“Фармаліст, але малайчына!..”

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Андрэй Бембель і яго лінія жыцця
Калі фармальна вызначыць тэму “Гастэлы”, дык гэты твор — пра вайну. Пра героя вайны. Больш складана вызначыць філасофска-маральны аспект, ідэйны сэнс кампазіцыі, яе сталую сучаснасць, дзякуючы якой яна ўзрушвае наступныя пакаленні. Тут з дакладнай глыбінёй выяўлена вечная, а значыць, у вышэйшай ступені сучасная праблема чалавечага жыцця — патрэба чалавека быць неабходным Радзіме, усяго сябе аддаваць дзеля Перамогі. Інакш кажучы, гэта праблема неўміручасці смяротнага чалавека.

/i/content/pi/cult/552/12062/15-1.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 32, 34, 36.)

Твор гэты ўсім даўно вядомы, але ўгледзьцеся ў яго яшчэ раз. На высокай абчасанай глыбе граніту бронза — нібыта полымя. Наблізіўшыся, адрозніваеш імкліва ўзнятую і сагнутую ў локці руку ў пальчатцы. Галава пілота энергічна павёрнута, погляд бясстрашна скіраваны ўніз, на зямлю. Уся яго постаць актыўная, дынамічная. Вецер шалёна рве вопратку, шлем: смерць непазбежная! Але неўміручасць героя пачалася! Мяркую, у дадзеным выпадку нават не мае значэння, хто тут канкрэнта адлюстраваны — капітан Гастэла ці абагульнены вобраз савецкага героя-лётчыка. Тым больш, што ўважліва разглядаючы даваенныя фатаграфіі Гастэлы, падабенства тут не трэба шукаць. На мой погляд, гэты партрэт (пры адпаведным павелічэнні) мог бы стаць вяршыняй нейкага велічнага манумента, прысвечанага ўсім ваенным лётчыкам, загінулым у баях за Радзіму.

Сёння здаецца дзіўным, але тады, калі партрэт упершыню з’явіўся на выстаўцы, ён зрабіў настолькі ашаламляльнае ўражанне, што нават буйныя майстры разца засумняваліся: а ці можна так ламаць класічныя традыцыі партрэта? А Мацвей Манізер, той самы ленінградскі настаўнік Бембеля, “жывы класік”, на той час ужо двойчы лаўрэат Сталінскай прэміі, прашаптаў пры сустрэчы аўтару на вуха: “Фармаліст, але малайчына!”.

Праз кароткі час скульптура набыла шырокую вядомасць за мяжой. Англійскія кінарэжысёры, якія здымалі дакументальны фільм пра Вялікую Айчынную вайну, як сімвал непераможнасці савецкага народа ўвялі ў фінал менавіта бембелеўскі партрэт Гастэлы. Яго здымалі проста на выстаўцы: з розных кропак, у розных ракурсах. У гэты ж час артыкул пра скульптуру быў упершыню надрукаваны ў “Вечерней Москве”. Пра яе загаварылі, на яе “хадзілі”. Пазней яна ўвайшла ў праграму ВНУ па гісторыі савецкага выяўленчага мастацтва.

Пасля вайны з аўтарскага гіпсавага асобніка былі зроблены тры бронзавыя адлівы. Адзін з іх па просьбе Алены Аладавай аўтар падараваў Дзяржаўнаму мастацкаму музею БССР, другі ўпрыгожыў Румынскую нацыянальную галерэю ў Бухарэсце, трэці бюст быў усталяваны на мармуровым пастаменце з абеліскам з нержавеючай сталі на Прывакзальнай плошчы горада Мурама Уладзімірскай вобласці Расіі, дзе прайшло юнацтва лётчыка. А потым былі зроблены яшчэ некалькі бронзавых адліваў для музеяў. Павінен заўважыць, што гэтым партрэтам аўтар абагнаў час. І амаль ніхто са скульптараў, якія звярталіся пазней да вобраза Гастэлы і іншых падобных герояў вайны, не пазбегнуў гіпнатычнага ўплыву бембелеўскага твора, у якім гранічна дакладна выказана яго, Бембеля, канцэпцыя вобраза, якую можна вызначыць як героіка-драматычную. Яна прасочваецца не толькі і не столькі ў выбары тэм або мадэляў, а ў іх вобразна-пластычным вырашэнні. У творах яскрава бачны эстэтычныя пазіцыі аўтара, які катэгарычна адмаўляе пасіўнае ўспрыманне рэчаіснасці і перадачу “літаральнай праўды” натуры, будзённага падабенства.

Акрамя партрэта Гастэлы, Бембель у Маскве зрабіў натурныя эцюды беларускіх партызан Фёдара Паўлоўскага, Пятра Калініна, Дзмітрыя Гуляева; эскізныя накіды да будучых кампазіцый “За нашу савецкую Радзіму”, “Клятва”, “Беларускія партызаны”, “Супраціўленне”. А крыху пазней нарадзілася і задума партрэта Аляксандра Матросава.

З гэтай работай адбыўся цікавы выпадак. Скульптуру адлівалі на ленінградскім заводзе “Манументскульптура” ў 1949 годзе. У той час адзін з былых таварышаў Матросава па Іванаўскім дзіцячым доме, інжынер-тэхнолаг завода Уладзімір Кікуль, праходзячы па ліцейным цэху, раптам убачыў гэты партрэт. Здзіўлены вялікім падабенствам, ён усхвалявана ўсклікнуў: “Дык гэта ж Сашка!..”

Бембель далей распавядаў: “Потым я выслаў фотарэпрадукцыю сваёй работы Карыпанавай, былой выхавацельцы дзяцячага дома, дзе рос Аляксандр. Хутка атрымаў у адказ ліст, дзе яна выказвала сваё захапленне не толькі падабенствам, але і глыбокай псіхалагічнай праўдай партрэта. Справа ў тым, што першыя эцюды я ляпіў з сына мастака Івана Ахрэмчыка — Гарыка. У ім я ўбачыў аснову будучага вобраза Матросава. Бо ў мяне, акрамя адной маленькай фотакарткі героя з камсамольскага білета, не было іншага іканаграфічнага матэрыялу.

Калі гаварыць шчыра, то мяне мала хваляваў дакументальны фотаматэрыял пры рабоце над вобразамі таго ж Гастэлы, Матросава, Гуляева. Дарэчы, партрэтны эцюд партызанскага камбрыга Дзмітрыя Гуляева пазней стаў асновай майго помніка яму ў гарпасёлку Старобін Салігорскага раёна. Словам, я натхняўся подзвігамі такіх людзей і імкнуўся адлюстраваць сутнасць таго бясконцага патрыятызму, які ўздымаў на святы і бязлітасны бой. І яшчэ я думаю вось пра што. У кожным сапраўдным творы мастацтва павінна быць свая мелодыя, свая музыка. Гэта не проста прыём пластыкі. Гэта асаблівасць творчага мыслення. Тут і рытм, і лінія, і рух, і прастора, і тонкае пачуццё перспектывы, асабліва важнае ў манументальным мастацтве, і непаўторнасць часу…”

Так, у гэтым увесь Бембель. У яго працах гэтая мелодыя пэўная, яе заўсёды пазнаеш. Мелодыя мужнай праўды часу. Мелодыя, непадуладная капрызлівай хуткацечнай модзе. Менавіта такая мелодыя гучыць у мемарыяле “Брэсцкая крэпасць — герой”, у якім Бембелю належыць ідэя аднаго з найбольш хвалюючых фрагментаў помніка — Галоўнага ўвахода. Яе мы чуем у рэльефе “9 мая 1945 года” на помніку-абеліску на плошчы Перамогі ў Мінску і, канешне, у Кургане Славы.

Бембель, зразумела, належыць свайму часу, і ў яго ёсць творы, якія, як кажуць, “адышлі ў гісторыю” і сучаснага гледача ўжо не хвалююць. Гэта доля, лёс амаль усіх вялікіх творцаў, якія жылі і працавалі ў час эпохі “сацыялістычнага рэалізму”. Ды ўсе гэтыя помнікі, станковыя кампазіцыі і бюсты, прысвечаныя вобразу Леніна і яго паплечнікам, давалі магчымасць мастакам не думаць пра тое, што будзе заўтра з дабрабытам сям’і і блізкіх. Урэшце, нават у сваёй “ленініяне” Бембель ніколі не халтурыў і працаваў са шчырай верай у ідэі марксізма-ленінізма, у камуністычныя ідэалы. Што казаць, камуністам ён быў да мозгу касцей. Не выпадкова ён некалькі гадоў з’яўляўся членам ЦК КП Беларусі. Я вось усё думаю: а ці “ўпісаўся” б Андрэй Ануфрыевіч у наш сённяшні час як мастак і чалавек? Адказу ў мяне на гэты конт няма… Урэшце, тое тычыцца і іншых значных мастакоў, творчасць якіх цалкам выпала на савецкі час.

А што да твораў Бембеля, у тым ліку і “напаўзабытых”, дык скажу так. Навошта ж меркаваць аб мастаку ў цэлым па яго тых творах, якія аб’ектыўна не ўвайшлі ў новую сучасную прастору; меркаваць па яго хібах і слабасцях, а не па характэрных рэчах і лепшых дасягненнях? А такіх дасягненняў, якія застануцца ў нашай культуры назаўсёды, у Андрэя Ануфрыевіча шмат. Жыццё сваё ён пражыў прыгожа, бурна, натхнёна, быў уганараваны высокімі ўзнагародамі і званнямі, выхаваў слаўную плеяду мастакоў.

За што б ні браўся Бембель, ён рабіў гэта з энтузіязмам, з запалам, энергічна. І ў творчасці таксама. Мне ніколі не даводзілася бачыць Бембеля абыякавым да таго, што ён робіць у той ці іншы момант. Вось ён заняты таніроўкай, і, здаецца, менавіта гэты працэс — самы галоўны, самы любімы ім, хаця тое — апошнія штрыхі да скульптуры. І так ва ўсім, што б ні рабіў. Ён ляпіў заўсёды не проста натхнёна — з замілаваннем. Яго псіхалагічныя партрэты Янкі Купалы, Паўла Малчанава, Івана Шамякіна, Сяргея Ліаранцэвіча, Івана Пісарчыка, Рыгора Пукста, Эдуарда Шапко, Марыі Мякінікавай увайшлі ў залаты фонд беларускай нацыянальнай скульптуры. На маіх вачах, напрыклад, ён ляпіў партрэты філосафа Канстанціна Буслава і жывапісца Леаніда Шчамялёва, эскізныя кампазіцыі “Смага” і “Сцяг Брэсцкай крэпасці”, і я ведаю, што гэта такое — “рабіць” сапраўднае мастацтва…

Усё гэта засталося ў маёй памяці, і я вельмі рады, што лёс звёў мяне з такім цудоўным чалавекам…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"