ДАКУМЕНТАЛЬНАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ

№ 40 (1218) 03.10.2015 - 09.10.2015 г

Гісторыя незалежнай Беларусі — праз летапіс беларускіх дакументалістаў. “Беларусь. Дакументальная гісторыя” — 30 верасня ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” адбылася прэм’ера стужкі Галіны Адамовіч, аснова якой — работы яе калег пра людзей суверэннай дзяржавы. Праз іх і ствараецца летапіс дзён сённяшніх. Аўтар ідэі паўнаметражнай дакументальнай карціны, што была зроблена на кінастудыі “Беларусьфільм”, — рэдактар газеты “СБ. Беларусь сегодня” Павел Якубовіч.

/i/content/pi/cult/554/12088/1-1.jpgВялікая колькасць адгледжанага матэрылу студыі “Летапіс” — тытанічная праца, якую здзейсніла Галіна Адамовіч, — вылілася ў па-майстэрску зробленае палатно, дзе кадры з дакументальных карцін Міхаіла Жданоўскага, Юрыя Гарулёва, Станіслава Гайдука, Сяргея Кацьера, Віктара Аслюка ды іншых рэжысёраў мяжуюць з днём сённяшнім. “Гэта мой суб’ектыўны выбар фільмаў, — падкрэслівае рэжысёр, — бо не ўсё дакументальнае кіно, якое рабілася ў нас, было годным. Я выбірала тыя сюжэты і тых герояў, якія мяне чаплялі”, — падкрэлівае яна.

У выніку — перад намі пераканаўчая выбарка Асоб найноўшага часу: рэжысёр робіць стаўку на выбітных прафесіяналаў, іх кар’еры, і яны “цэментуюць” пасланне карціны. Трэнер па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч, кардыяхірург Юрый Астроўскі, які першы на постсавецкай прасторы ажыццявіў трансплантацыю сэрца, рэстаўратар Аркадзь Шпунт, гаспадарнік Аляксей Скакун… Дасягненні гэтых людзей перад краінай, сапраўды, складана аспрэчыць. Гісторыю незалежнай Беларусі здзяйсняюць людзі — і вось яны перад намі. Пра тое і гаворыць фільм.

“Беларусь. Дакументальная гісторыя” — перапляценне жанраў, ліній герояў, кіно і рэчаіснасці, мінулага і сучаснага; тое — калейдаскоп дакумента(ў), у якім і сама карціна прызнае сябе “сведкай часу”. Перад намі станаўленне незалежнай краіны ў версіі Галіны Адамовіч.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"