Што купляюць у беларусаў?

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

Нашы майстры распавялі пра попыт і прапанову на кірмашы ў Любліне
Акрамя таго, што Ягелонскі кірмаш ў Любліне — гэта свята творчасці, магчымасць абмену вопытам між майстрамі, сродак наладжвання дыялогу паміж Польшчай і яе суседзямі з усходу, вельмі істотны камерцыйны бок імпрэзы. Галоўная мэта кірмашу традыцыйна — гандаль. У той жа час некаторыя майстры кажуць, што ў першую чаргу хацелі паказаць выстаўку сваіх вырабаў, прэзентаваць на кірмашы культуру Беларусі. А гандаль, маўляў, — справа дзясятая. Іншыя распавядаюць, што большую частку прывезеных вырабаў распрадалі ўжо ў першы дзень. Неаднаразова адзначалася, што пакупнікоў прываблівае прадавец, апрануты ў традыцыйны строй, ахвочы да размоў. Па суб’ектыўных назіраннях, часта шмат людзей збіралася ля кропак, дзе гандлююць ежай, керамікай, упрыгожваннямі. Некалькі майстроў падзяліліся з “К” сакрэтамі камерцыйнага поспеху сваіх вырабаў.

/i/content/pi/cult/552/12049/12-1.jpgСцепаніда Сцепанюк з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна прыехала разам з майстрамі Раённага дома рамёстваў. Седзячы ў каларытным маларыцкім строі за калаўротам, яна, канечне, звяртала на сябе ўвагу наведвальнікаў кірмашу. З кожным размаўляла, часамі спявала. Апынуўшыся ў такім “кантэксце” людзі больш ахвотна набывалі маларыцкія вырабы. Праўда, цікавіліся пераважна маленькімі рэчамі, сувенірамі. Кошты на саматканыя кашулі ці паясы высокія і для палякаў.

Прадаваліся ж баваўняныя спадніцы на ўзор старых маларыцкіх бурак з шэрсці. Ручнікі новыя гаспадары збіраліся выкарыстоўваць як абрусы.

Цікава, ці пазнавалі людзі Сцепаніду Аляксееўну? Яна ўдзельнічае ў Ягелонскім кірмашы ўжо трэці раз, летась у адным з рэкламных буклетаў была заяўлена як твар гэтай імпрэзы. Сёлета, дарэчы, у буклетах зноў адзначыліся беларускія бабулі: выявай гурта з вёскі Залатуха Калінкавіцкага раёна ілюстравана інфармацыя пра фестываль “Старэйшыя песні Еўропы”, дзе гурт летась выступаў.

Іван Супрунчык з вёскі Цераблічы Столінскага раёна — вядомы майстар драўлянай скульптуры. На Ягелонскі кірмаш ён прывёз фігуркі, зробленыя па каталіцкіх і міфалагічных матывах. Хрыстосы і анёлкі прыйшліся палякам да душы. Поўныя дахрысціянскай філасофіі міфалагічныя выявы разыходзіліся трохі горш, але таксама знайшлі свайго пакупніка.

Вольга Бабурына, майстар выцінанкі з Мінска, параўноўвае Ягелонскі кірмаш з фестывалем “Шматкультурны Люблін”. На кірмашы рамеснікі — галоўныя героі, падчас фестывалю ж адбываецца шмат імпрэз самага рознага плану. Вольга адзначае, што ў Польшчы і ва Украіне нашмат больш майстроў выцінанкі, чым у Беларусі. Прафесійны і мастацкі ўзровень іх вырабаў вельмі высокі.

На Ягелонскім кірмашы ў Вольгі добра разыходзіліся ўсе вырабы: паштоўкі, дзіцячыя цацкі, аздобленыя выцінанкай, закладкі ў кніжкі, завушніцы. Куплялі кніжку “Мая выцінанка”, якую Вольга напісала ў сааўтарстве з Наталляй Сухой. У анову выдання пакладзены матэрыялы, што Вольга рыхтавала для майстар-класаў. Праз беларускую Амбасаду ў Польшчы кніжка была перададзена Нацыянальнай бібліятэцы суседняй краіны.

Наталля Кавалевіч, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра рамёстваў, ткалля, шчыра прызнаецца, што прадае не толькі свае вырабы, а яшчэ і калег. Кажа, што іншыя рамеснікі добра памятаюць яе з мінулага года, не столькі, мабыць, па твары, колькі па работах. Польскія майстрыхі па ткацтве часам падказваюць, што кошты на прадукцыю неадпаведныя: дзесьці вельмі танна, на іншыя вырабы, наадварот, задорага. “Трошку танней — будзе ісці лепш”. Часам узнікаюць складанасці з пераводам коштаў з адной валюты ў іншую.

Вельмі добра прадаюцца вырабы з ільну. Палякі разумеюць, што ручная работа не можа каштаваць танна. Людзі шукаюць, што ім трэба пад пэўны інтэр’ер. І калі знаходзяць, што хочуць, што спадабаецца, то ўжо гатовыя заплаціць досыць шмат. Прыходзіла жанчына з падстаўкай для хлеба. Перамерала ўсе сурвэткі, і тыя дзве, што падышлі, набыла не гандлюючыся.

Пакупнікі цікавяцца птушкамі-абярэгамі са шчапы. Іх робяць у Бярозаўскім раёне ўсяго некалькі майстроў. Для Беларусі такія птушкі ўнікальныя. Рыхтуюцца дакументы для надання тэхналогіі іх вырабу і традыцыям выкарыстання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. Наведвальнікі кірмашу казалі, што падобных птушак рабілі ў некаторых мясцовасцях Польшчы, нават у Люблінскім ваяводстве жыве майстар у гэтай справе.

Марына Марчук з Брэста працуе з выцінанкай, саломай, дапамагае мужу з керамікай. Прыязджае на кірмаш амаль з самага яго аднаўлення, смяецца, што ў іх сям’і прыжыўся слоган “Мы любім Люблін!”. Гэта сапраўднае свята. Людзі вязуць сюды сваіх малых дзяцей, хворых родных, каб усе далучыліся да святочнай атмасферы. Добрая магчымасць для майстроў завязаць кантакты, яны разумеюць адно аднаго, нават калі размаўляюць на розных мовах.

Падабаецца, што на Ягелонскім кірмашы няма кітайскай прадукцыі, толькі майстры з ручнымі вырабамі. Разам з аўтэнтычнымі формамі сустракаюцца рэчы, зробленыя з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, але натхнёныя народнымі рамёствамі. Для майстра, мастака, суседства з кітайскімі, штучнымі, таварамі — неарганічнае.

Цікава назіраць, калі сам майстар прадае свае вырабы. Ён можа пра іх усё распавесці, даць майстар-клас, парады па выкарыстанні. Так і павінна быць, бо так было раней. Выцінанкі — не смалец, за гадзіну не разыйдуцца. Але ў Любліне прадаюцца добра. Польскія дзеці добра рэагуюць на іх, бо разам з Бэтмэнам ды іншымі персанажамі з мультфільмаў ведаюць традыцыйных кагуціка, куру, гуляюцца ў званочкі.

За сем год, што Марына Марчук наведвае Ягелонскі кірмаш, грунтоўна не змяніліся ні наведвальнікі, ні майстры, але стаў іншы сам горад. Раней у гістарычным цэнтры Любліна было больш жылых кватэр, горад віраваў падчас кірмашу сваім звыклым жыццём: нехта сушыў падушкі, дзесьці котка сядзела на вакне. А зараз — усё больш дамоў з зацягнутымі вокнамі, дзе не жывуць людзі, няма і офісаў.

Па размовах стала зразумела, што беларускія майстры ўспрымаюць Ягелонскі кірмаш адначасова і як працу, і як адпачынак. Ёсць магчымасць і зарабіць грошы, і пагуляць па горадзе, і паглядзець на калег з розных краін.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"