Пра арнаменты і “Слуцкія паясы”

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Беларускія арнаменты сёння ў модзе. Іх можна сустрэць усюды: на вопратцы і машынах, кубках і торбах… З апошніх назіранняў: арнаментальныя выявы з’явіліся ў лагатыпах “Брэсцкага мясакамбіната” і вядомага вытворцы піва. Збольшага выкананы яны не традыцыйнай вышыванай ці тканай тэхнікай, а нанесены фарбай на розныя паверхні.

/i/content/pi/cult/554/12095/5-1.jpg“Арнаментальны бум” назіраецца ўжо больш за год, дзякуючы чаму ў сучасную беларускую мову ўвайшло слова “вышымайка” (футболка з прынтом у выглядзе арнаменту). Часам такую папулярнасць геаметрычных узораў тлумачаць уплывам з Украіны. Але ж адыграла ролю палітыка дзяржавы па падтрымцы беларускай мовы і культуры. (Балазе раней стылізаваныя арнаменты выкарыстоўваліся, але ў такім маштабе, як цяпер, “у народ” не пайшлі.) Сёння ў рамках згаданага трэнду кажуць пра “вышыкубкі”, “вышышкарпэткі”, “вышыналепкі”, маючы на ўвазе вырабы з геаметрычным арнаментам. Між тым, слова “вышыванка”, ад якога ўтварыліся гэтыя неалагізмы, украінскага паходжання і для беларускай мовы неўласцівае. У нас казалі “кашуля”, “ручнік”, “фартух”, не акцэнтуючы ўвагу на тым, што выраб аздоблены ўзорам.

Ёсць і развіццё тэмы. Руся, вакалістка гурта “Shuma”, стварыўшы “азбуку беларускіх арнаментаў” у Сеціве, паспрыяла ўзнікненню ў грамадстве інтарэсу да сімволікі ўзораў. Падавалася б, усё зразумела: бяры арнамент “дзявочая краса”, “маладосць”, “багацце” — ды змяшчай, куды трэба. Але дызайнеры папярэджваюць: узор не мусіць глядзецца, бы налеплены, ён павінен стасавацца з формай прадмета і яго функцыяй.

А калі аглядацца на сімволіку традыцыйных тканін, дзе выкарыстоўваўся геаметрычны ўзор, то варта памятаць, што асобны арнаментальны знак — бы літара ў алфавіце: “чытаецца” толькі ў кантэксце. Істотна і тое, што за знакі знаходзяцца побач, на якім вырабе змешчана ўся кампазіцыя, нават у якой яго частцы. Да таго ж, для беларускага арнаменту не характэрныя асобныя знакі. Звычайна яны паўставалі ў выглядзе паласы. Нават калі геаметрычныя ўзоры выйшлі з ужытку, раслінныя, якія прыйшлі ім на змену, вышываліся на тых жа частках тэкстыльных вырабаў, што і ранейшы, старажытны, арнамент.

Што такое для сучаснага гараджаніна традыцыйны геаметрычны арнамент? Калі чалавек мае карані на Палессі, то, магчыма, згадае рэчы з дзяцінства. Астатнія прыгадаюць хіба музейныя зборы. Але ж арнамент у сучасным побыце — магчымасць “пазначыць сябе беларусам”. З той жа прычыны набываюць папулярнасць татуіроўкі з арнаментальнымі матывамі. Менш радыкальныя прыхільнікі беларушчыны абмяжоўваюцца “вышыкубкамі”. У арт-праектах арнамент выкарыстоўваецца для пазначэння еднасці з зямлёй, і нават не самы дасведчаны ў сучасным мастацтве глядач счытвае такі “мэсідж”.

У Польшчы на сувенірах і рэчах для штодзённага карыстання можна сустрэць матывы, натхнёныя пазнейшымі, чым геаметрычны арнамент, з’явамі народнай культуры: выцінанкай, вышыўкай гладдзю. Можа, і нашым вытворцам звярнуць увагу на падобныя ўзоры?

У дадатак да разваг — пра Абласное свята рамёстваў “Слуцкія паясы”, што падвяло рысу пад рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012 — 2015 гады ў Мінскай вобласці. Праўда, нягледзячы на завяршэнне Дзяржпраграмы, наступнае свята ў Слуцку плануецца на 2017 год. Да ўсяго, метадыст па рамёствах Мінскага абласнога цэнтра народнай творчаці Вольга Хачкова зазначыла: на тэрыторыі вобласці ў рамках цыкла “Ведаць майстра” штогод праводзіцца каля 9 тысяч выставак. Большасць з іх — на адкрытых пляцоўках. А вядучы метадыст Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці Таццяна Дабрынеўская адзначыла, што для горада “Слуцкія паясы” — значнае мерапрыемства, якое мае свой стыль і выконвае адукацыйную функцыю: мала хто з жыхароў Слуцка сутыкаецца штодзённа з традыцыйнымі паясамі, ды і з рамёствамі наогул.

Свята “Слуцкія паясы” прайшло ў другі раз (першае было ў 2013-м). Майстры паказвалі вялікія хатнія калекцыі. Колькі ж трэба было наткаць! Ды рамяство вырабу паясоў асвойваюць у кожным раёне Мінскай вобласці, нават у тых, дзе ўжо няма носьбітаў майстэрства. Заняткі праводзіць выкладчык Акадэміі мастацтваў Ірына Мазюк. Семінары ідуць круглы год, таму да абласных мерапрыемстваў майстры вобласці падрыхтаваныя выдатна. Такую працу па аднаўленні пэўнага віду рамяства можна разглядаць як узорную!

Разам са святам паясоў прайшоў абласны конкурс “Беларуская лялька”, дзе дэманстраваліся розныя віды традыцыйных і сучасных лялек. У той жа дзень адбылася канферэнцыя “Традыцыйныя рамёствы Міншчыны: сучасны стан, асаблівасці бытавання, тэндэнцыі развіцця”. Тэмай большасці дакладаў сталі народныя паясы. За папулярызацыяй апошніх трохі губляюцца тыя, кунтушовыя, якія згадваюцца ў першую чаргу, калі чуеш пра паясы слуцкія. Ды іх, вядома ж, проста так не выставіш на масавым мерапрыемстве. Сапраўдны пояс падчас свята экспанаваўся ў Галерэі мастацтваў імя Уладзіміра Садзіна на выстаўцы “Залататканы цуд Случчыны”.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"