Свята для “цяжкіх падлеткаў”?

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Раней сярод многіх мінчан была завядзёнка з’ехаць на дзень свайго горада куды падалей, каб схавацца ад тлумнага натоўпу. Але з году ў год сітуацыя мяняецца, і не надта актуальны для сталіцы фармат “шашлыкі пад музло” паступова саступае месца сапраўды цікавым для гараджан імпрэзам. Адначасова эвалюцыянуе і публіка. Таму выправіўшыся з дзецьмі, скажам, на рыцарскі фэст, ты ўжо не рызыкуеш апынуцца ў натоўпе п’яных тынэйджараў з прадмесцяў. Вось я і выправіўся.

/i/content/pi/cult/552/12056/4-11.jpgКалі перапоўненая “адзінка” выехала на праспект Пераможцаў, дзе рыцарскі фэст амаль суседнічаў з “шашлычным” канцэртам, раптам стала вусцішна. Паўсюль міліцыя, турнікеты, жоўтая стужка... Такое адчуванне, быццам там здарылася нешта жахлівае.

Выходзіць на тым прыпынку мы пабаяліся, паехалі далей. На наступным аўтобус чамусьці не спыніўся — міліцыянер жэзлам загадаў, каб вадзіцель ехаў далей. Выходзім яшчэ праз адзін, каб вярнуцца назад, — і адразу трапляем у тупік: праспект у бок Палаца спорту заблакаваны міліцыяй. Бы ў тым квэсце, шукаем абыходныя шляхі. Гэта няпроста, бо нават за кіламетр да эпіцэнтра свята перагароджана амаль усё.

Праявіўшы настойлівасць, мы з малымі такі трапляем у той парк, дзе адбываецца фестываль. Ужо добра чуваць гукі дуды, а да рыцарскіх шатроў, здавалася б, рукой падаць. Але... як выявілася, выпрабаванні яшчэ толькі пачынаюцца.

Наўпроставы шлях на пляцоўку фэста, вядома ж, “на жалезным замку”. Ідзем уздоўж шчыльнага жывога шэрагу з курсантаў Акадэміі МУС даўжынёй, мусіць, метраў у пяцьсот. Ізноў шукаем хоць нейкі пралаз у гэтай крэпасці, чыя абарона арганізавана куды лепш, ніж бутафорскіх рыцарскіх замкаў. Але марна. Пакуль мы не абышлі тэрыторыю фэста па перыметры, ніводнага турнікета-прапускніка не патрапілася.

Як можна заўважыць, да саміх “КПП” мінчане ўжо збольшага прызвычаіліся і ставяцца як да непрыемнай, але неабходнасці. Вядома, толькі ў тым выпадку, калі праз іх усё ж прапускаюць — нават пасля пільнага агляду дамскіх сумачак. Турнікеты на подступах да рыцарскага форуму сталі непераадольным бар’ерам. Рух там намёртва спыніўся, і ля кожнага ўтварыўся натоўп такіх самых, як мы — сем’яў з малымі дзецьмі. Магло падацца, што гэтых нешчасліўцаў нават больш, чым тых, каму ўсё ж собіла прарвацца ўнутр — прынамсі, вольнага месца на тэрыторыі свята хапала. І самае цікавае: ніхто з праваахоўнікаў нават не мог патлумачыць, што адбываецца.

Звонку магло падацца, нібы ў цэнтры Мінска адбывалася не яго свята, а спецаперацыя па затрымцы нейкага асабліва небяспечнага злодзея. Хто яго ведае, магчыма, менавіта так і было — мы ж можам і не ведаць аператыўных зводак. Але... На свята сабраліся самыя звычайныя гараджане — чый агульны ўзровень побытавай культуры за апошнія -наццаць гадоў прыкметна ўзрос. Настолькі, што цяпер ім нават можна прапаноўваць пад шашлык куфаль піва — як гэта ці не ўпершыню за доўгі час было зроблена падчас сёлетняга свята. Ніякіх эксцэсаў з той прычыны я на свае вочы не бачыў.

Гэтым летам давялося пабываць на некалькіх масавых мерапрыемствах у Польшчы. З бяспекай там усё проста: на ўваходзе стаяць турнікеты і пару ахоўнікаў, яшчэ столькі ж — ля самой сцэны. Недзе ўбаку дзяжурыць нарад паліцыі, іншых людзей у форме прынамсі не відаць. А гледачоў — тысячы! І ніякіх непрыемных выпадкаў праз такі “недагляд” не адбываецца. Чаму ж да нас, мінчанаў, ставяцца як да нейкіх “цяжкіх падлеткаў”?

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"