Пленіпатэнт “пры мёдзе”

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Каго з беларусаў меў на ўвазе Генрык Сянкевіч пад імем "Пан Заглоба"?
Імя гэтага героя знакамітай трылогіі “Агнём і мячом”, “Патоп” і “Пан Валадыеўскі”, без сумневу, вядомае беларускім аматарам гістарычнай аповесці. Урэшце, папулярнасць згаданых твораў Генрыка Сянкевіча была і застаецца фантастычнай. Але выкажам гіпотэзу: прататып Пана Заглобы варта пашукаць сярод прадстаўнікоў беларускіх шляхецкіх родаў.

/i/content/pi/cult/554/12107/14-1.jpgРод Сянкевічаў і гісторыя трылогіі

Бацька Генрыка Сянкевіча, паходзіў з роду літоўскіх татар, якія яшчэ ў часы Вітаўта аселі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Большасць з гэтых спрактыкаваных ваяроў, што цалкам зразумела, апынулася ў цэнтральнай частцы краіны — Наваградчына, Віленшчына, Падляшша, адкуль, дарэчы, паходзіць род Сянкевічаў. Як мы памятаем, Падляшша, якое давала шляхты па “Попісах войска ВКЛ” больш, чым які іншы рэгіён, перайшло пад уладу Польшчы падчас Люблінскай уніі 1569 года. Маці, Стэфанія Цяцішоўская, як пішуць даследчыкі, паходзіла з беларускай (ліцвінскай) шляхты. Нарадзіўся жа Генрык Сянкевіч 5 мая 1846 года ў маёнтку Воля-Акшэйска.

“Агнём і мячом” — першы твор трылогіі — выйшаў з друку ў 1886 годзе і адразу прынёс пісьменніку вялікую папулярнасць. Шмат хто ў сваіх лістах звяртаўся да Сянкевіча, пытаючыся пра лёсы ўлюбёных герояў. Вера ў рэалістычнасць апісанай гісторыі была такая, што дайшло нават да кур’ёзу. У 1900-м годзе жыхары Збаража не пагадзіліся аддаць пад забудову частку касцёльнай зямлі, палічыўшы, што менавіта там знайшоў апошні спачын ліцвін-велікан Падбейпята, герб “Сарві шапка”. Як і любы мастацкі твор гістарычнай тэматыкі, раман жорстка раскрытыкавалі. Галоўным закідам было “перайначванне гісторыі”. Тут варта ўзгадаць твор Яна Матэйкі “Рэйтан” (1866 года), які спачатку атрымаў агульную адмоўную крытыку (ажно да прапаноў знішчыць твор), а потым стаў ледзь не сімвалам часу.

Цікава для нас, бо…

“Патоп” выйшаў праз два гады. Яшчэ праз пару — трэці твор “Пан Валадыеўскі”. Для нас гэтыя кнігі цікавыя перш за ўсё тым, што аўтар, продкі якога паходзілі “ад Літвы”, не толькі перанёс частку падзей на землі Вялікага Княства Літоўскага, але і зрабіў персанажамі трылогіі ліцвінскую шляхту ды магнатаў. Праўда, менавіта Сянкевіч, які падпарадкоўваўся пануючым у Варшаве поглядам на гісторыю Рэчы Паспалітай, выпісаў Януша і Багуслава Радзівілаў, прыхільнікаў разрыву ўніі з Польшчай, як здраднікаў. Больш станоўчыя вобразы дасталіся пані Білевіч і Андрэю Кміціцу, палкоўніку літоўскіх войскаў, прататыпам якога стаў палкоўнік Самуэль Кміціц, аршанскі харунжы, адзін з найбольш таленавітых вайсковых дзеячаў той эпохі. З вялікай сімпатыяй Сянкевіч паставіўся да ліцвіна-волата Лонгіна Падбейпяты з вёскі Мышыныя кішкі, стварыўшы з яго сапраўднага пакутніка за Бацькаўшчыну.

Ці быў прататып?

Але нельга забыцца і на героя, які прайшоў праз усё часткі трылогіі — “пана Яна Ануфрыя Заглобу”. Шляхціц без пэўнага ўзросту з тэндэнцыяй “не старэць”, заўсёды “пры мёдзе” і хуткі на афарызмы, увесь час у авангардзе падзей, безумоўна выклікае сімпатыю. Пагатоў, нягледзячы на адсутнасць досведу ў вайсковай ці грамадскай справе, ён заўсёды, як ні дзіва, вырашае і тое, і другое найлепшым чынам.

На думку Баляслава Пруса, польскага пісьменніка і сучасніка Сянкевіча, Заглоба з’яўляецца найвыбітнай постаццю ў трылогіі, існаванне якой проста немагчыма ў рэальнасці. Можна, як ён пісаў, мець нейкія элементы ад Фальстафа і Уліса, але нельга быць адначасова і тым, і другім. Чытач, верагодна, памятае, што Заглоба шмат у чым нагадвае Фальстафа (аднаго з шэкспіраўскіх герояў) — тлусты аматар чаркі, жартаўнік, аматар распавядаць аб подзвігах, да якіх ніякім чынам не спрычыніўся з-за ўласнай баязлівасці. Паралелі з Улісам, царом Ітакі, у нечым таксама слушныя. Заглоба, дзякуючы выпадку, часам вымушаны дэманстраваць цуды вайсковай мудрасці і нават ваярскага спрыту, да таго ж, яго вандроўкі цягам дзесяцігоддзяў па прасторах Літвы і Русі, а таксама з твора ў твор вельмі нагадваюць паводзіны героя Траянскай вайны.

Як пішуць даследчыкі, напрыклад, Марцэлі Косман у кнізе “Шляхамі герояў трылогіі”, акрамя ўжо згаданых сэра Джона Фальстафа і героя грэцкага народа цара Адысея, тыя назіранні Генрык Сянкевіч мог зрабіць і ў сваім атачэнні. Косман згадвае эмігранта капітана Рудольфа Корвін-Пятроўскага, з якім іх звёў лёс у ЗША, а таксама цесця пісьменніка Казіміра Шаткевіча і полькага журналіста Уладзіслава Алендскага. Пра тое, ці так гэта было, пакінем меркаваць даследчыкам.

Са свайго боку паспрабуем пашукаць Заглобу сярод нашых землякоў, тым больш, што для гэтага маюцца не абы якія падставы.

Пан Фальстаф-Адысей-Заглоба-Зарэмба

Знакамітая Грушаўка, уласнасць роду Рэйтанаў, у XVIII — ХІХ стагоддзях была культурна-палітычным цэнтрам Ляхавіччыны. Здаралася так, што гасцявалі ў ёй Міхал Казімір “Рыбанька” і Францішка Уршуля Радзівілы, у світу якіх уваходзілі бацькі нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Пазней і Караль Станіслаў Радзівіл, Пане Каханку. На зломе стагоддзяў, пасля паразы паўстання Касцюшкі і Ясінскага, знайшлі тут прытулак былыя інсургенты, да якіх пазней далучыліся ўдзельнікі вайны 1812 года. Як адзначыла ва ўспамінах пляменніца Тадэвуша Рэйтана, жыў тут і англічанін О’Конар, які адкрыў ліцвінам, што торф прыдатны для ацяплення жытла. Неаднаразова бываў тут паўстанец — мастак Напалеон Орда, а пазней і Эліза Ажэшка, чые продкі, сваякі Міцкевічаў, паходзілі са старажытнай наваградскай шляхты. Ва ўсёй акалічнай мясцовасці не было падобнай сядзібы!

Але з лёсам Грушаўкі быў непарыўна звязаны і лёс яшчэ аднаго чалавека. Імя яго вядома хіба толькі беларускім літаратуразнаўцам, якія маглі сустрэць звесткі пра тую нетрывіяльную асобу ў “ванроўках” па старонках беларускай польскамоўнай літаратуры ХІХ стагоддзя. Звалі яго Антоні Зарэмба. Постаць гэта рэальная, бо яго імя, як пленіпатэнта (асобы, якой даверана вырашаць сія-тыя справы) Рэйтанаў часта сустракаецца на старонках судовых кніг Наваградскага ваяводства. Яго знешні выгляд, жыццёвыя погляды, апісанне характару, а таксама некаторыя з гучных гісторый, “ідэалагічным натхняльнікам” якіх ён быў, захаваліся ў эпісталярнай спадчыне шляхты.

Першым згадаў Зарэмбу пляменнік Тадэвуша Рэйтана, былы кірасір і ўланскі капітан, колішні маршалак Слуцкага павета і, нарэшце, пісьменнік Станіслаў Рэйтан у сваім дэбютным літаратурным творы “Паперы пана Амброзія Вэйлы”, які выйшаў у 1845 годзе ў альманаху Язэпа Крашэўскага. Праз дзесяць гадоў імя Зарэмбы яшчэ тройчы “стрэліла” ў друку. У 1856-м выйшаў першы том успамінаў Евы Фялінскай з Вендорфаў, чый маёнтак Узногі цяпер — паўднёвы край Баранавічаў. Праз год выходзяць разам успаміны сястры Станіслава, Ганны Герычовай з Рэйтанаў (на старонках львоўскага “Dziennik Literacki”) і ананімныя “Літоўскія прыгоды, або Аповесць з майго часу”. Доўгі час аўтарства твора, сярод іншых кандыдатур, прыпісвалі Станіславу Рэйтану. Але аўтарам іх быў паўстанец 1831 года, эмігрант, ліцвін-наваградчанін, Ігнацы Яцкоўскі. У кожным з гэтых твораў з “асобым пачуццём” згадваецца постаць “шамбеляна” Зарэмбы. Сапраўды, асоба гэта занадта каларытная і дзейная, каб сутыкнуўшыся з ёй адразу забыцца на яе існаванне…

Дарэчы

Аб тым, што творчасць вядомага пісьменніка мела еўрапейскую славу, сведчаць факты: у 1915 годзе выйшла першая з экранізацый “Патопу”, дарэчы, у Расіі. Аднак нямая стужка з дзвюх серый не захавалася. Праз 48 гадоў выйдзе сумесная італьяна-французска-югаслаўская мастацкая стужка “Агнём і мячом”. Што да польскіх экранізацый, то іх шэсць. “Патоп” рэжысёра Ежы Гофмана, які выйшаў у пракат у 1974-м, быў сумеснай польска-савецкай вытворчасці. Як згадваў акцёр Даніэль Альбрыхскі, выканаўца ролі ліцвіна з-пад Оршы Андрэя Кміціца, частку фільма здымалі ў нашай краіне, на “Беларусьфільме”. Супраца з беларускімі калегамі пакінула ў Альбрыхскага цёплыя ўспаміны.

На здымку: такім убачылі пана Заглобу стваральнікі польскай стужкі "Агнём і мячом".

(Працяг даследавання — у наступных нумарах "К".)

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар