крэпасці. Артысты наведалі і Арт-цэнтр імя Марка Роткі — адзінае месца ва Усходняй Еўропе, дзе можна пабачыць творы знакамітага заснавальніка абстрактнага экспрэсіянізму.

Падчас афіцыйных мерапрыемстваў беларускі бок перадаў латвійскаму некалькі дзясяткаў метраў шматковага палатна, створанага шаркаўшчынскімі рукадзельшчыцамі. Справа ў тым, што ў свой час Краязнаўчы музей Даўгаўпілскага краю прапанаваў беларускім калегам аб’яднаць намаганні і звязаць-сшыць самае вялікае на зямлі шматковае палатно (не менш за 600 метраў у даўжыню), каб можна было яго перакінуць з берага на бераг Заходняй Дзвіны. Шаркаўшчынскія майстрыхі пагадзіліся. Справа, вартая занясення ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Зафіксаваць рэкорд афіцыйна запланавана тады, калі палатно будзе цалкам гатова.