Калі прарастаюць “Жалуды”…

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Жылічы — Чырвоны Бераг: адзіны “палацавы” маршрут?
Наша сённяшняя публікацыя завяршае гаворку пра культурны складнік Кіраўскага раёна і распачынае тэму здабыткаў бібліятэкараў Светлагоршчыны. На прыкладзе палаца ў Жылічах паспрабуем гэтаксама паразважаць пра міжабласное супрацоўніцтва музейшчыкаў ды тураператараў. Час згадаць ужо, што апрача Нясвіжа і Міра палацавыя цікавосткі чакаюць аматараў даўніны і на ўсходзе Беларусі.

/i/content/pi/cult/554/12116/10-1.jpgНазад у будучыню

Па дарозе ў Жылічы не ўстрымаліся і заехалі ў Мышкавічы. Відовішча ўнікальнае. Назваць паселішча вёскай, нават аграгарадком, язык не паварочваецца. На наш погляд, гэта тое, да чаго павінна імкнуцца любое без выключэння беларускае сельгаспрадпрыемства. Да драбніц прадуманая архітэктура, у тым ліку — і ландшафтная. Шыкоўны фантан. Дамінанта плошчы — трохпавярховы гмах Палаца культуры, які стаў бы ўпрыгожаннем нават для абласнога горада. Аўтар — вядомы дойлід Георгій Заборскі. Апрача глядзельнай залы і танцпляцоўкі ёсць тут зімовы сад з пальмамі, басейнамі і фантанамі. А таксама — бібліятэка, спартыўная зала ды змястоўны музей мясцовай гаспадаркі, адна з найлепшых школ мастацтваў. Карацей — усё створана калісьці для паўнацэннага жыцця ды няўхільнага росквіту, і самае галоўнае — для чалавека працы.

Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кіраўскага райвыканкама Андрэя Карпука, насельніцтва Мышкавічаў скарацілася за апошнія дзесяць гадоў на 100-150 чалавек. Але моладзі, па-ранейшаму, шмат: кіраўнікі мясцовага калгаса дбалі пра перспектыву.

Камуналка за ўтрыманне Палаца — немалая. Але ўстанова культуры застаецца для раёна мадэльнай. Ды толькі для раёна? Тут пастаянна ладзяцца мерапрыемствы абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. План пазабюджэтных даходаў (і па раёне, і па Мышкавічах), як сцвярджае Андрэй Карпук, выконваецца. Мышкавічы, словам, застаюцца брэндам, звернутым у будучае.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Якая будучыня ў Палаца? А вось гэта ўжо залежыць ад кожнага з нас. Захаваем беларускую вёску, зробім яе сапраўды прывабнай для жыцця і працы — і вось такія немалыя квадратныя метры клубных устаноў спатрэбяцца не толькі ў раённых цэнтрах, але і ў вёсках. Я проста ў гэтым перакананы. А падобныя гмахі (задзейнічаныя пад культуру толькі часткова, бо тут змушана месцяцца ці не ўсе вясковыя службы) бачыць даводзілася і на Брэстчыне, і на Віцебшчыне, і на Гомельшчыне. Будавалі іх, натуральна, колішнія калгасы-мільянеры. А хто нам замінае зноў стаць заможнымі?

І музыка, і фарбы

У Жылічах нас сустрэла Вольга Сімановіч — дырэктар мясцовай Школы мастацтваў, якая месціцца ў палацы (як, зрэшты і Жыліцкі гістарычны комплекс-музей). Нагадаем чытачу, што першая чарга аднаўлення палаца прыпала на 2009 год. Тады былі даведзены да ладу школьныя памяшканні, а таксама — заходняя і частка паўночнай лініі комплексу. Цягам 2012-2013 гадоў да ладу давялі паўднёвую частку і музей. Гэта была другая чарга. Зараз ідзе праца на трэцяй: рамантуецца галоўны фасад, адраджаюцца інтэр’еры і частка паўночнай лініі. Чацвёртая чарга (дачакацца б!) звязана з добраўпарадкаваннем старасвецкага парку і азёрнай каскаднай сістэмы.

Як нам патлумачылі, сёння музей у Жыліцкім палацы знаходзіцца ў пакоях, якія пасля поўнай рэстаўрацыі архітэктурнага ансамблю пяройдуць мясцовай ДШМ. Але і цяпер Вольга Сімановіч не скардзіцца на ўмовы працы. Дзецям і іх педагогам месца хапае. Няма недахопу і ў музычных інструментах. Чаго варты толькі шыкоўны белы раяль — падарунак Міністэрства культуры на адкрыццё першай чаргі палацава-паркавага комплексу. Апрача музычнага, дзейнічае ў Жылічах і мастацкае аддзяленне. А падцвержаннем высокага ўзроўню дзейнасці ўстановы можа служыць хаця б той факт, што некаторыя дзеці едуць у гэтую Школу мастацтваў з Рагачоўскага раёна Гомельшчыны.

Ва ўнутраным дворыку палаца пабачылі шэраг крэслаў. Прызначаны яны для выніковага канцэрту, што ладзіцца тут штогод напрыканцы вучэбнага года. Падумалася, мо каб пляцоўка пазбавілася будаўнічага друзу і была цалкам добраўпарадкаваная, з’явілася б і магчымасць рэгулярна ладзіць канцэртныя праграмы ў летні перыяд пад адкрытым небам і, вядома ж, зарабляць якія-ніякія грошы.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Пацікавіўся адносна спецыялізацыі музычнага аддзялення. Як высветлілася, вучаць тут іграць і на баяне, і на акардэоне, і нават на балалайцы. Можна сказаць, што выбар у дзяцей ёсць. Але толькі які? На жаль, я пакуль не сустракаў музычную школу ці ДШМ, дзе б выкладалі тое ж лірніцкае мастацтва. Часцяком атрымліваецца такога кшталту дыялог: — Хочаце навучыцца граць на гітары? — Калі ласка! — На дудзе, жалейцы? — ??? — Дрымба? Свірэль? — А што гэта такое?… Але ж тое — наша музычная гісторыя. Без ведання яе няма поспехаў у сучаснасці. А таму не трэба і пытацца, чаму на чарговым "Еўрабачанні" мы пляцемся ў канцы выніковага спісу.

Знайсці скарб

Дарэчы, пра грошы. Сёння на завяршэнне рэстаўрацыі палаца патрабуецца больш за 120 мільярдаў рублёў. Толькі на адно ацяпленне аб’екта штогод выдаткоўваецца 270 мільёнаў. Пры тым, што апошнія два гады фінансаванне рэстаўрацыі вельмі слабое, перспектывы ў палаца — не кепскія. Сведчаннем таму — павелічэнне колькасці турыстаў. Кожныя выхадныя вяселлі завітваюць у палац Булгакаў. У тым ліку і для адметных фотасесій. За 50 тысяч рублёў маладыя пары фатаграфуюцца ці то ля белага раяля і ў музейнай экспазіцыі, ці то на фоне старадаўніх, яшчэ не даведзеных да ладу муроў. Да таго ж, і замежныя турысты гатовы прыязджаць нават на яшчэ не адрэстаўраваны аб’ект. Турфірмы звязваюцца з аддзелам і жадаюць разам распрацоўваць тэматычныя праграмы. Вось толькі інфраструктуры пакуль бракуе: ні гатэлю, ні магчымасці падсілкавацца.

Можна б было зарабіць і на інтэрактыве. Экстрэмальным. Кажуць, у палацавых скляпеннях былымі гаспадарамі схаваны скарб. Вось толькі цяпер усе падземныя хады закрылі, каб пошукі багацця не скончыліся для ахвотных трагедыяй. Але чаму б не наладзіць гульні-квесты з пошукам, скажам, гістарычных цікавостак?

Шпацыруючы сярод старадаўніх муроў, задумаліся — у кожным паважаючым сябе палацы павінны быць прывіды. Паглядзець на некаторых прыязджаюць адмыслова з усяго свету. А што ў Жылічах? Аказалася, яны і тут водзяцца. Прынамсі часам можна пачуць шоргат ды нечыя крокі. Праўда, адразу расчаруем аматараў звышнатуральнага. Неўзабаве высветлілася, што замест зданяў у будынку атабарыліся куніцы. Вось і вер пасля такога ў старасвецкія легенды!

У парк на перавыхаванне

Завіталі і ў музей. Пакуль гэта досыць эклектычныя выставачныя залы. Ёсць і традыцыйны для многіх краязнаўчых устаноў куток прыроды з пудзіламі дзікіх жывёл, і этнаграфічная калекцыя. Разам з тым побач прадстаўлена і пастаянная выстаўка “Старая кватэра”, дзе можна пабачыць шмат цікавостак з жыцця мяшчан. Маецца тое-сёе і з экспанатаў, якія прадстаўляюць шляхецкую культуру ды ўласна дадзены палац: фрагменты дэкору, арыгінальныя цагліны з адбіткамі клішэ тагачасных заводаў. Дае ўяўленне пра хараство палаца і фотавыстаўка са здымкамі захаванай ляпніны.

Але, найперш, уражваюць менавіта неадрэстаўраваныя залы палаца ў Жылічах, які вылучаецца на дзіва добрым станам захаванасці аўтэнтычных элементаў, у тым ліку дэкору. Гэтаму Нясвіж і Мір могуць толькі пазайздросціць. А прычына такога стану рэчаў у чалавечым фактары. Калі той жа нясвіжскі палац у савецкі час неабачліва пераабсталявалі пад санаторый, то жыліцкі пасля яго перадачы пад будынак сельскагаспадарчага тэхнікума не толькі не пазбавілі ад шляхецкіх напамінаў — наадварот узяліся за яго рэстаўрацыю. Калі пачулі такі факт з гісторыі, доўга не маглі паверыць.

Тым не менш у канцы 1960-х першы дырэктар тэхнікума Іван Ягоравіч Касалапаў быў адным з нямногіх, хто ў савецкі час разумеў каштоўнасць нашай гістарычнай спадчыны. І яму на рэстаўрацыю было выдзелена больш за мільён (!) рублёў. А калі дакладней — на рэстаўрацыю ляпніны на столі палаца. Была падрыхтавана дакументацыя і па аднаўленні сажалак у парку. Вось толькі не дазволіў ажыццявіць задуманае перавод на іншую працу. Сёння Івану Ягоравічу больш за 90 гадоў. Пад час вялікай Айчыннай ён быў паранены і захварэў на сталбняк. З такой хваробай выжывае толькі адзін з тысячы. Богам яму было наканавана застацца, каб уратаваць унікальны гістарычны помнік.

Трэба сказаць, што і сёння колішні тэхнікум клапоціцца пра палацава-паркавы комплекс. Вучні каледжа, да прыкладу, прыцягваюцца да добраўпарадкавання парка ў межах перавыхавання. Скажам, паўдзельнічаў у бойцы, нарабіў якой шкоды — атрымай свой участак парка і прывядзі яго ў належны стан.

Вось гэта краязнаўства!

А цяпер — на Светлагоршчыну. Меркавалі адразу завітаць у славутыя і старадаўнія Парычы. У навігатары пазначылі гэты населены пункт. І нечакана для саміх сябе аказаліся побач з палацам у Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. Высветлілася, што паміж двума старадаўнімі гмахамі — менш за 30 кіламетраў адлегласці. Чым не турыстычны маршрут?! Вось толькі ці прапаноўваюць яго фірмы? Пакуль не. Прычына ў тым, што палац у Чырвоным Беразе ўваходзіць у “Залатое кольца Гомельшчыны”, а палац у Жылічах — не, бо знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці. Развагі пра мэтазгоднасць такога падыходу перапыніў указальнік з інфармацыяй, што паромная пераправа ля Парычаў не працуе, а таму наш маршрут карэнным чынам змяняецца.

Такім чынам першы населены пункт Светлагорскага раёна — вёска Дуброва. Доўга не маглі разабрацца, старадаўняя тут царква ці з нуля ўзведзеная. Аказалася — навабуд на месцы згарэлага храма. Рэдкі прыклад таго, з якой ашчаднасцю, знаходлівасцю і выдумкай трэба ставіцца да аднаўлення даўніны. Царкву згадалі невыпадкова. Яе гісторыю літаральна па крупінках аднавіла мясцовы бібліятэкар Людміла Бусел. Цягам стагоддзяў храм не раз гарэў. У свой час яго адбудоўвалі па ініцыятыве Марыі Пушчынай, жонкі брата дзекабрыста Івана Пушчына. Прыйшлося, зразумела, пакорпацца ў архівах. Такую работу мы і называем краязнаўствам.

Як высветлілася, у Людмілы Фёдараўны тады быў дзень нараджэння. Мы парадаваліся за бібліятэкарку, павіншавалі яе і паведамілі, што гэта ўжо трэці бібліятэкарскі дзень нараджэння, на які мы патрапілі цягам аўтамабільных ваяжаў.

Але пойдзем далей. Пры бібліятэцы дзейнічае клуб “Жалуды” (ацаніце назву!). Разам са школьнікамі Людміла Фёдараўна працуе над некалькімі краязнаўчымі праектамі. Адшуквае прозвішчы воінаў, загінулых пры вызваленні вёскі ад фашыстаў. Запісала ўспаміны 30 ветэранаў-аднавяскоўцаў, стварыла электронны рэсурс пра салдатаў Перамогі, многіх з якіх ужо няма. Ставарае фоталетапіс аграгарадка, пастаянна папаўняе экспанатамі бібліятэчны музей. Даследуе паходжанні мясцовых прозвішчаў. Звярнулася да мясцовых улад з прапановай назваць новую вуліцы імем загінулага ў баях за Дуброву Героя Савецкага Саюза Дзмітрыя Рэдзькіна. Прапанова ажыццявілася. І менавіта па ініцыятыве Людмілы Бусел на адным з вясковых дамоў з’явілася мемарыяльная дошка з надпісам, што тут у 1944-м знаходзіўся наглядальны пункт 8-й артылерыйскай батарэі 197-й стралковай дывізіі, што ўдзельнічала ў аперацыі “Баграціён”. І гэта толькі самыя буйныя праекты Людмілы Бусел, у працоўнай кніжцы якой больш за трыццаць гадоў застаецца толькі адзін запіс.

Пра кожны з праектаў любы ахвотны можа даведацца з асабістага блога бібліятэкара “BYK-va!”.

А “Жалуды” даўно даюць парасткі. Дзеці вырастаюць і становяцца асобамі, што ўсведамляюць сваё месца ў жыццці і паважаюць родную вёску. А на змену ім прыходзяць у “Жалуды” новыя школьнікі, якія любяць не толькі чытаць, але і думаць.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Гэтым разам станоўчых эмоцый — мора. Спадабалася ўсё, што пабачылі, адчулі і зразумелі. Кожны б дзень аўтапрабегу так. Самым каштоўным падаўся досвед бібліятэкаркі з Дубровы.

А самай цікавай тэндэнцыяй — адток гараджан у вёску на прыкладзе супрацоўнікаў Вяжноўскага СДК. Пра яе, гэтаксама як і пра няпростую сітуацыю з настаўнікам інфарматыкі, які ў Доме культуры займаецца з дзецьмі ганчарствам, пра папулярнасць новага музейнага інтэрактыўнага аб’екта Светлагорскага раёна — у заключным выпуску гэтага аўтатура.

Мінск — Пухавіцкі раён Міншчыны — Асіповіцкі, Кіраўскі раёны Магілёўшчыны — Светлагорскі раён Гомельшчыны — Мінск

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"