11 верасня пачаўся чарговы этап кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

11 верасня пачаўся чарговы этап кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — перыяд перадвыбарчай агітацыі і прапаганды. А 16 верасня ў онлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА прыняла ўдзел старшыня Цэнтральнага выбарчага камітэта па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

Онлайн-канферэнцыя была прысвечана ходу прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. Лідзія Ярмошына распавяла, у чым сёлета яе асаблівасці, як ацэньваюць кампанію міжнародныя назіральнікі, наколькі актыўна ўключыліся кандыдаты ў перадвыбарчую агітацыю.

Тым часам да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь працягваюць актыўна рыхтавацца выбарчыя камісіі, пэўная частка якіх па сталай традыцыі працуе і ва ўстановах культуры рэспублікі. У гэтых клубах і бібліятэках падрыхтаваны самыя розныя сацыяльна-культурныя акцыі.

***

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама Валерый Гейхман паведамляе “К”, што амаль палова выбарчых участкаў у раёне размесціцца ва ўстановах культуры: клубах і Цэнтральнай раённай бібліятэцы. І паўсюль ужо падрыхтаваны самыя разнастайныя культурныя мерапрыемствы.

У вёсцы Дабрынь выбаршчыкі будуць галасаваць у мясцовым культурна-спартыўным цэнтры. Старшынёй выбарчай камісіі тут — загадчыца сельскай бібліятэкі Галіна Ракавіцкая, чалавек дасведчаны і адказны.

Для выбаршчыкаў распрацавана вельмі насычаная праграма рознажанравых творчых акцый. Натуральна, святочную атмасферу створаць канцэртныя выступленні лепшых самадзейных калектываў. Будуць ушанаваны тыя маладыя выбаршчыкі, хто ўпершыню прыйдзе на выбарчы ўчастак.

Запланавана таксама і ўручэнне білетаў БРСМ тым юнакам і дзяўчатам, што вырашылі папоўніць шэрагі гэтай грамадскай арганізацыі. Цягам дня ў глядзельнай зале Дабрынскага КСЦ пройдуць і кінасеансы.

Дарэчы, менавіта з Дабрыні 3 ліпеня бягучага года распачалася агульнарэспубліканская акцыя “Майстры мастацтва — працаўнікам сяла”.

***

/i/content/pi/cult/552/12052/2-1.jpg

Святочныя дзеі Дня беларускага пісьменства сталі яшчэ адной падставай нагадаць шчучынцам і гасцям горада пра галоўную дзяржаўную падзею восені. / Фота Аліны Саўчанка

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст