Тры паверхі крэатыву

№ 38 (1216) 19.09.2015 - 25.09.2015 г

У Пружанскай ЦРБ імя М. Засіма напярэдадні Дня бібліятэк Беларусі ўпершыню праведзена бібліятэчна-грамадская акцыя “Бібліятэчныя прыцемкі: і жартам, і сур’ёзна”. Гэта былі цэлых чатыры гадзіны весялосці, гумару і задавальнення.

/i/content/pi/cult/552/12048/12-2.jpg

Арт-макіяж ад Марысі Кулецкай.

Людзей на гэта мерапрыемства заклікала вясёлая музыка і голас дыктара: “Усе! Усе! Усе! Спяшайцеся да нас! Бібліятэка сёння ператварылася ў культурны супермаркет. Абавязкова заходзьце!”. На прыступках — увесь калектыў бібліятэкі: хорам агучваецца дэвіз сустрэчы “Я люблю сваю бібліятэку”. Харэаграфічную кампазіцыю выконваюць удзельнікі студыі моды “Папараць-кветка”. Прысутныя спаваюць "Гімн бібліятэкарам”, які стварыла актыўная чытачка, мясцовая паэтка Валянціна Слабада. Потым была гульня-адгадка “Хто ведае лепш за ўсіх сваіх бібліятэкараў?”. Яна прайшла надзвычай аператыўна, што пацвердзіла еднасць бібліятэкараў і чытачоў.

На кожнай пляцоўцы трохпавярховага бібліятэчнага памяшкання адбывалася нешта цікавае і незвычайнае. Першы паверх прыцягнуў увагу юных і маладых: тут былі прапанаваны флэш-тату і арт-макіяж ад народнага майстра Беларусі Марысі Кулецкай і варажба на кнігах у “салоне мадам ля ВООК”. У ролі варажбіткі выступіла бібліятэкар аддзела абслугоўвання Таццяна Шопік.

У вестыбюлі другога паверха наведвальнікі ўдзельнічалі ў гульнях і конкурсах “Восеньскія забавы”, чыталі беларускія байкі і гумарэскі, смяяліся падчас тэатралізаванай пастаноўкі камедыі “Конскі партрэт” Л.Радзевіча ў выкананні драматычнага калектыву Палаца культуры “Сейбіты”.

На трэцім паверсе працавала літаратурная гасцёўня: праходзіла сустрэча з героямі фінала музычнага шоу “Мінута славы”.

Гумар і вясёлыя складнікі вечара, праведзенага з 19 да 23 гадзін разам з наведвальнікамі бібліятэкі, сумяшчаўся з сур’ёзнымі і карыснымі акцыямі. Да канца сустрэчы працавалі ўсе аддзелы. Можна было папрацаваць на камп’ютары, узяць на дом любы часопіс з чытальнай залы (акрамя апошняга нумара), пагартаць старонкі электронных кніг і атрымаць даведку юрыдычнага характару ў цэнтры прававой інфармацыі. У чытальнай зале была арганізавана выстаўка “Па старонках часопісаў мінулых гадоў”.

Многія былі ў бібліятэцы ўпершыню і пастаянна здзіўляліся прафесіяналізму супрацоўнікаў, цёплай і ўтульнай атмасферы, узроўню арганізаванага мерапремства. У выніку 16 наведвальнікаў сталі нашымі чытачамі. Мы, прызнацца, не разлічвалі на вялікую колькасць гасцей, бо адбывалася мерапрыемства ў пятніцу, пасля працоўнага дня. Таму бібліятэчныя мерапрыемствы апошнім часам перамясціліся на сцэну Палаца культуры. А бібліятэчна-грамадская акцыя “Бібліятэчныя прыцемкі: і жартам, і сур’ёзна" спрацуе на далейшае павышэнне іміджу нашай установы і з’явіцца чарговым, але не апошнім крэатыўным мерапрыемствам.

Ніна ШАБУНЯ, галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Пружанскай ЦРБ імя М. Засіма