“Мяне няма” або “Быў. Ёсць. Буду”?

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

250-м угодкам з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага ў Мінску прысвечаны дзве выстаўкі. Пра адну з іх, што праходзіць у сталічным Палацы мастацтва і мае назву “Паланэз”, “К” пісала ўжо ў мінулым нумары. Менавіта яна мае статус галоўнай мастацкай падзеі ў кантэксце юбілейнага года. Другая выстаўка ладзіцца ў мінскай творчай прасторы “Цэх”. Яе назвалі “250”.

/i/content/pi/cult/554/12105/8-2.jpgВыстаўка “Паланэз” атрымалася традыцыйнай паводле формы і кансерватыўнай па змесце. Склалася ўражанне, што яе ўдзельнікі мелі за галоўную, а мо і за адзіную мэту вобразную рэканструкцыю эпохі, калі жыў і тварыў Агінскі, хацелі нагадаць пра ліцвінскую “Атлантыду”, што знікла пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. “Паланэз” звернуты да даволі шчыльнага кола рамантыкаў.

А вось “250” — праект, знітаваны з цяперашнімі рэаліямі і звернуты да публікі, якая жыве сённяшнім днём. Уласна кажучы, “250” не ўціскваецца у стэрэатыпны выставачны фармат, бо акрамя абавязковага і звычайна адзінага візуальнага шэрагу (у дадзеным выпадку гэта змешчаныя на сценах фотаздымкі), чыннікамі праекта з’яўляюцца музыка і відэа. А яшчэ — спецыяльны сайт, прысвечаны жыццю і творчасці Агінскага.

Удзельнікі “цэхавага” праекта паспрабавалі высветліць, найперш для сябе саміх, які сэнс укладаюць сёння ў слова “радзіма” людзі зямлі, якой кампазітар прысвяціў бессмяротны паланэз “Развітанне з Радзімай”. А гэта і насамрэч актуальна, бо ў сферы глабальных камунікацый пануе прагматызм і функцыянальнасць, і амаль не застаецца прасторы для сентыментальных пачуццяў. Для асэнсавання феномену Радзімы Міхаіл Лешчанка фатаграфуе мясціны, якія былі “фонам” лёсу кампазітара. Рэжысёр Максім Сіры разважае пра тое ж сродкамі відэа. Андрэй Давыдчык падслухаў і адлюстраваў, як гучыць “Паланэз” не ў канцэртнай зале, а ў паспалітым асяродку. Іван Бэсар углядаецца ў творы людзей, якія жывуць на зямлі колішняга Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай — робіць галерэю фотапартрэтаў інтэлектуалаў, задзейнічаных у культурную справу. Ёсць ў экспазіцыі і скульптура. Работа Алы Савашэвіч сімвалізуе спалучэнне рацыянальнага і летуценнага ў творчай асобе. Яна, на маю думку, нічога выстаўцы не дадае, але і лішняй не глядзіцца.

На выстаўцы мне чамусьці згадалася кніга філосафа Валянціна Акудовіча “Мяне няма. Роздум на руінах чалавека”. У ёй, калі памятаеце, аўтар лагічна даводзіць, што яго не было, няма і ніколі не будзе, але самім фактам гэтых разваг ён сцвярджвае сваю прысутнасць у свеце і далучаецца да жыццядайнай тэзы Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду”. Справа ў тым, што ў гэтай экспазіцыі Агінскага насамрэч няма… Няма ягоных партрэтаў — ні кананічных, ні авангардных. Ніякіх. Каб не было тлумачальных тэкстаў, дык увогуле было б не зразумела, пра што тут гаворка. Але ёсць сучасная музыка, аўтары якой натхняліся творчасцю Агінскага. Ёсць выявы мясцін, дзе паводле законаў містыкі мусіць жыць ягоны дух. Ёсць партрэты людзей, якія сукупна робяць тую ж справу, што і Агінскі, — шчыруюць для Бацькаўшчыны. І ў нейкі момант пачынаеш адчуваць сябе часткай гэтай ментальнай прасторы і гэтай духоўнай супольнасці. І прыходзіць думка, што калі канкрэтна табе ўсё гэта не абыякава, значыць Агінскі — твой сучаснік. І ён — недзе побач…

Мяркую, менавіта на такое ўспрыманне выставачнага праекта і спадзяваліся яго арганізатары і ўдзельнікі.

Скажу яшчэ колькі слоў пра арт-прастору. Цагляныя сцены і жалезныя лесвіцы нагадалі мне завод, дзе я працаваў пасля ВНУ паводле размеркавання. Сыходзіў я з завода без шкадавання, як той Агінскі з Расійскай імперыі ў Фларэнцыю з’язджаў. А вось зараз настальгію адчуў. Не па заводзе, па маладосці… Тут і тэма “Паланэза“ прыдалася.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"