Ці можна станцаваць… графіку?

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Наталля КОЎШ, загадчык кафедры графічнага дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў
Эксперыментальным праектам “Графіка танца. Sur pointes…”, што аб’яднаў балет і графіку, паспрабавала даказаць, што станцаваць графіку магчыма. Мая мэта — адчуць і данесці да гледача дыялог гэтых візуальных мастацтваў, перадаць на паперы экспрэсію балета, прачытаць характар мастака.

/i/content/pi/cult/554/12098/5-6.jpgБалазе мая першая прафесія — артыстка балета. У Харэаграфічны каледж адвёў мяне тата, і я з поспехам прайшла ўсе тры туры выпрабаванняў. Вучылася добра, пасля заканчэння працавала ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, а пасля — у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, дзе выконвала вядучыя партыі ў балетах “Шапэніяна”, “Дон Кіхот”, “Арфей і Эўрыдыка”, “Жызэль”… Адначасова займалася жывапісам у мастака Вячаслава Паўлаўца. А потым вырашыла паступіць у Акадэмію мастацтваў — гэта яшчэ адзін вызначальны крок у маім жыцці. Што ж, даводзілася сумяшчаць працу і навучанне. Але хутка перада мной паўстаў выбар: ехаць у Кракаў працаваць у тэатры або застацца ў Акадэміі і пайсці ў аспірантуру. Спынілася на другім варыянце.

Што да таленту, дык я лічу: даецца ён усім ад нараджэння, але яго трэба развіваць. Чым больш чалавек за перыяд навучання возьме ведаў, тым больш у яго акажацца магчымасцей рэалізаваць сябе ў розных сферах. Што да мяне, дык, па сутнасці, я перфекцыяніст. Яшчэ з дзяцінства прывыкла ўсё рабіць дасканала. У гэтым сэнсе мне дапамог Харэаграфічны каледж. Там выхоўваюць фанатызм і адданасць да справы, якой займаешся, там трэба быць лепшай. Тое ж тычыцца і пластыкі ліній, бо праз танец вучышся адчуваць іх, як і рытм рухаў. Гэты досвед застаецца з табой. Менавіта гэта і стала крыніцай натхнення для стварэння праекта “Графіка танца”.

Ідэй заўсёды шмат. Галоўнае  — знайсці час для іх ажыццяўлення. Для стварэння праекта я вырашыла ўсе ж вызваліцца ад будзённых спраў і прысвяціць некалькі дзён творчаму эксперыменту. Зараз, у сувязі са скіраванасцю маёй навукова-метадычнай працы, мяне цікавіць семантыка візуальнага. У прыватнасці, у гэтым праекце ішла гаворка пра знак-індэкс як “адбітак”, “след”, які пакідае танец, але не ў прасторы, а на плоскасці. Гэта была спроба пераўтварыць імгненасць класічнай харэаграфіі ў пластычны малюнак. Было цікава, што я ўбачу, калі буду выконваць камбінацыі рухаў з пэўных балетных па. Адна справа — ментальны вобраз будучай працы, і зусім іншая — ажыццяўленне задумы. Менавіта таму на прадстаўленых работах няма кампазіцый, што адсылаюць да пэўных балетных пастановак, да пэўных вобразаў. Гэты праект — мае асацыяцыі, пачуцці, уяўленні ад музыкі, пластыка рухаў…

А вось адназначна вызначыць сутнасць сучаснага мастацтва даволі складана. Сучаснае мастацтва Беларусі, скажам, — з’ява шматгранная. На маю думку, некаторая частка грамадства аддае перавагу мастацтву для “вольнага часу”, экспертаў і знаўцаў цікавяць новыя тэмы, ідэі, формы, тэхналогіі. Думаю, неабходна паляпшаць камунікацыю паміж сучасным мастаком і гледачамі. Непадрыхтаванаму гледачу цяжка ўспрымаць сучасныя арт-практыкі. Гледача, насамрэч, трэба рыхтаваць, і пачынаць тое рабіць яшчэ са школы. З іншага боку, мастацкія працы — гэта не толькі спосаб самавыяўлення, але і магчымасць даследваць, разважаць пра наш час… Мабыць, менавіта такое сучаснае мастацтва будзе знаходзіць водгук грамадства.

Занатавала Вольга РОПАТ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ