“Буйным планам” ды “не ў натоўпе”

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

12 верасня ў Мінску ля храма-помніка ў гонар усіх Святых адбылася Рэспубліканская акцыя “Харавое веча”. З усіх куткоў краіны ў сталіцу з’ехаліся і цягам дзвюх гадзін выступалі больш за 60 харавых калектываў — прафесійных, вучэбных, аматарскіх — агульнай колькасцю ў 2 тысячы чалавек. Прысутных віталі міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васіль Панасюк і настаяцель храма айцец Фёдар. Пра тое, як рыхтавалася “Харавое веча”, яго ініцыятар і мастацкі кіраўнік Тамара Слабодчыкава распавядала ў мінулым нумары “Культуры”. Сёння ж мы друкуем водгукі і меркаванні ўдзельнікаў акцыі.

/i/content/pi/cult/552/12054/2-2.jpgНаталля МІХАЙЛАВА, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору Беларусі:

— Правядзенне такіх акцый — вельмі складаная, але надзвычай патрэбная справа. Неабходны яны не толькі для таго, каб утварыць масавасць, зацікавіць людзей харавымі спевамі, беларускай песеннасцю. Падобныя праекты, безумоўна, даюць штуршок да развіцця нацыянальнай харавой культуры. Удзельнікі хору звычайна застаюцца ў нейкім сэнсе “хатнімі” артыстамі. Не таму, што мала выступаюць, — гэта не так. А таму, што заўсёды працуюць з адным і тым жа кіраўніком, прызвычайваюцца да яго рук ці дырыжорскай палачкі. І нейкі “погляд збоку”, дадзены іншымі дырыжорамі і музыкантамі, можа спрыяць іх творчаму росту, служыць дадатковым імпульсам да самаўдасканалення. Тую ж ролю адыгрывае і сумеснае музыціраванне — у дадзеным выпадку, харавое, і стасункі з калегамі.

Таму пераацаніць цяперашняе “Харавое веча” немагчыма. Раней ужо было некалькі такіх спроб, але не настолькі масавых. Апошняя акалічнасць, дарэчы, патрабавала папраўдзе гераічных высілкаў ад арганізатараў, бо ўсё рабілася за тры рэпетыцыі. Надалей, мяркую, для такіх харавых сходаў трэба шукаць яшчэ большую па памерах пляцоўку, каб удзельнікі (а сярод іх і дзеці, і людзі сталага веку) маглі б прысесці, адпачнуць, а не праводзіць па пяць гадзін на нагах. Але што добра было зараз — усіх удзельнікаў накармілі салдацкай кашай. Асабліва для дзяцей гэта была тая “фішка”, што запомніцца на ўсё жыццё.

Алена САКАЛОВА, мастацкі кіраўнік Камернага хору Гомельскай абласной філармоніі:

— Праводзіць “Харавое веча” трэба рэгулярна. Гэта вельмі важна, бо калектыўныя спевы яднаюць людзей, дапамагаюць ім іначай адчуваць свет. І тое, што такія традыцыі пачынаюцца, прычым на дзяржаўным узроўні, ужо само па сабе наводзіць на думку: працяг будзе — і будзе абавязкова.

Не менш важна і ўласна мастацкае значэнне такіх сходаў. Бо з’ядналіся калектывы самага рознага ўзроўню і статуса: не толькі дзіцячыя і аматарскія, але і прафесійныя, што застаюцца аплотам і прыкладам для ўсяго харавога брацтва.

Звярну ўвагу, што харавое свята стала не проста нейкім забаўляльным мерапрыемствам. І гэта правільна. Патрэбен жа не толькі адпачынак — трэба і пра душу падумаць, каб атрымаць унутранае ачышчэнне. Таму вельмі важна, што тут гучала, да ўсяго, духоўная музыка. Наш хор, да прыкладу, меў гонар выконваць песняспеў Рахманінава “Багародзіца Дзева, радуйся”. І тое эмацыйнае ўздзеянне, якое аказвае гэта музыка на выканаўцаў і слухачоў, немагчыма ні з чым параўнаць.

Я ў свой час вучылася ў Ніжнім Ноўгарадзе і добра ведаю праваслаўныя харавыя традыцыі. Ганаруся, што наш калектыў працягвае іх на самым высокім узроўні. І гэта не пустыя словы. Летась мы былі запрошаны адкрываць фестываль да 100-годдзя Свірыдава ў Курску, выступілі ў Маскве з камерным аркестрам “Поры году”. А за 35 гадоў існавання калектыву (дадам, што ён быў першым у Беларусі менавіта камерным хорам) паспяхова прайшлі з дзясятак міжнародных конкурсаў, у тым ліку ў Германіі, Польшчы, Эстоніі. І вельмі ўдзячны аргкамітэту “Харавога веча” і Гомельскаму аблвыканкаму, што ў свой юбілейны сезон пабывалі на гэтым цудоўным “спеўным полі”, якое павінна працягвацца і пашырацца.

Жанэта ЯЛФІМАВА, кіраўнік народнага акадэмічнага хору “Мазаіка” Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.А. Рымскага-Корсакава:

— Мабыць, мы яшчэ цалкам не ўсведамляем, якой значнай падзеяй стала цяперашняе “Харавое веча”. Можна разглядаць яго ўнёсак не толькі ў развіццё нацыянальнай культуры і, у прыватнасці, у папулярызацыю харавога мастацтва, але і, шырэй, у выхаванне моладзі сродкамі хору. Для навучэнцаў і студэнтаў вельмі важнай аказалася тая цёплая, нягледзячы на халоднае надвор’е, атмасфера сяброўства і любові, якая панавала ў час падрыхтоўкі і правядзення акцыі. Такія мерапрыемствы папросту неабходны для папулярызацыі не толькі харавых спеваў, але і, галоўнае, самой беларускай песні. Яны садзейнічаюць выхаванню духоўнасці, еднасці нацыі, адданасці агульнай добрай справе.

Міністэрства культуры звярнулася з прапановай, каб мясцовыя ўлады дапамаглі ўдзельнікам акцыі. Сапраўды, нас падтрымаў аблвыканкам, вылучыўшы камфартабельны аўтобус, выдаткаваўшы сродкі на забеспячэнне жыллём і харчаваннем. Хачу падзякаваць за гэта дадаткова, бо ведаю, што так клапаціліся не ва ўсіх рэгіёнах, і некаторыя калектывы былі вымушаны ехаць за свой кошт. Але ніхто, з кім давялося абмяркоўваць вынікі, не пашкадаваў, што выправіўся ў дарогу. Усе вярталіся стомленыя, але задаволеныя. Думаю, гэта падзея яшчэ доўга будзе згадвацца ўдзельнікамі і слухачамі — выключна добрымі словамі.

Вера КАХАНОЎСКАЯ, кіраўнік хору Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага:

— Гэта было грандыёзна і адначасова кранальна — сапраўднае свята мастацтва і духоўнасці. Наш калектыў не абдзелены цікавымі творчымі праектамі. Чаго каштуе адзін толькі ўдзел у оперных пастаноўках, што ладзяцца нашым Маладзёжным музычным народным тэатрам (дадам, што бліжэйшы паказ апошняй па часе прэм’еры — оперы Алега Залётнева “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” — адбудзецца 25 верасня). Але і на такім фоне “Харавое веча” вельмі ўразіла выхаванцаў каледжа. На заняткі, што былі праз дзень пасля свята, яны прыйшлі акрыленымі. Цудоўна, што ўсё здзейснілася. Такія акцыі павінны мець працяг — і паўтарацца даволі часта. Бо гэта сапраўдная падзея ў культурным жыцці краіны.

Жанна РУСАК, кіраўнік народнага хору “Спадчына” Шаркаўшчынскага Цэнтра культуры (Віцебская вобласць):

— У Мінск мы ехалі з самым прыўзнятым настроем. На “Харавое веча” нас запрасіў народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі, з якім нас звязваюць даўнія сяброўскія стасункі. Яго знаны калектыў — Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча — неаднаразова прыязджаў на Віцебшчыну з выступленнямі, а сам Міхась Паўлавіч вельмі часта бывае ў журы музычных конкурсаў і аглядаў розных рангаў: неяк ён нас там і прыкмеціў. Ён і падказаць можа тое-сёе, і з нотамі дапамагчы: нам, да прыкладу, некалькі разоў даводзілася браць песні з рэпертуару яго калектыва. А такія спеўныя зборы, як цяперашняе “Харавое веча”, павінны праводзіцца рэгулярна.

Наш хор “Спадчына” часта бярэ ўдзел у самых розных мерапрыемствах раённага, абласнога, рэспубліканскага маштабу. У маі мы ўжо другі год запар сталі лаўрэатамі рэгіянальнага свята-конкурсу “Браслаўская харавая асамблея”, што праводзіцца ў рамках Міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”. 19 верасня едзем у Даўгаўпілс. Выступленнямі, паўтару, не абдзелены. Але нават пры такой актыўнай канцэртнай дзейнасці тое, з чым мы сутыкнуліся на “Харавым веча”, уразіла вельмі моцна.

Усё было надзвычай урачыста і нязвыкла. Можа, паўплывала і тое, што свята ладзілася ля храма. Але сама атмасфера была скіравана не на арганізацыйныя пытанні (іх, зразумела, хапала), а на ўзнёсласць, адухоўленасць, светлыя думкі і памкненні. А між тым, можна толькі ўявіць, колькі намаганняў трэба было прыкласці, каб хаця б развесці па баках увесь той харавы натоўп: хто адкуль выходзіць, хто куды сыходзіць. Але ўсё было добра арганізавана, скіравана, зрэжысіравана. Ну, а мы, удзельнікі, імкнуліся не падвесці: кожны спяваў з натхненнем і, галоўнае, не толькі голасам, але і сэрцам, усёй сваёй душой.

Наталля КУРЫЛОВІЧ, кіраўнік Заслужанага аматарскага ансамбля народнай песні і музыкі “Бабруйскія музыкі” Цэнтра культуры і адпачынку Ленінскага раёна г. Бабруйска:

— Гэта вельмі маштабнае мерапрыемства пакінула вялікае задавальненне і самыя незабыўныя ўспаміны — адчуць сябе часткай адзінага вялізнага зводнага хору. Асабліва ганарова было выступаць не толькі ў адным канцэрце, але і ў поўным сэнсе слова разам з прафесіяналамі. Асабліва хвалююча было тое, што нават стаялі мы акурат побач з Нацыянальным акадэмічным народным хорам Беларусі імя Генадзя Цітовіча. І разам спявалі дзве песні: “Сядзяць у абдымку ветэраны” Аляксандры Пахмутавай на словы Міхаіла Львова і “Радзіма мая дарагая” Уладзіміра Алоўнікава на словы Алеся Бачылы. Кіраваў гэтым зводным хорам, вядома, шаноўны Міхась Дрынеўскі. Так што ўдзел у “Харавым веча” стаўся для нас яшчэ і дадатковым майстрам-класам. Такія спеўныя святы трэба праводзіць рэгулярна, працягваючы ўжо складзеныя традыцыі і ствараючы новыя.

Уладзімір ЛЯЎКОЎСКІ, мастацкі кіраўнік народнага хору работнікаў культуры “Зараніца” Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (Гомельская вобласць):

— Удзел у “Харавым веча” стаўся для нашага калектыву сапраўдным падарункам: мы ўпершыню ўдзельнічалі ў такой маштабнай акцыі рэспубліканскага разгорту і ўпэўнены, што падобных праектаў павінна быць болей. Так, у нашай краіне існуе добра адладжаная сістэма разнастайных конкурсаў, творчых аглядаў (а “Зараніца” двойчы станавілася ўладальніцай Гран-пры Абласнога агляду-конкурсу харавых калектываў імя легендарнага беларускага хормайстра Таццяны Лапацінай, што праходзіць у Рэчыцы). Але патрэбны не толькі спаборніцтвы, скіраваныя на інтрыгу, хто ж пераможа, але і такія мерапрыемствы, што найперш садзейнічаюць кансалідацыі харавых сіл краіны і ўсяго грамадства.

Тое, як зладжана прайшло “Харавое веча”, сведчыць пра вялікі творчы і арганізацыйны патэнцыял. Многія здзіўляліся, як можна так хутка зрэжысіраваць, гаворачы мовай кіно, “масоўку” агульнай колькасцю ў дзве тысячы чалавек. Можна! І пры гэтым было зроблена так, што ніхто не адчуваў сябе “ў натоўпе” — толькі “буйным планам”, але не паасобку, а разам з паплечнікамі. Такія ж уражанні, ведаю, і ў нашых суседзяў з Турава — поўнае захапленне.

Вальдэмар ЗАХАРКЕВІЧ, кіраўнік Заслужанага аматарскага ансамбля песні і танца “Талака” Лідскіх электрасетак (Гродзенская вобласць):

— Графік двухдзённай паездкі быў напружаны. У першы дзень — дзве рэпетыцыі. У другі — яшчэ адна рэпетыцыя і канцэрт. Стаміліся, але засталіся задаволенымі. Я шмат бываў у Прыбалтыцы, там падобныя харавыя святы маюць даўнюю традыцыю, збіраюць да 30-ці тысяч чалавек. А чым мы горш? Таму можна толькі радавацца, што і ў нас з’явілася штосьці накшталт тамтэйшага “спеўнага поля”.

Замест Р.S. Можна зразумець удзельнікаў: яны бачылі ў харавым свяце такога маштабу адны плюсы. На мой жа погляд, некаторыя праблемы застаюцца пакуль яшчэ нявырашанымі. Праводзячы далейшыя “Харавыя веча”, трэба больш клапаціцца пра побытавыя ўмовы ўдзельнікаў. Усе не маглі змясціцца ў храме, многія пераапраналіся на вуліцы, збіўшыся ў гурток і закрываючы сваімі спінамі астатніх. Малавата было і публікі, бо ведалі пра “Харавое веча” далёка не ўсе. Але тыя, хто там пабываў, упэўнены: калі спеўнае свята стане традыцыйным, куды больш з’явіцца жадаючых не толькі слухаць, але і — спяваць разам!

Больш фота на старонцы газеты "Культура" ў сацыяльнай сетцы Facebook.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"