Пад знакам Полацка Скарыны

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Гэты будынак нас, юных палачан, прыцягваў заўсёды. Па-першае, сваім старадаўнім абліччам, якое захавалася праз сотні гадоў, па-другое, тым, што ён стаяў на стромым беразе Заходняй Дзвіны насупраць велічнага сабора, камяніцу якога таксама захаваў час, нягледзячы на тое, што будыніна была прыстасавана пад нейкія гаспадарчыя патрэбы.

Гэта потым па ініцыятыве тагачаснага загадчыка аддзела культуры гарвыканкама Таццяны Рудавай там адкрыецца Карцінная галерэя, а колішні будынак брацкай школы, звязанай з імем Сімяона Полацкага, пачнуць рэстаўраваць пад музей.

У гады маёй маладосці там быў дом, у якім жыла прыгожая дзяўчына, ужо не памятаю яе імя, якая вельмі падабалася майму сябру, будучаму таленавітаму мастаку. Мы не раз заседжваліся ў двары, углядаючыся ў цёмную дзвінскую ваду, удыхаючы чароўны пах летняй ночы.

/i/content/pi/cult/552/12057/5-2.jpgЯ ўжо працаваў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё, калі ўсё больш пачыналі гаварыць пра полацкую даўніну, калі ўжо аднаўлялася Сафійка, калі ў горад часцей сталі завітваць вучоныя, пісьменнікі, аматары гісторыі, калі мы, маладыя літаратары з аб’яднання “Крыніцы”, гарэлі жаданнем прыкласці і свае сілы для вяртання ўнікальных помнікаў гісторыі з 
забыцця.

І добра памятаю, як нашы сябры, мастакі Сяргей Дзмітрыеў і Ігар Куржалаў, радасна паведамілі, што іх запрасілі да рэстаўрацыі і афармлення гэтай былой брацкай школы Сімяона пад Музей кнігадрукавання.

Мора эскізаў, цікавыя ідэі… Былая камуналка ператваралася на вачах у музейныя залы. Васковыя фігуры, нібы жывыя продкі, паўставалі з прасценкаў.

Так пачынаўся музей, які ўрачыста адкрыўся 8 верасня 1990 года. І першым яго дырэктарам стала Галіна Ладзісава, юная паплечніца Рудавай, якая сама толькі спасцігала музейную навуку. Сёння яна дырэктар Музея гісторыі горада Мінска.

Што гэта павінен быць Музей кнігі, не сумняваўся ніхто. Толькі што горад разам з грамадскасцю краіны і замежжа адсвяткаў 500-годдзе свайго славутага земляка Францыска Скарыны. Ды ўвогуле: гісторыя кнігі, навукі, пісьменства непарыўна звязана з гэтымі мясцінамі, з гэтай дзвінскай набярэжнай. У келлі Сафійскага сабора перапісвала святыя кнігі юная Ефрасіння Полацкая, у брацкай школе спяліў свой талент Сімяон, які ўвайшоў у гісторыю, як выдатны паэт, філосаф, асветнік…

Музей пачаў жыць. І хоць было няпроста напачатку, хоць не хапала рарытэтаў, якія замянялі муляжы, сюды пацягнуліся людзі. Ён пакрысе станавіўся духоўным цэнтрам, месцам, куды імкнуліся і тыя, каму быў неабыякавы гістарычны лёс Радзімы, і тыя, хто хацеў спасцігнуць тое, што было схавана за тоўшчай гадоў ды не надта прапагандавалася ў часы бяспамяцтва і гістарычнага невуцтва.

Цяпер сусветная навуковая грамадскасць рыхтуецца да 500-годдзя першай Скарынаўскай кнігі, выдадзенай у Празе “людзям паспалітым для навучання”. І тут роля полацкага, адзінага ў нашай краіне музея кнігадрукавання, павінна быць вельмі значнай і адметнай.

Гэта добра, што свой юбілей музей адначыў міжнароднай навуковай канферэнцыяй. Але гэта пакуль першы, даволі сціплы крок. І сам Полацк, і постаць Скарыны, і, безумоўна, музей павінны адыгрываць значную ролю ў тым, што мы называем нашым нацыянальным багаццем, нашым гонарам. Не толькі Віцебск Шагала, але і Полацк Скарыны павінны прыцягваць да сябе турыстаў з усяго свету, быць візітоўкай нашай гісторыі і культуры.

Нясвіж і Мір, Навагрудак і Гродна… А над усім гэтым — знак Скарыны, яго прарочыя словы як сімвал нашай велічы і людскасці.

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё