Турызм на мяжы: 50/50

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Калі дададзім да энтузіязму крыху інфраструктуры?
Турызм у прымежнай зоне — гэта штосьці рэальнае ці з галіны фантастыкі? Як уплывае статус такой тэрыторыі на прыцягальнасць і даступнасць турыстычных аб’ектаў? З гэтымі пытаннямі мы выправіліся на Лідчыну і Воранаўшчыну, каб наведаць некаторыя гістарычныя помнікі на мяжы з Літвой.

/i/content/pi/cult/552/12055/4-1.jpgПаломніцтва

Дарэчы, некалькі гадоў таму прымежная зона скарацілася і стала ахопліваць не 25 кіламетраў ад мяжы, а толькі сем. Гасцей у гэтых мясцінах стала больш. Але часцяком тыя могуць сустрэць закінутыя помнікі даўніны, якія ахоўваюцца хіба шыльдамі: “Аб’ект у аварыйным стане. Знаходжанне ўнутры і паблізу небяспечнае для жыцця”. Такія будынкі (дакладней, іх рэшткі) рэгулярна выстаўляюцца на аўкцыёны нерухомасці, нават усяго за адну базавую велічыню. Але ахвотных іх набыць адшукаць больш складана, бо аднаўленне падобных гістарычных аб’ектаў патрабуе вялікіх высілкаў.

Цікава, што куды б мы ні траплялі, экскурсаводаў доўга шукаць не даводзілася. Да каго ні звернешся, літаральна кожны з тамтэйшых жыхароў быў гатовы гадзінамі распавядаць пра родныя мясціны. Асабліва гэта тычылася каталіцкіх святароў. Мы нават не напрошваліся на размову — проста моўчкі разглядалі помнікі архітэктуры, што нас зацікавілі, хіба перакідваліся паміж сабой асобнымі фразамі. Служкі царквы самі падыходзілі да нас, адмыкалі касцёл, калі той быў зачынены, пачыналі пра яго распавядаць, звярталі ўвагу на самыя значныя рэліквіі. І рабілі гэта абсалютна шчыра, без той ноткі стомленасці ад паўтораў аднаго і таго ж завучанага тэксту, што часам сустракаецца ў прадстаўнікоў турыстычных цэнтраў.

Паломніцтва — адзін з вельмі важных турыстычных напрамкаў ва ўсім свеце. І, у прыватнасці, у вёсцы Тракелі Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Ксёндз Аляксандр, які працуе ў тамтэйшым касцёле другі год, расказвае, што свята абраза Маці Божай Тракельскай, якое праводзіцца ў пачатку ліпеня, штогод збірае тысячы паломнікаў не толькі з Беларусі, але і Літвы, Польшчы, Германіі, іншых краін.

— Да нас прыязджаюць не толькі ў свята, — гаворыць ён, паказваючы змешчаны побач будынак. — Дом пілігрымніка разлічаны на дваццаць чалавек, але дзяцей тут можа размясціцца нават трыццаць.

Дбаюць святары і пра рамонтныя працы.

— Сродкі шукаем самі, — распавядае ксёндз касцёла Прасвятой Тройцы ў Германішках, пабудаванага ў ХІХ стагоддзі. — Усё робіцца сіламі прыхаджан, а гэта, у асноўным, бабулькі. На адную толькі праектную дакументацыю трэба пяць мільёнаў. Таму, зразумела, ёсць складанасці, і трэба знаходзіць выйсце. Напісаў больш за пяцьсот лістоў у розныя інстанцыі з просьбай дапамагчы. Вось у кім няма патрэбы, дык гэта ў “чорных капальніках”. Бо яны, нягледзячы на ўсе забароны, з’яўляюцца ў нашых мясцінах рэгулярна.

Касцёлу ў Воранавае пашанцавала куды менш. У пасляваенны час яго знішчылі: “Разарвалі на чатыры часткі”, — узгадвае Генрых Масель, ураджэнец гэтых мясцін, які цяпер жыве ў аграгарадку Беняконі.

Літаратура

Яшчэ адзін турыстычны кірунак рэгіёна звязаны з літаратурай. У Беняконеўскай сярэдняй школе яшчэ ў 1987 годзе быў заснаваны літаратурна-гістарычны музей, дзе асноўныя экспазіцыі прысвечаны Адаму Міцкевічу і ягонай каханай Марылі Верашчака (па мужу — Путкамер), а таксама тамтэйшаму паэту Міхаілу Валасевічу, які амаль усе свае вершы прысвяціў іх каханню, што разгортвалася ў гэтых мясцінах. Нягледзячы на летнія канікулы, нязменная кіраўніца музея, выкладчык гісторыі і старшыня школьнага гістарычнага таварыства Галіна Барэйша, кінуўшы хатнія справы, вядзе нас у школу, паказвае экспанаты, з любоўю распавядае пра кожны: “Усё збіралі самі, штосьці падарылі нам з Навагрудка — Дома-музея Міцкевіча (а там, дарэчы, многія прадметы, у сваю чаргу, з Літаратурнага музея класіка ў Варшаве). Цяпер у нас каля 300 экспанатаў, і мы маглі б прапанаваць 15 экспазіцый, ды месца на ўсё не стае. Экскурсіі дзеці праводзяць самі, прычым не толькі па-беларуску, але і па-польску. Каб наведвальнікам было цікава, стварылі і “мясцовае паданне”: усталявалі пасярод пакоя лаўку, што “спраўджвае жаданні”. Звычайна на ёй мы і завяршаем аповед: госці з вялікай ахвотай прысаджваюцца на яе, нават у чаргу становяцца. За год нас наведвае да 400 чалавек, прыязджаюць нават з Польшчы. А на ўгодкі Міцкевіча здараецца і па пяць экскурсій на дзень.

Каб пераканацца ў апантанасці тамтэйшых жыхароў, дастаткова зазірнуць у Інтэрнэт. Школа мае такі сайт, які мог бы даць фору адпаведным інфармацыйным каналам многіх сталічных творчых калектываў.

Шмат жывых сведкаў кахання знакамітага паэта-класіка — дрэў, каменняў, пабудоў — можна знайсці ў парку і былой сядзібе графа Путкамера ў Больценіках, што літаральна ў адным кіламетры ад Беняконяў.

Інфраструктура

У тым будынку цяпер знаходзяцца сельскі Дом культуры і бібліятэка. А праславіўся ён тры гады таму, калі тут вяліся здымкі серыяла “Вангелія”. Дарэчы, здымачная група пакінула пасля сябе не толькі ўспаміны, што абраслі легендамі, але і новы “музейны экспанат”. Насупраць будынка, паводле сцэнарыя, быў пабудаваны фантан. І хаця ён не працуе, зрабіць фота каля гэтага незразумелага для недасведчаных узгорка можна.

Суботнім надвячоркам СДК быў адчынены. Нашымі чарговымі экскурсаводамі сталі яго супрацоўнік і музыкант Іван Бянкевіч, які рыхтаваўся праводзіць дыскатэку, і мясцовая “ахоўніца” — котка Вера.

У параўнанні са сталічнымі, расцэнкі ў гэтай культурнай установе невялікія. Правядзенне вясельнай цырымоніі ў гістарычным атачэнні — 1 мільён, фотасесія — 200 тысяч, турыстычны маршрут — 15 тысяч для дарослых, 10 — для дзяцей (дыскатэка каштуе столькі ж), групавая экскурсія — 250 тысяч. Але ў Больценіках усяго 250 чалавек працоўнага насельніцтва. Дыскатэкі звычайна збіраюць па 120 — 150 чалавек. І каб выканаць гадавы план СДК у 50 мільёнаў рублёў, даводзіцца прыкладаць шмат сіл і фантазіі, “заманьваючы” прыезджых.

— На вяселлі да нас едуць нават з Літвы, — расказвае Іван Бянкевіч. — Ладзім мы і вечарыны ў стылі ХІХ стагоддзя, разнастайныя конкурсы, пленэры. Сёлета, да прыкладу, 3 ліпеня ў нас было вяселле, 4-га — свята вёскі, 6-га — Купалле. Часцяком завітвае моладзь, студэнты, якія цікавіцца даўніной. У асноўным, у прыватным парадку, невялічкімі гуртамі па чатыры-пяць чалавек. У 1990-я экскурсій было куды больш — па тры-чатыры на дзень, ехалі пераважна літоўцы і палякі.

На другім паверсе, што знаходзіцца над бібліятэкай, рамонт яшчэ не завершаны. Аглядаючыся больш уважліва, разумею, што ва ўсім памяшканні няма ні водаправода, ні прыбіральні — усе выгоды на вуліцы. І з абагрэвам — усё ці ў мінулым (печка як элемент старадаўняга дэкору), ці ў будучыні (на цяперашні час ідзе толькі ўдакладненне тэхнічнай дакументацыі). Пагадзіцеся, пры такіх умовах, не гаворачы ўжо пра хоць якую інфраструктуру, разлічваць на турыстычны бум не выпадае.

Апошнім пунктам падарожжа стаў замак-крэпасць ХVI стагоддзя, дзе змешчаны Рэспубліканскі псіхіятрычны шпіталь “Гайцюнішкі”. Пакінуўшы на ўваходзе пашпарты, прайшлі на тэрыторыю лячэбніцы, агледзелі будынак, які праз сваё прызначэнне падтрымліваецца ў добрым стане (праўда, зайсці унутр мы ўсё ж не рызыкнулі). “А да крыніцы не пойдзеце?” — запытаўся вартаўнік. І паказаў, дзе яе шукаць.

Уражанняў назбіралася шмат. І думак — таксама. У час вандроўкі ледзь не ўсім, каго мы сустракалі, задавалі адно і тое ж пытанне, сфармуляванае ў пачатку артыкула: маўляў, знаходжанне аб’ектаў у прымежнай зоне — дапамагае ці перашкаджае турызму? Адказы падзяліліся “пяцьдзясят на пяцьдзясят”. Хтосьці лічыць, што блізкасць да мяжы адыгрывае станоўчую ролю: замежнікам не трэба далёка ехаць, мінуў пагранпункт — і аглядай, калі ласка, славутасці. А ўжо потым можна рушыць і далей — тым больш, што на Гродзеншчыне цікавостак хапае. Хтосьці мяркуе наадварот: праверкі дакументаў, якія ў многіх асацыююцца са стрэсавай сітуацыяй, наўрад ці могуць спрыяць падарожжам.

Тым не менш, на афіцыйным сайце Воранаўскага райвыканкама можна знайсці некалькі апісанняў турыстычных маршрутаў, каардынаты арганізатараў і іншую інфармацыю. Дадам, што ў час сваіх вандровак па Лідчыне мы сустрэлі сям’ю з Санкт-Пецярбурга. Папярэдне вывучыўшы маршрут, яны рушылі ў гэтыя мясціны (як высветлілася, на радзіму продкаў) на сваім аўто. Праз Полацк, Віцебск, Мінск, Нясвіж, Мір. І засталіся ў захапленні ад убачанага.

Апошнім часам не толькі ў замежжы, але і ў нас усё большай папулярнасцю карыстаецца індывідуальны турызм. Ёсць асаблівая асалода ў тым, каб не быць прывязаным да натоўпу і звязанага з гэтым строга абмежаванага часу, што адводзіцца на кожны з аб’ектаў. Вы можаце самастойна вырашаць, што і колькі разглядаць, чым цікавіцца. Карысці ў гэтым больш, чым у “групавых прабежках”, якія могуць быць хіба першым этапам, дзе можна вызначыць, куды б хацелася вярнуцца — для больш няспешнага і падрабязнага знаёмства.

Лідчына і Воранаўшчына прызначаны менавіта для такіх падарожжаў. Тут шчыра рады ўсім, хто выяўляе зацікаўленасць. І развіццю турызму ў рэгіёне спрыяюць шматлікія энтузіясты, гатовыя не па разнарадцы, а па закліку сэрца выступаць “грамадскімі экскурсаводамі”, распавядаючы пра свой край. Ды ўсё ж — ці не надышоў час дадаць да энтузіязму яшчэ і крыху інфраструктуры?

Мінск — Лідскі раён — Воранаўскі раён — Мінск

Фота Руслана АНАНЬЕВА

 

Пра тое, што рэальна ажыццявіць у плане турызму з культурным адценнем, журналісты “К” у рамках рубрыкі “Рэдакцыя плюс..." гутарылі з выконваючым абавязкі кіраўніка Нацыянальнага агенцтва па турызме Рыгорам Памяранцавым. Чытайце матэрыял у наступных нумарах “К”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"