Прэстыжнае беларускае слова

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Васіль СЕГЕНЬ, выкладчык кафедры беларускай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэта, намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства
Нядаўна я ўдзельнічаў у першым пасяджэнні Каардынацыйнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. У гэтым пасяджэнні бралі ўдзел 32 прадстаўніка беларускіх суполак з 18-ці краін свету. Была прынята сумесная дэкларацыя, а таксама абмяркоўваліся самыя разнастайныя праблемы беларусаў замежжа. І тое, што ідзе падобнае супрацоўніцтва, нас цешыць…

/i/content/pi/cult/552/12059/5-4.jpgУвогуле, тут, у Польшчы, мы вельмі шчыльна ўзаемадзейнічаем з самымі рознымі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі беларускімі ўстановамі ды арганізацыямі. Напрыклад, вялікую дапамогу маем ад Пасольства Беларусі ў Польшчы, ад Цэнтра культуры Беларусі ў Варшаве, Генеральнага Консульства ў Беластоку… І гэта наша супрацоўніцтва вельмі практычнае, штодзённае і плённае. Напрыклад, цягам года ладзім каля 60 мерапрыемстваў у польскіх гарадах, дзе адбываюцца прэзентацыі культур нацыянальных меншасцей, абрадавых калектываў, беларускага Купалля і некаторыя іншыя. Сапраўдным святам на Падляшшы даўно зрабіліся штогадовы агульнапольскі фестываль “Беларуская песня”, песенны фестываль “Гродна-Беласток”, імпрэзы ў Гродэку, Міхалове, Семятычах.

Што да беларускай мовы, дык яе можна пачуць у Падляскім ваяводстве Польшчы шмат у якіх вёсках. Напрыклад, дыялекты з-пад Сакулкі, Крынак, Дубровы-Беластоцкай, Белавежы ці Нараўкі — гэта тыповыя гаворкі беларускай мовы. А, скажам, дыялекты Бельшчыны ці Гайнаўшчыны — гэта ўжо пераходныя гаворкі, з прыкметамі, узятымі з беларускай і ўкраінскай моў, што, натуральна, вельмі характэрна для памежных тэрыторый.

Хаця, напрыклад, прафесар Міхал Саевіч з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай у сваіх даследаваннях правёў мяжу паміж беларускімі і ўкраінскімі дыялектамі. Я ж пастаўлю пытанне інакш: ці можна ўвогуле вызначыць нейкую мяжу паміж двума дыялектамі? Мой пункт гледжання: пераходныя гаворкі вызначыць ды размежаваць вельмі цяжка…

Натуральна, старое пакаленне сыходзіць, а маладыя людзі, пад уплывам польскай мовы, не надта хочуць размаўляць на беларускай. Таму, калі не надаваць увагі гэтай тэндэнцыі, не вывучаць беларускую мову ў дзіцячых садках, школах ды гімназіях, з цягам часу наш дыялект можа ў будучыні знікнуць нават у сёлах. Напрыклад, калі я вучыўся ў нулявым класе, дык увогуле не ўмеў размаўляць на польскай мове: навучыўся гаварыць на ёй добра пасля. Калі я быў школьнікам, усе ў нас хадзілі на ўрокі беларускай мовы і ніхто нават не думаў, што можа стацца інакш.

На жаль, сёння ў нас складана ўгаварыць бацькоў, каб пасылалі дзетак на ўрокі беларускай мовы ў мясцовай школе і гімназіі. Бывае, бацькі хочуць, каб іх дзіця хадзіла на заняткі па беларускай мове, але трымаюць бок свайго дзіцяці, якому проста не хочацца вучыцца мясцовай гаворцы.

Для поспеху ў гэтай справе, на мой погляд, патрэбны супольныя дзеянні дырэкцыі і ўсіх настаўнікаў. І я таксама намагаюся ў гэтым спрыяць. Напрыклад, вельмі добрая практыка, калі школьныя настаўнікі на спатканні з бацькамі запрашаюць вядомых у беларускім асяроддзі людзей. Гэта можа дапамагчы пераканаць родзічаў пасылаць сваіх дзетак на ўрокі мовы. Таксама трэба карыстацца найбольшай колькасцю дапаможнікаў, асабліва ў час заняткаў з малодшымі вучнямі. І тут дапамога з боку Беларусі таксама вельмі важная!

Пытанне даследавання беларускіх гаворак у нашых сёлах — вельмі важная справа. Раней вяліся даследчыцкія працы, быў створаны шматтомны “Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны”. Апошнім часам работы практычна спыніліся, хаця недаследаванымі застаюцца многія мясцовасці. Моўныя пытанні, такім чынам, пакідаюць як бы для аматараў, для тых, хто вельмі зацікаўлены гэтымі справамі. Таму цяпер я прапаную маладым людзям і іншым ахвотным запісваць размовы са старэйшымі людзьмі, якія жывуць у сёлах Падляшша, каб хаця б у гукавых запісах захаваць адметнасці гаворак асобных вёсак. А ўжо пасля гэтыя запісы можна будзе выкарыстаць у моўных даследаваннях і дасведчанаму навукоўцу і дыялектолагу, што ў Польшчы, што ў Беларусі...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"