У Гудзевічы, але — па этна

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Яркія ўспаміны пакінула вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна. Падчас экспедыцыі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства не пакідала адчуванне, што едзем “у тыя самыя Гудзевічы”. Вельмі хацелі паглядзець літаратурна-краязнаўчы музей, сустрэцца з яго стваральнікам Алесем Белакозам. Былі і свае, навуковыя мэты: Гудзевічы — адзін з асяродкаў, дзе захавалася двухасноўнае ткацтва, унесенае ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

/i/content/pi/cult/554/12108/14-2.jpg

Найстарэйшыя падвойныя дываны з калекцыі Гудзевіцкага музея. / Фота з архіва Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

(Заканчэнне. Пачатак у № 36.)

Не адразу прыйшло да Алеся Мікалаевіча разуменне каштоўнасці старых прадметаў побыту. Этнаграфічная частка калекцыі Гудзевіцкага музея пачала збірацца пазней за літаратурную. Калі вакол чалавека нешта ёсць з дзяцінства, складана разглядзець сярод звыклых рэчаў шэдэўры народнага мастацтва, усвядоміць іх каштоўнасць. Такая ж сітуацыя часта складаецца вакол элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Павінны прайсці час і стварыцца дыстанцыя (культурная — праз адукацыю, прасторавая — праз пераезд), каб элемент быў усвядомлены як каштоўнасць.

Першыя экспанаты Белакозу прынеслі ў 1965 годзе вучні. У 1980-м перавезлі на тэрыторыю музея хату XVIII стагоддзя з вёскі Сямірэнкі, трошкі пазней — свіран з Радзявічаў. Алесь Белакоз разглядаў краязнаўчую працу як частку патрыятычнага выхавання дзяцей. Збіраў з імі не толькі экспанаты для музея, запісваў фальклор.

Алесь Мікалаевіч ужо на пенсіі, жыве ў вёсцы Ляткі, у якую амаль незаўважна пераходзяць Гудзевічы. У музей яго запрашаюць як ганаровага госця, калі прыязджаюць вялікія экскурсійныя групы. Таму музейны будынак, які, дарэчы, быў часткова на рамонце, нам паказвалі галоўны захавальнік фондаў Мая Сідар з навуковым супрацоўнікам Сняжанай Рыбалка. Калекцыі — вялікія, і цікава, як усё размясцілася па рамонце. Дарэчы, у хаце пры музеі быў часткова адноўлены інтэр’ер. З грантавых грошаў, атрыманых ад Еўрасаюза, замасцілі пад’езд да яе пліткай. Функцыянальна, прыгожа, ды нешта страцілася ў плане адчування повязі з мінулым.

Трошкі ў ценю мужа застаецца Вера Белакоз. Між тым, яна была адной з майстрых, што адрадзілі тэхніку двухасноўнага ткацтва (“падвойных дываноў”). Акрамя Веры Ігнатаўны, унікальнай тэхналогіяй валодаюць дырэктар гудзевіцкага музея Кацярына Басінская і музейны наглядчык Людміла Станеўская. Апошняя вядзе гурток па ткацтве для школьнікаў, які наведваюць каля 15 чалавек. Вера Ігнатаўна навучылася падвойнаму ткацтву ў знакамітай ткаллі Ядвігі Райскай з вёскі Адэльск Гродзенскага раёна, а астатнія гудзевіцкія майстрыхі ўжо пераймалі тэхналогію ад яе. Ткацтва падвойных дываноў, мабыць, бытавала калісьці і ў Гудзевічах, але ў 1980-х, калі ім занялася Вера Ігнатаўна, тэхналогія была ўжо страчаная. Гудзевіцкія майстрыхі ткуць у падвойнай тэхніцы не толькі дываны: яшчэ сурвэткі, настольніцы і нават гальштукі.

Сярод самых старых падвойных дываноў у калекцыі музея — выраб, сатканы свякрухай Ларысы Геніюш у 1900 годзе, а таксама кілім 1898 года з касцёла ў Індуры.

Двухасноўнае ткацтва — не толькі беларуская з’ява. Падобныя тканіны ў розны час бытавалі ў Мексіцы, Перу, на Блізкім Усходзе, у некаторых краінах Еўропы (Англія, Германія, Італія, Іспанія, Польшча, Літва, усе скандынаўскія краіны). У больш вузкім, рэгіянальным кантэксце, можна сказаць, што двухасноўнае ткацтва развівалася на беларуска-польскім памежжы: Падляшша, Сувалкія, Гродзеншчына. Фактычна гэта тэрыторыя рассялення беларускага этнасу. Што цікава, у польскай літаратуры міжваеннага часу двухасноўныя тканіны зваліся “гродзенскімі дыванамі”. Цяпер суседзі іх называюць “сакольскія”, “сувалкаўскія”, “беластоцкія”.

У ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў двухасноўнае ткацтва было распаўсюджана на тэрыторыі сучасных Гродзенскага, Бераставіцкага, Слонімскага, Зэльвенскага, Мастоўскага, Шчучынскага, Свіслацкага, Пружанскага і Камянецкага раёнаў Беларусі. Даследчык Вольга Лабачэўская звяртае ўвагу на тое, што арэал бытавання двухасноўных тканін супадае з тэрыторыяй дзеяння ткацкіх мануфактур Антонія Тызангаўза.

На сёння ж, акрамя Гудзевічаў, захаваўся асяродак у вёсцы Падбела на Камянеччыне. У двухасноўнай тэхніцы стварае тканіны мастачка па тэкстылі Алена Шунейка з Гродна. Яе майстэрству таксама нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Мінск — Мастоўскі раён — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"