Наступнікі канцэрна Агінскага

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Фантастычныя лічбы драмтэатра і тое, што на сэрцы
За савецкім часам тэатральны рух Слоніма трымаўся дзякуючы намаганням дзвюх персон. У пасляваенны перыяд — гэта быў рэжысёр Міхаіл Фрыдман, пасля эстафету прыняў Мікалай Варвашэвіч. З 1990 года аматарскі тэатр пад кіраўніцтвам апошняга становіцца прафесійным — Слонімскім драматычным. Пра нюансы і асаблівасці жыцця трупы і гутарым з яго галоўным рэжысёрам Васілём СЯЎЦОМ. Урэшце, гісторыя тэатральнага жыцця Слоніма доўжыцца два з паловай стагоддзі. Яшчэ ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя пры езуіцкім калегіуме ўзнік школьны тэатр з вучняў і настаўнікаў установы. Паказы ішлі пераважна на лацінскай мове з рэлігійных нагод, а таксама да пачатку або заканчэння навучальнага года. Пра тэатр вялікага гетмана літоўскага і мецэната Міхала Казіміра Агінскага “К” пісала на сваіх старонках. Дадам хіба, што гэта быў сапраўдны тэатральна-відовішчны канцэрн свайго часу, які меў філіялы не толькі ў нашых Целяханах, але і ў Польшчы. Пра размах “прадпрыемства” можна меркаваць па статыстыцы: за 20 гадоў было праведзена каля 800 мерапрыемстваў — ад канцэртаў сімфанічнай музыкі і да оперных, балетных спектакляў.

/i/content/pi/cult/554/12100/6-1.jpg— Летась калектыў атрымаў свой доўгачаканы будынак. Як змянілася жыццё тэатра, пасля пераезду: ці стаў тэатр больш стацыянарным, чым выязным?

— На жаль, гэтага не адбылося. У прынцыпе, мы на такі расклад і не разлічвалі. Бо колькасць жыхароў горада — нашых патэнцыйных гледачоў — не павялічылася. А вось жыццё ў тэатры змянілася ў лепшы бок, таму што прабываць ва ўласным доме значна больш прыемна, чым здымаць кватэру. Ці не так?

— Які план па спектаклях даведзены Слонімскаму драматычнаму тэатру?

— На 2015 год — 355 спектакляў, па гледачах — 34 200.

— Фантастычныя лічбы! Тэарэтычна, калі даваць па адным спектаклі ў дзень, без выхадных і святочных, то часу на адпачынак не застаецца наогул... А як гэту лічбу вы выконваеце на практыцы? Да ўсяго, як і ў якія тэрміны ўмудраецеся ставіць новыя спектаклі?

— Лічба сапраўды практычна не рэальная, бо трупа сёння складаецца з чатырнаццаці артыстаў. Але ж, напэўна, тэатралы ведаюць прынцып: не выканалі план па спектаклях за год — забіраецца частка фінансавання, таму часам мы вымушаны працаваць па тры-чатыры спектаклі ў дзень. Што да новых пастановак, дык працую, як атрымаецца. У асноўным, бяру адну-дзве сцэны і ладжу рэпетыцыі з артыстамі, якія не ў камандзіроўцы на гэты момант. А пасля, калі трапляе невыяздны дзень, зводжу напрацаваныя сцэны. Зразумела, вельмі складана дзейнічаць у такім рэжыме як рэжысёру, так і акцёрам, але іншага выйсця ў нас, на вялікі жаль, няма. Хацелася б запрасіць на пастаноўку старонняга рэжысёра, але, упэўнены, ніхто не пагодзіцца ехаць на такія ўмовы. Я вельмі зайздрошчу пінскаму тэатру (“К” № 30 за бягучы год), бо па словах яго кіраўніка, 95% спектакляў у іх праходяць на стацыянары, а гэта — ужо шчасце. А калі яшчэ і мясцовыя ўлады выдаткоўваюць сродкі на новыя пастаноўкі — зусім цудоўна. Мы гэтым пахваліцца пакуль не можам.

— Застаецца адчуванне, што вашы старадаўнія папярэднікі — трупа Агінскага — мелі больш вольнага часу для нармальнага творчага працэсу… І ўсё ж такі, ці ёсць ва ўстаноўцы па нарміраванні спектакляў свае плюсы?

— На маю думку, план у мастацтве — гэта ўжо мінус, асабліва план па гледачу. План — тая рэч, якая забівае мастацтва.

— Для падтрымання глядацкага інтарэсу кожны тэатр выпускае ў сезон пэўную колькасць прэм’ер. Якая “норма” ў Слонімскага драматычнага і якія спектаклі дамінуюць — для дарослай або для дзіцячай аўдыторыі?

— У нас ставяцца чатыры прэм’еры цягам года. Хацелася б, вядома, выпускаць больш спектакляў, што значна дапамагло б пры выкананні планавых паказчыкаў. Але пры такой колькасці выездаў, як у нас, нават чатыры прэм’еры — шмат. З запланаваных пастановак — дзве для дзяцей, столькі ж — для дарослага гледача. Хоць фінансавы план выконваецца, у асноўным, дзіцячымі спектаклямі.

— Ці ёсць у рэпертуары тэатра спектакль-доўгажыхар? І, дарэчы, якая сярэдняя працягласць пракатнага лёсу спектакляў тэатра?

— Доўгажыхаром сярод дзіцячага рэпертуару можна лічыць “Хачу быць чараўніцай”, які ідзе на Слонімскай сцэне з 1996 года, а сярод спектакляў для дарослых — “Камедыя” па п’есе Уладзіміра Рудава, пастаўлены ў 1997 годзе. Працягласць жа пракату спектакляў розная. Былі такія выпадкі, калі спектакль пракатваўся ўсяго двойчы... У асноўным жа, спектаклі ідуць дзесяць і больш сезонаў.

— Нядаўна вамі была выпушчаная прэм’ера спектакля “Самазабойца” па п’есе вядомага савецкага драматурга і кінасцэнарыста Мікалая Эрдмана. Гэты твор — даволі рэдкі госць на тэатральных афішах Беларусі. У чым жа актуальнасць згаданага матэрыялу?

— Існуе меркаванне, што п’еса гэтая — глыбока палітызаваная. Але я не стаў на тым завастраць увагі. Для мяне згаданы матэрыял пра нас, пра людзей: пра нашы слабасці, заганы. І яго актуальнасць, на маю думку, у тым, што мы, людзі, не змяніліся з часоў Хрыста і наўрад ці калі зменімся. Бо ёсць вялікі працэнт тых, хто гатовы дзеля славы, улады або грошай пераступіць праз каго заўгодна... І Падсякальнікавых сярод нас таксама шмат: утрыманцаў, якія сядзяць на шыі ў сваіх родных і блізкіх, тых, хто пастаянна ные, як цяжка жыць. Яшчэ п’еса ўнікальная тым, што, на мой погляд, у ёй няма станоўчых герояў. Не магу сказаць, што стварыў шэдэўр, суперспектакль, але праца над ім і вынік далі мне велізарнае задавальненне.

— У пачатку года ў Купалаўскім тэатры прайшло ўшанаванне мецэнатаў, якія аказалі фінансавую дапамогу культурным акцыям і ўстановам культуры. Ці ёсць свае мецэнаты ў Слонімскага тэатра?

— Пра мецэнатаў для Слонімскага тэатра, наколькі я разумею, — гэта злы жарт?.. А калі сур’ёзна, то, на жаль, часы Савы Марозава даўно прамінулі. У наш час паняцце “мецэнат” набыло зусім іншы сэнс. Укладаюць грошы толькі туды, дзе рэальна могуць атрымаць аддачу, ці туды, куды папросяць “вялікія” людзі. Ні да адной з гэтых катэгорый Слонімскі тэатр не адносіцца.

— Як ставіцеся да так званай новай беларускай драмы?

— Я цалкам разумею, які пласт праблем спрабуе узняць, скажам, Павел Пражко ў такіх п’есах, як “Трусы”, “Балівуд”. Скажу, можа, і банальныя рэчы, але не як рэжысёр, а як чалавек. Я рэзка адмоўна стаўлюся да таго, калі на тэлеэкраны, на сцэну выцягваецца ўсялякага роду бессэнсоўны бруд і пахабшчына. Менавіта з гэтай прычыны сам практычна адмовіўся ад прагляду тэлебачання. П’есы ж Пражко, вядома, не бязглуздзіца. Яны пра нашу беднасць розума, моўную беднасць і гэтак далей. І тое, пра што ён піша, іншай мовай не выкажаш. Ды я — чалавек старой фармацыі, хоць пакуль яшчэ і малады. Я прывык думаць, жыць, працаваць сэрцам, а не розумам. А яно пакуль не прымае да пастаноўкі гэту драматургію.

— Якія спектаклі слонімскай драмы ў першую чаргу раіце паглядзець чытачам штотыднёвіка?

— У нашым рэпертуары 25 спектакляў для дзяцей і 17 — для дарослага гледача. Ёсць сярод іх нацыянальная класіка — гэта “Паўлінка”, “Прымакі” Янкі Купалы. Маюцца і спектаклі якія прыносяць грошы, дзе глядачу, бадай, і не трэба асабліва задумвацца. Я іх называю спектаклі-“пустышкі”. Але яны вясёлыя і эксцэнтрычныя. Да прыкладу, у нас гэта камедыя Рафі Шарта “Маю жонку клічуць Морыс”. Праўда, хапае ў рэпертуары і спектакляў для душы: той жа “Самазабойца”, які не будзе карыстацца вялікім глядацкім попытам. Але гэты спектакль прымушае чалавека задумацца аб тым, што ён — чалавек. Думаю, кожны глядач, які захоча завітаць да нас, у тэатр, знойдзе тое, што яму будзе па душы і па сэрцы.

Аўтар: Алег ЧЭЧАНЕЎ
акцёр, рэжысёр