Беларусь на карце “… Вежы”

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Сем айчынных спектакляў на брэсцкім фестывалі
Фестываль — не фестываль, калі не толькі госці, але і самі гаспадары не рыхтуюць да яго нейкі сюрпрыз, штосьці гэткае. Да юбілейнай ХХ “Белай вежы” Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прымеркаваў сумесны беларуска-польскі праект — абрадавую драму “Дзяды” паводле Адама Міцкевіча. Усяго ж сярод 22-х фестывальных спектакляў беларускіх аказалася, лічы, трэць — сем. І ўжо адно гэта сведчыць пра высокі ўзровень нацыянальнага тэатральнага мастацтва, бо гэтым разам на форум запрашаліся, у першую чаргу, пераможцы мінулых гадоў. Як жа глядзеліся нашы здабыткі на фоне замежных? І як ацанілі іх іншаземныя крытыкі — з Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі?

/i/content/pi/cult/554/12103/8-1.jpg

На здымках Вольгі КЛІМУК — сцэны з рэпетыцыі "Дзядоў".

Каштоўнасць спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага

“Viva commedia!”

тэатразнаўцы ўбачылі найперш у самім звароце да эстэтыкі камедыі дэль артэ. Увасабленне ж яе нашымі артыстамі было розным: у кагосьці — лепш (асабліва ў Сяргея Чакерэса, Іны Савянковай, Уладзіміра Глотава), у кагосьці — крыху горш. Маючы магчымасць параўноўваць цяперашні фестывальны паказ з колішнім прэм’ерным, дадам, што спектакль развіваецца ў лепшы бок: больш хуткім стаў ягоны тэмпарытм, упэўненай — ігра акцёраў, якія, трэба спадзявацца, паступова выйдуць на ўзровень разняволенай імправізацыйнасці, якая і з’яўляецца неад’емнай рысай сапраўднага тэатра масак. Але ж усё роўна — некаторыя купюры пайшлі б гэтай пастаноўцы толькі на карысць, бо камедыя такога кшталту працягласцю ажно ў тры гадзіны становіцца выпрабаваннем як для артыстаў, так і для гледачоў.

“Раскіданае гняздо”

Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, на мой погляд, яшчэ больш, чым раней, акцэнтавала ў гэтай п’есе Янкі Купалы сімвалізм з экспрэсіянізмам. Не менш ярка была выяўлена і трагедыя, звязаная з распадам унутрысямейных зносін, дзе пануе нянавісць, ніхто нікому не верыць, а маці, якая магла б з’яднаць мужа і дзяцей, стомлена не столькі хваробай, колькі самім жыццём. Зоська і Данілка, гэтым разам увасобленыя Наталляй Халадовіч і Арцёмам Курэнем, станавіліся “дуэтным” увасабленнем альтэрнатывы — сыходу ў свет мастацкіх фантазій (выхад Данілкі з караблікам у руках мімаволі “адсылаў” да “Пунсовых ветразяў”).

У “Тарцюфе”

Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек замежным крытыкам, пры ўсіх іх кампліментах на адрас рэжысёра Аляксея Ляляўскага, “не хапіла Мальера”, хаця задумай спектакля сталася не столькі паглыбленне ў ХVII стагоддзе, колькі выяўленне тых умоў, пры якіх і можа ўзнікнуць заяўленая ў спектаклі “эпоха абсалютызму і рэпрэсій”. Шквал захапленняў рэжысёрскай фантазіяй выклікаў таксама “Самазванец” Брэсцкага тэатра лялек у пастаноўцы таго ж Ляляўскага.

Неўміручая “Паўлінка”

Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы вянчала фестываль, супадаючы з яго закрыццём, таму засталася па-за крытычнымі стрэламі, выкліканымі самім зваротам да легендарнай пастаноўкі 1943 года, адноўленай у 2013-м. Спектакль гэты, па сучасных мерках, і сапраўды “не фестывальны”. Але ён як нельга лепей сімвалізаваў 95-годдзе гэтага тэатра, якое святкавалася ў тыя ж дні.

Незапланаваным “дадаткам” да беларускага блока “Белай вежы” стаўся сталічны спектакль

“Вераніка вырашае памерці”,

пастаўлены два гады таму Наталляй Башавай паводле П.Каэльа. Дзякуй, што такім чынам наш Камерны драматычны тэатр “выратаваў” брэсцкі форум, выступіўшы замест масквічоў, квіткі на якіх былі ўжо прададзены. Але дадзеная гэтай пастаноўцы і ўсяму тэатру магчымасць “прачнуцца знакамітымі” не спрацавала: крытыкі “шчыльнымі шэрагамі” прыйшлі на прагляд — і гэтак жа дружна сышлі літаральна праз некалькі хвілін. Таму, хто пратрымаўся больш, давялося, відаць, не соладка. Здавалася б, усё ёсць, артысты, калі меркаваць па іх удзелу ў іншых тэатральных пастаноўках і здымках у кіно, добрыя. А вынікаў не заўважна. Можа, гэта фестывальная атмасфера так паўплывала? “Вераніка…” апынулася акурат паміж двума самымі адметнымі спектаклямі форуму — літоўскім (“Вішнёвы сад”) і латвійскім (“Фро”). І ўспрымалася, як вельмі добрае, але… аматарства.

Брэсцкія “Дзяды”,

здзейсненыя польскімі пастаноўшчыкамі пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча, апынуліся ў цэнтры фестывальнай увагі яшчэ да прагляду. Не толькі з-за цікавасці, чым жывуць гаспадары, але і таму, што за няпоўныя тры гады гэта ўжо трэцяя пастаноўка паводле зусім не “тэатральнай” паэмы Міцкевіча. Спярша быў спектакль Аляксандра Янушкевіча ў сталічным Тэатры лялек, праз колькі месяцаў — літоўскай пастаноўчай каманды ў прыватным “Тэатры Ч”, год таму паказаны на “Белай вежы”.

Гэтым разам, нягледзячы на жанравае азначэнне “абрадавая драма”, акцэнт быў пастаўлены на другім слове. Аўтар сцэнічнай версіі Патрыцыя Даловы звярнулася найперш да другой часткі паэмы, дзе распавядаецца пра лёсы ўдзельнікаў паўстання Каліноўскага. Тэксты Міцкевіча яна дапоўніла шматлікімі ўкрапваннямі з гісторыі ХХ стагоддзя, тым самым прасочваючы яшчэ і лёсы нашчадкаў герояў. Хаця камусьці з крытыкаў такія паралелі з гісторыяй і здаліся спрэчнымі, пакаранне ўдзельнікаў паўстання ХІХ стагоддзя абсалютна натуральна і вельмі ўдала аказалася звязана яшчэ і з памяццю пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій, Другой сусветнай, Халакосту. Усё разам гэта ўтварае кола думак пра тое, што ўсе мы ў адказнасці за будучыню, а будучыня не бывае без мінуўшчыны. Міцкевіч быў прачытаны так, як сёння ў свеце ставяць Шэкспіра: з вольнай працай над тэкстам, перастаноўкамі, скарачэннямі, дадаткамі, пераасэнсаваннямі, а галоўнае — з выхадамі на сучаснасць.

Фрагменты першай часткі паэмы “Дзяды”, непасрэдна звязаныя з абрадавымі дзеямі, цяпер не адкрываюць, а завяршаюць спектакль, выводзячы тэму сувязі пакаленняў на неабсяжныя далячыні папраўдзе касмічнай арбіты. Таму ўласна абрад, з такім захапленнем адлюстраваны ў згаданых ранейшых спектаклях, тут прачытаны не ў звыклым фальклорным рэчышчы, з яркай знешняй абалонкай, а як нейкі абагульнены сімвал-напамін, што ствараецца ўнутры душы кожнага з удзельнікаў. Пашыраецца і сутнасць абрадавага свята. Цяпер гэта захаванне памяці не толькі пра ўласных продкаў, але і пра ўсіх, хто пайшоў з жыцця дзеля нашага шчасця. У выніку ўсе складнікі літаратурнай асновы — абрад, каханне, гістарычныя факты — спалучаюцца не па гарызанталі, як у паэме, а быццам па вертыкалі, у поліфаніі.

Сцэнічнай поліфаніі спрыяе і відэапраекцыя, створаная Марыяй Пожыц з Польшчы. Бо гэта не фон ці пазначэнне месца дзеяння, а яшчэ адна поліфанічная пульсацыя ў той самай праекцыі думак-сэнсаў-сімвалаў, дзе крыжыкі этнічных вышыванак могуць ператварыцца ў свастыку, а драўляны крыж пры дарозе нагадваць дзявочую постаць.

Атмасфера “абрадавасці” (у сэнсе — таямнічасці, маўклівай засяроджанасці) складаецца адразу пры ўваходзе ў залу, дзе просяць займаць толькі другую частку партэра (спектакль разлічаны прыблізна на 150 чалавек). Адзінокі кларнетыст, у ролі якога выступіў сам рэжысёр Паўла Пасіні, павольна іграе імправізацыйныя “ўздыхі-ўсхліпванні” (пасля ад’езду польскай пастаноўчай групы плануецца выкарыстанне аўдыязапісу, але ёсць жа ў Брэсце і свае музыканты — чаму б не прыцягнуць да ўдзелу?). На авансцэне хтосьці ляжыць. Празрыстая супер-заслона дазваляе разглядзець абрысы сцэнаграфіі: вяровачныя лесвіцы, саламяныя павукі-абярэгі, развешаныя пад “столлю” (мастак — Алена Лола Лолі). І — лавы, выстаўленыя па акружнасці паваротнага кола сцэны прыступкамі ў два паверхі, як у амфітэатры. А на самой заслоне, нечакана — Брэсцкая крэпасць. Спачатку здаецца, што гэта толькі фота. Прыгледзеўшыся, разумееш, што гэта відэазапіс, стужка якога “закальцавана” (іншымі словамі, пушчана па кругу). Пазней “людзі ў шэра-чорным”, гэткія “ажыўшыя прывіды”, запросяць гледачоў не проста на сцэну, а “туды” — у тое быццам бы “абрадавае кола”, дакладней — за жыццёвую “завесу”, у “іншы свет”, дзе канчаткова спасцігаюцца ўсе загадкі быцця.

Спектакль папраўдзе заварожвае сваёй незвычайнай аўрай. Акцёры не толькі знаходзяцца на адлегласці працягнутай рукі, але і заходзяць ззаду, дыхаючы ў патыліцу, казытаючы сваімі валасамі нашы вушы, дакранаючыся пальцамі да нашых плечаў. Заслуга рэжысёра, што ў такім становішчы яны пачуваюць сябе натуральна, без фальшу ў пластыцы коўзаюцца ў зямлі, раскіданай па сцэне, дзяруць паперу, якой тая прыхавана. Але над сцэнічнай мовай у гэтым спектаклі ім яшчэ трэба працаваць ды працаваць. Пакуль яны ўсяго толькі вывучылі напамяць складаны і працяглы паэтычны тэкст, вымаўляючы яго механічна, манатонна, без данясення сэнсу праз інтанацыю, метрарытміку, вылучэнне асобных слоў і думак. Удасканаленне маўленчай культуры дапаможа спектаклю замацаваць поспех, пашырыць глядацкую аўдыторыю, якая не павінна абмяжоўвацца адданымі беларусістамі, літаратура- і тэатразнаўцамі.

Тое, што тэатр пайшоў на гэты смелы эксперымент, сведчыць аб прагрэсіўнасці яго кіраўніцтва, гатовага не толькі прытрымлівацца перадавых еўрапейскіх тэндэнцый, але і нечакана спалучаць іх з нацыянальнымі рэаліямі. Не сакрэт, што пастановачны працэс быў складаным, ішоў цяжка, але вынік таго каштуе. Спектакль можа лічыцца папраўдзе знакавым для брэсцкай трупы. Ён у стане не толькі ўпрыгожыць любы самы прэстыжны тэатральны фестываль у свеце, але і стаць адкрыццём для нашай публікі, вымушаючы гледача іначай зірнуць і ўласна на тэатральную дзею, і на тую ж Брэсцкую крэпасць, экскурсіямі ў якую па некалькі разоў на год ахоплены ўсе мясцовыя школьнікі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"