Пра Цітовічава “парцейнае” і ягоны след на столі

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Да 105-годдзя з дня нараджэння Генадзя Іванавіча Цітовіча
А потым у калгасным клубе вёскі Вялікае Падлессе ўрачыста адзначылі саракагадовы юбілей мясцовага хора, які праславіўся на ўвесь СССР. Вядома ж, Генадзь Іванавіч быў там, што называецца, “зоркай першай велічыні”. Хор, у якім былі яшчэ і ўдзельнікі Дэкады 1940-га, праспяваў пад яго дырыжыраваннем сваю “фірменную” песню:

/i/content/pi/cult/552/12061/14-2.jpg

(Заканчэнне. Пачатак у № 32.)

“Між палёў шырокіх на краі Палесся

Ў садах расквітае вёсачка Падлессе…”

На тым сходзе аднагалосна была прынята пастанова “Аб прысваенні ганаровага звання “Заслужаны калгаснік” Генадзю Іванавічу Цітовічу за шматгадовую і актыўную працу ў калгаснай вытворчасці”.

Здаецца, ніхто ў Беларусі з дзеячаў мастацтва не меў такога незвычайнага ганаровага звання.

А ў нас на той вечар быў для вяскоўцаў незвычайны сюрпрыз. Справа ў тым, што песню хора “Нам прыслала Масква падкрэпленне” ў ліку лепшых, адметных на дэкадзе нумароў нават знялі на кінастужку — вялікі гонар! Нумары джаза Эдзі Рознэра, оперны дуэт Арсэнка з Млодэк былі вядомы, скапіраваны, а гэты матэрыял згубіўся, хаця харысты і Цітовіч добра памяталі, што іх тады ў Маскве здымалі. І толькі наша рэдактар Галіна Злабенка выпадкова знайшла стужку ў падмаскоўным краснагорскім архіве ў каробках з матэрыялам дэкады зусім іншай рэспублікі, — здаецца, Таджыкскай ці нейкай іншай сярэднеазіяцкай.

І вось у гэты вечар, роўна праз 40 гадоў, прывезлі мы ў вёску тыя кадры. Згасла святло ў зале, застракатаў праектар. Зала літаральна замерла: столькі год мінула, вайна пракацілася, акупацыя, высылкі, ліхалецце... Людзі пазнавалі сябе, бабуль, бацькоў, аднавяскоўцаў: адыйшоўшыя, загінуўшыя — у тым ліку расстраляны фашыстамі лідар хора Васіль Іванавіч Петух, што замяшчаў Цітовіча… А яны ўсе тут, маладыя і вясёлыя — вось, на экране!.. Архіўную стужку папрасілі паказаць яшчэ раз, потым яшчэ. Глядзелі і плакалі.

Генадзь Іванавіч плакаў з імі разам. Архіўная стужка, бы тая машына часу, вярнула людзей у маладосць, у іншы свет, у іншую эпоху…

Ён тут ведаў усіх, у кожнай хаце яго любілі, чакалі, віталі. Таму званне “Ганаровага калгасніка” абмывалі доўга і грунтоўна. Нехта нават забіў вялізнага кабана з тае нагоды, нехта, не маючы нашчадкаў, адпісаў яму ў спадчыну сваю хату з падворкам. Ля клуба арганізавалі зімовыя забавы — вёска, што называецца, “вібрыравала”, калгас гуляў!..

Яго 75-годдзе прыпала на 1985 год. Нагадаю, чым ён быў адметны: крэтынічнай антыалкагольнай кампаніяй. I вось скончылася ўрачыстасць у Доме літаратараў, усе разыходзяцца, развітваюцца з юбілярам. Разгублены Генадзь Іванавіч у фае затрымлівае некалькіх блізкіх — ганаруся, што абраў і мяне, — і кажа шчыра:

— Ведаеце, сябры, я чалавек старамодны, і не падняць чарку, святкуючы ўласнае 75-годдзе, не магу. А таму прашу вас усіх, даражэнькія, да мяне дамоў — тут побач.

I мы невялікім гуртам перамясціліся ў гасцінны дом, што на Даўгабродскай, побач з Вайсковымі могілкамі. Там нас ужо чакалі са шчодрай вячэрай жонка юбіляра Вольга Мацвееўна і дачка-прыгажуня Света.

Што то быў за вечар! Гаманілі, жадалі “многія лета” юбіляру, спявалі. Узнёслыя словы зляталі з вуснаў кампазітараў Ігара Лучанка, Юрыя Семянякі. А потым музыказнаўца Зінаіда Мажэйка папрасіла заспяваць нейкую народную баладу для мужчынскіх галасоў... I адбыўся цуд! Зацягнуў Генадзь Іванавіч, тут жа да яго далучылі галасы Міхась Дрынеўскі і Мікалай Сірата — тагачасны кіраўнік аркестра Народнага хору. Пэўна, толькі Тургенеў у сваіх “Певцах” здолеў апісаць натхнёную ўзнёсласць народнага спеву, а я перадаць гэтага словамі не змагу. Але да гэтае пары бачу і чую славутых музыкантаў, што, абняўшыся, суладна, на тры галасы, вялі старадаўні жалобны і разам з тым магутны спеў.

Міхась Паўлавіч адзываецца аб Цітовічы, як аб бацьку:

— Ён — музыкант, фалькларыст, дырыжор, арганізатар — нячаста Божанька дае столькі аднаму чалавеку! Колькі сядзелі з ім і за чаем, і за чым іншым, заўсёды размовы пра музыку, пра беларускі фальклор, пра невычэрпнасць народнай творчасці. Мяне ён называў сваім творчым сынам, і калектыў, створаны ім, перадаў мне як народную спадчыну.

На пенсіі, калі Цітовіч ужо не кіраваў Народным хорам, ён часта сядзеў там, у сваім крэсле ў дырэктарскім кабінеце. Ён быў для калектыва настаўнікам і нейкім талісманам.

Сваё месца меў ён і ў Доме кіно, які тады месціўся ў Чырвоным касцёле. Сядзелі ў 1980-м на паказе фільма “Тры тысячы песень”, у 1984-м сядзелі побач на прэм’еры “Жавароначкі, прыляціце!” з удзелам хору, пасля чаго, канешне ж, чокнуліся чаркамі. А ў 1993-м на прэм’еры поўнаметражнага фільма “Хор” яго побач ужо не было, адляцеў…

Дачка Святлана Генадзеўна ўзгадвае:

— За ўсё жыццё ні бацька, ні маці не карысталіся аніякімі прывілеямі, не былі ў санаторыі ці ў доме адпачынку, не ведалі дарогі да розных “размеркавальнікаў”. Толькі трапіўшы на лячэнне ў анкалагічны цэнтр у Бараўляны, які стаіць сярод сасновага лесу, тата пажартаваў, што, нарэшце, зразумеў, што такое санаторый.

Не стала яго праз год пасля апошняга юбілея і таго незабыўнага вечара — у 1986-м. А яшчэ праз год Народнаму хору, канешне ж, далі яго імя.

На доме — мемарыяльная дошка. Не верыцца, што слухалі тут яго разважанні, напевы, сядзелі за чаем і за чым іншым, што з гэтым “старамодным чалавекам” звінелі чаркамі…

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр