Класік і класікі

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Коласаў дом: павуцінне повязей мемарыяльных музеяў
Казаць пра сталую цікавасць да беларускай літаратуры за мяжой, напэўна, пакуль не выпадае. Але ў плане экспарту свайго “інтэлектуальнага прадукту” Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа можа даць фору многім айчынным таваравытворцам. Акурат цяпер сінхронна працуюць выстаўкі ў Вільнюсе і Санкт-Пецярбургу, наперадзе — Калінінград... Па словах дырэктара ўстановы Зінаіды КАМАРОЎСКАЙ, такая насычаная міжнародная дзейнасць стала ўжо завядзёнкай. Адзін з яе сакрэтаў — уменне выбудаваць паралелі паміж беларускім Песняром і тымі творцамі, што жылі ў іншых краінах ды і ў іншыя эпохі. Зінаіда Мікалаеўна мяркуе, што ў большасці выпадкаў гэта магчыма.

/i/content/pi/cult/552/12051/6-4.jpgПрэамбула: навошта і як

— На пачатку мы імкнуліся наладзіць супрацоўніцтва з музеямі тых літаратараў з іншых краін, якіх з Коласам лучылі сяброўскія стасункі. — кажа візаві. — У большасці выпадкаў гэта атрымлівалася. Мы двойчы вазілі выстаўкі ў Музей Уладзіслава Бранеўскага ў Варшаве, ужо 15 гадоў сябруем з музеем Максіма Рыльскага ў Кіеве... Між іншым, яго будынак, што паўстаў у 1950-х, надзвычай падобны да коласаўскага, нават планіроўка там амаль тая ж.

Але ўрэшце мы адчулі неабходнасць пашыраць кола сваіх міжнародных кантактаў. Прычына тут навідавоку: літаратурна-мемарыяльныя музеі ў наш век не могуць сабе дазволіць варыцца ва ўласным соку. Сам час ставіць перад намі мноства нялёгкіх пытанняў: як прывабіць наведвальнікаў, як заўсёды быць для іх цікавымі ды актуальнымі? Адпаведна, нам неабходна наладжваць абмен досведам ды свежымі ідэямі.

Чатыры гады таму мы вырашылі праводзіць у нашых сценах круглыя сталы з удзелам калег не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Разаслаўшы запрашэнні, адразу зразумелі, што такая ініцыятыва вельмі запатрабаваная: адгукнуліся многія вядомыя літаратурныя музеі. Зразумела ж, такія форумы сталі зручнай магчымасцю для наладжвання кантактаў. У прыватнасці, вельмі добрыя стасункі ў нас усталяваліся з музеямі, прысвечанымі Аляксандру Пушкіну. Тым больш, повязі тут выбудоўваліся самі сабой…

Колас і Пушкін

— Наш класік у сваіх мемуарах згадваў, што яшчэ ў тыя часы, калі ён у вёсцы кароў пасвіў, заўсёды насіў у кішэні томік вялікага рускага паэта. І гэтая асаблівая любоў да творчасці Пушкіна была ў яго праз усё жыццё. Між іншым, Колас знайшоў магчымасць аддзячыць нашчадкам аўтара “Яўгена Анегіна”. Пазнаёміўшыся з імі ў эвакуацыі ў Ташкенце і дачуўшыся пра іх матэрыяльныя цяжкасці, звярнуўся з хадайніцтвам да кіраўніцтва Узбекістана. Дарэчы, гэта быў далёка не адзінкавы выпадак: Колас быў надзвычай шчодрым і чуллівым чалавекам. У прыватнасці, у тым самым Ташкенце ён аказваў дапамогу Ганне Ахматавай, з якой жыў амаль па суседстве.

Можна згадаць яшчэ і такі эпізод. У 1913 годзе Колас нейкі час кватараваў у прадмесці Вільні — у доме, які належыў Каменскім, сваякам жонкі Марыі Дзмітрыеўны. Штодзённы маршрут пісьменніка на Завальную — у рэдакцыю “Нашай нівы” — праходзіў паўз дом сям’і Пушкіных. Мы не ведаем дакладна, ці адчыняў Колас ягоныя дзверы, але гэта падаецца мне больш чым верагодным.

Лёс тых двух віленскіх будынкаў павінен быў скласціся аднолькава, але склаўся па-рознаму. Дом Пушкіных стаў музеем. Мала хто ведае, што ў 1960-я актыўна вялася работа і па стварэнні музея Якуба Коласа ў доме Каменскіх. Быў ужо нават сфармаваны штат, прызначаны дырэктар... Але паколькі сам будынак ладна паеў шашаль, яго вырашылі зруйнаваць. Прычым ацалелыя прадметы інтэр’еру патрапілі менавіта ў фонды Літаратурнага музея Пушкіна. Мы спадзяёмся, што некалі паўстане пытанне аб іх перадачы ў нашы фонды.

І вось акурат цяпер тыя надзвычай каштоўныя экспанаты — падсвечнікі, абраз з сярэбраным акладам, гадзіннік — упершыню дэманструюцца на выстаўцы “Дзядзька ў Вільні”, якую мы падрыхтавалі для вільнюскага Літаратурнага музея Пушкіна. Мы імкнуліся адлюстраваць першыя ўражанні паэта ад наведвання гэтага горада — зразумела ж, вачыма дзядзькі Антося.

Між іншым, выдатныя стасункі наладзіліся ў нас і са знакамітым музеем у Міхайлаўскім. У прыватнасці, летась па нашым запрашэнні ў Мінск прыехалі яго супрацоўнікі, каб цягам дзесяці дзён праводзіць інтэрактыўныя адукацыйныя заняткі для дзяцей. Праект, які быў вельмі запатрабаваны ў школах Мінска, стаў для нас павучальным досведам працы па-за сценамі свайго музея.

/i/content/pi/cult/552/12051/13-2.jpgКолас і Блок

— Яны маглі б сустрэцца на беларускім Палессі, куды Блока прывялі пуцявіны Першай сусветнай, але… трохі размінуліся ў часе. Тым не менш, паралелі паміж творчасцю Коласа (і найперш яго паэмай “Сымон-музыка”) і рускім “сярэбраным стагоддзем” падаюцца зусім не надуманымі.

Як вядома, у беларускага Песняра склаліся і творчыя, і прыяцельскія стасункі з сябрам Блока Сяргеем Гарадзецкім, і дзякуючы гэтаму ў нашых фондах нямала прысвечаных яму матэрыялаў. Імі вельмі зацікавілася дырэктар Музея-кватэры Аляксандра Блока ў Санкт-Пецярбургу. Гэта стала штуршком для заключэння пагаднення і правядзення абменных выставак, адна з якіх працуе ў Пецярбургу акурат цяпер. Яна прысвечана 90-годдзю “Сымона-музыкі” — паэмы, якая, пагадзіцеся, трохі выбіваецца з Коласавай творчасці. Асобны раздзел выстаўкі адлюстроўвае стасункі Коласа з Гарадзецкім: кнігі з аўтографам, лісты, а таксама — малюнкі-экспромты, якія так любіў рабіць рускі паэт і перакладчык. Партрэты Якуба Коласа ў яго выкананні прыцягваюць асаблівую ўвагу пецярбуржцаў.

Колас і Дастаеўскі

— Не так даўно мы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве з Літаратурна-мемарыяльным музеем Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу. Здавалася б, паміж гэтымі літаратарамі няма нічога агульнага. Тым больш, і жылі яны ў розны час. Але калі ўдумацца… Пры ўсёй рознасці двух творцаў, іх аб’ядноўвае псіхалагізм, уменне адлюстраваць псіхалагічны вобраз чалавека. Наогул, я мяркую, што зусім неабавязкова праводзіць выставачныя паралелі паміж блізкімі літаратурнымі з’явамі. Наадварот, параўноўваючы, здавалася б, палярныя постаці, можна прыйсці да цікавых вынікаў.

Нашы кантакты з музеем пачаліся падчас маёй камандзіроўкі ў Санкт-Пецярбург. Я зайшла туды, была прыемна ўражана экспазіцыяй, потым пазнаёмілася з дырэктарам Наталляй Ашымбаевай. Неўзабаве ў нас нарадзілася шмат цікавых ідэй, і ў выніку гэта вылілася ў пагадненне аб супрацоўніцтве.

Між іншым, калегі ладзяць варты пераймання праект — штогадовую Школу Дастаеўскага. Гэта не проста сустрэчы для цікаўных, але сур’ёзны навучальны курс, які доўжыцца ледзь не палову года. Мы таксама падумваем распачаць падобную ініцыятыву — яна вельмі патрэбна для падрыхтоўкі коласазнаўцаў і “новай змены” нашых музейных работнікаў, якія працавалі б менавіта ў гэтым “намоленым” доме. Бо з музейнымі кадрамі, самі ведаеце, цяпер праблема — у тым ліку, і з іх якасцю.

Колас і Данелайціс

— Калінінградскі мастацка-літаратурны музей актыўна развівае міжнародныя сувязі, і наладзіць з ім кантакты было нескладана. У выніку, мы правялі ў яго сцянах выстаўку да стагоддзя Першай сусветнай: “Якуб Колас. Дарогамі вайны”. А наўзамен атрымалі магчымасць паказаць малюнкі Гофмана. Ужо ўвосень супрацоўніцтва працягнецца: у Калінінградзе пройдзе выстаўка “Якуб Колас і рускія пісьменнікі”.

Мастацка-літаратурны музей мае філіял — музей Крысціёнаса Данелайціса ў пасёлку Чыстыя Пруды, што прыблізна ў трох гадзінах язды ад Калінінграда. Здавалася б, паміж літоўскім і беларускім класікамі вельмі цяжка ўсталяваць нейкія повязі — тым больш, яны жылі зусім у розныя эпохі. Але... Я была моцна здзіўлена тым, наколькі “Поры года” Данелайціса перагукаюцца з “Новай зямлёй”. Выстаўку, прысвечаную гэтаму знакаваму твору, мы і павезлі ў Чыстыя Пруды. А наўзамен прынялі выстаўку ў гонар 300-годдзя з дня нараджэння Данелайціса.

Летась я прапанавала дырэктару Літаратурнага музея Майроніса ў Каўнасе правесці супольную выстаўку, прысвечаную адразу тром паэтам — Майронісу, Данелайцісу і Коласу. Першыя дзве постаці былі духоўнымі асобамі, але і наш Пясняр выдатна да іх дапасоўваецца. Бо ўсе яны былі сапраўдныя пастыры і духоўныя настаўнікі свайго народа, што прывівалі яму любоў да роднай зямлі.

— Большасць наведвальнікаў тых замежных літаратурных музеяў, дзе праходзілі нашы выстаўкі, пра Коласа хоць нешта ды ведалі — прынамсі, прозвішча чулі. Але ў нашы задачы ўваходзіць больш падрабязна раскрыць гэту постаць. І мы вельмі рады, калі да нас звяртаюцца з просьбай прывезці ў той самы музей наступную выстаўку.

Разам з тым, для нас гэта яшчэ і нагода даведацца, як жывуць нашы калегі з іншых краін. Прыкладам, ёсць музеі, дзе даўно не рабіўся рамонт, і гэта навідавоку. Але ёсць і тыя, дзе ўмяшальніцтва сучаснасці, наадварот, было занадта агрэсіўным. Шклопакеты, пластыкавыя дзверы і іншыя неадпаведныя той эпосе матэрыялы зусім не спрыяюць захаванню атмасферы роднага дома творцы. Усё гэта мы ўлічвалі падчас правядзення капітальнага рамонту ў нашым музеі. Бо самае важнае — каб наведвальнік, яшчэ толькі адчыніўшы весніцы, меў адчуванне, нібы гаспадар жыве тут пагэтуль.